Фігурнае ваджэнне плюс тэорыя

Спорт

24 красавіка на базе фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў Паставах прайшлі штогадовыя раённыя спаборніцтвы юных інспектараў дарожнага руху.

Сёлета яны былі асабліва прадстаўнічымі: на ФАК прыбылі ажно 12 каманд-удзельніц з усіх гарадскіх школ, гімназіі, Лынтупскай, Камайскай, Навасёлкаўскай, Варапаеўскай, Гуцкай і Дунілавіцкай СШ. У склад кожнай уваходзілі 8 навучэнцаў 5—9 класаў — у асноўным 4 хлопчыкі і 4 дзяўчынкі. Ім трэба было выканаць па тры конкурсныя заданні — здаць фігурнае ва­джэнне веласіпеда на трэку і прадэманстраваць веданне правілаў дарожнага руху і аказання першай медыцынскай дапамогі пацярпелым. Асобна ацэньваліся выпушчаныя школьнікамі тэматычныя насценгазеты.

Пачаліся спаборніцтвы з традыцыйнага пастраення і жараб’ёўкі каманд, пасля чаго ў адпаведнасці з выцягнутым жэрабем адны адправіліся з веласіпедамі на трэк, іншыя — на ФАК здаваць правілы дарожнага руху і медпадрыхтоўку. Як на сапраўдных экзаменах, для вучняў былі падрыхтаваны білеты з 10 пытаннямі ў кожным. У першым выпадку яны датычылі правоў і абавязкаў пешаходаў і веласіпедыстаў, а таксама праезду апошнімі перакрыжаванняў. У другім — аказання першай медыцынскай дапамогі пры парушэннях дыхання, неадкладных сардэчна-сасудзістых і іншых станах, крывацёках, ранах, траўмах галавы, пазваночніка і апорна-рухальнага апарату.

Не ўсе пытанні аказаліся “па зубах” юным інспектарам. Няправільныя адказы на іх караліся штрафнымі баламі, таксама як і памылкі пры праездзе ўдзель­нікамі веладыстанцыі з рознымі відамі перашкод. Сапраўднага майстэрства кіравання веласіпедам патрабавалі “змейка”, “купіны”, “масток”, “вузкі калідор” і іншыя. За правільнасцю выканання элементаў уважліва сачылі інспектары дарожна-патрульнай службы аддзялення ДАІ РАУС В. В. Лапыр і В. А. Гутар. Іншыя заданні ацэньвалі майстар вытворчага навучання кіраванню механічным транспартным сродкам  РАС ДТСААФ М. М. Масінкевіч, фельчар педыятрычнага аддзялення паліклінікі ЦРБ Ж. А. Дунец і прадстаўнікі раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму. Яны ж падводзілі вынікі ў сваіх відах спаборніцтваў.

Так, лепшымі знаўцамі правілаў дарожнага руху сталі Алег Пяткевіч з Навасёлкаўскай СШ і Вераніка Аляхновіч з Гуцкай сярэдняй школы. У веданні аказання першай медыцынскай дапамогі не было роўных гімназістам Эдгару Унтану і Анастасіі Куталёвай. З фігурным ваджэннем веласіпеда найлепш справіліся Уладзіслаў Казлоў з Варапаеўскай СШ і Анастасія Кобзік з СШ №5. У конкурсе насценгазет першае месца прысуджана СШ №4, другое — пятай гарадской школе, трэцяе раздзялілі СШ №3 і Камайская сярэдняя школа. А вось у агульным заліку перамогу святкавалі юныя інспектары дарожнага руху з Дунілавіцкай СШ, якія з года ў год выхо­дзяць пераможцамі гэтых спаборніцтваў. На другім месцы каманда СШ №4, на трэцім — СШ №5. Усе прызёры, акрамя грамат, атрымалі ад арганізатараў падарункі: наборы для тэніса, турыстычныя палаткі, акуляры для падводнага плавання, а таксама тарты і ліманад. Салодкія прызы дасталіся і астатнім камандам-удзельніцам.

Алена ШАПАВАЛАВА. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.