І кансультацыі, і афармленне дакументаў


23 красавіка ў памяшканні адміністрацыйнага будынка Варапаеўскага сельвыканкама было мнагалюдна. Гарпасялкоўцы чакалі прыёму спецыялістаў землеўпарадкавальнай службы райвыканкама і бюро тэхнічнай інвентарызацыі, якія раз у месяц прыязджаюць сюды.

— Людзі прыходзяць з рознымі пытаннямі, — расказвала пазней галоўны спецыяліст землеўпарадкавальнай службы Наталля Віктараўна Базылева. —  Выязныя прыёмы — вялікая зручнасць для іх. Не трэба дабірацца ў райцэнтр, марнаваць час і траціць грошы на дарогу. Сёння прыняла шэсць чалавек. Адны прыходзілі толькі па кансультацыю, іншыя здавалі неабходныя дакументы для афармлення права на карыстанне зямельным участкам. Ёсць і такія, хто па стане здароўя не ў сілах апрацоўваць замацаваную зямлю. Тады прыходзіцца ад яе адмаўляцца і афармляць гэта дакументальна.

Паназірала за прыёмам, які вяла Н. В. Базылева. Наталля Віктараўна цярпліва выслухоўвала кліентаў, правярала неабходныя дакументы, давала тлумачэнні па зададзеным пытанні, раіла, як паступіць у тым ці іншым выпадку.

— Апошнім часам, асабліва ў сельскай мясцовасці, шмат пустых дамоў, — гаварыла спецыяліст. — А значыць, пустуе, зарастае пустазеллем і зямля. Да гаспадароў такіх участкаў прад’яўляем аб’ектыўныя патрабаванні. Калі не дапамагаюць ушчуванні, прыцягваем да адміністрацыйнай адказнасці, штрафуем. Колькасць невыкарыстоўваемых участкаў з кожным годам павялічваецца. Асноўная прычына ў тым, што сельскае насельніцтва старэе, змяншаецца колькасць падсобных гаспадарак. Сумесна з сельвыканкамамі шукаем уладальнікаў пустых дамоў з мэтай устанаўлення іх спадчынных правоў на дамы і зямельныя ўчасткі, якія да іх прылягаюць. Праводзім пастаянную работу і ажыццяўляем пільны кантроль за адабраннем, прадастаўленнем і пераразмеркаваннем зямельных участкаў. Зямля — вялікая каштоўнасць, і адносіны людзей да яе павінны быць адпаведнымі.

Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.