Каб ведаць — трэба чытаць


Дзень 70-ай гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне ў Паставах быў напоўнены святочнымі мерапрыемствамі. Адным з іх стала акцыя “Прачытай кнігу пра вайну — стань бліжэй да подзвігу”, якую ладзіла каля свайго будынка цэнтральная раённая бібліятэка.

Мэтай акцыі было як мага шырэй раскрыць кніжнае багацце бібліятэкі пра Вялікую Айчынную вайну і сфарміраваць актыўны чытацкі інтарэс да мастацкай, даведачнай, энцыклапедычнай літаратуры дадзенай тэматыкі, ваенных мемуараў, нарысаў і інш. Лепшыя іх узоры былі прадстаўлены на выставе, рэкламным слоганам якой сталі словы “Каб памятаць — трэба ведаць, каб ведаць — трэба чытаць”.

Як адзначыла адна з вядучых акцыі, біб­ліятэкар В. У. Гірвель, не толь­кі моладзь, але і людзі старэйшага пакалення, якія выраслі на ваенных кнігах і фільмах, не ўсё ведаюць пра вайну. Нешта замоўчвалася, некаторыя факты былі пад грыфам “Сакрэтна”, пра некаторых герояў мы даведваемся толькі зараз. Запоўніць гэты прабел можна, звярнуўшыся ў бібліятэку. Што датычыць падрыхтаванай выставы, то ўсю прадстаўленую на ёй літаратуру работнікі ўстановы размясцілі па раздзелах “Крэпасць над Бугам”, “Беларусь партызанская”, “Гады акупацыі”, “Гераізм у асобах”, “Змагары Віцебшчыны”, “Шляхі вызвалення”, а загадчыца аддзела абслугоўвання І. Р. Бандарэнка зрабіла для прысутных іх агляд. Яна не толькі расказала пра творы, прысвечаныя розным перыядам вайны, але і прывяла канкрэтныя прыклады мужнасці і гераізму савецкага народа ў барацьбе з ворагам, лічбы статыстыкі, зачытала вытрымкі з дакументальных крыніц.

Напэўна, не ўсе ведаюць, што на акупіраванай фашыстамі тэрыторыі было створана больш за 260 лагераў смерці, у якіх знішчана звыш 1,4 мільёна чалавек. У Беларусі за перыяд акупацыі немцы правялі 140 буйных карных аперацый. Падчас 28 з іх толькі ў 1942—1943 гадах было забіта 70 тысяч чалавек і 380 тысяч вывезена на прымусовыя работы ў Германію. За тры гады акупацыі наша краіна страціла каля трох мільёнаў насельніцтва, разам з жыхарамі былі спалены 628 вёсак, 186 з якіх не адноўлены.

Тэма Вялікай Айчыннай з’явілася ў творах мастацкай літаратуры з самага пачатку вайны і хвалюе чытачоў і пісьменнікаў да гэтага часу. Да яе звярталіся і звяртаюцца сотні аўтараў — празаікаў і паэтаў. Імёны многіх з іх бібліятэкары ўзгадалі падчас акцыі, прадэкламаваўшы некаторыя вершы. А затым патрэніраваць сваю памяць і прыгадаць самыя вядомыя творы пра вайну прапанавалі прысутным. Ім услед за загадчыцай аддзела маркетынгу Н. А. Балошка трэба было прадоўжыць іх назвы.

На выставе была адна экспазіцыя, на якой работнікі бібліятэкі засяродзілі ўвагу ўжо ў канцы мерапрыемства. На ёй размяшчаліся кнігі ваеннай тэматыкі, аб’яднаныя пад назвай “Буккросінг”, што ў перакладзе з англійскай мовы азначае “кнігазварот”. Гэта літаратура, патлумачылі арганізатары, не знаходзіцца на ўліку ў бібліятэцы. Яе можна ўзяць без запісу для чытання самому або перадаць сябрам. Тыя, прачытаўшы, могуць перадаць сваім знаёмым і г.д. А каб арыентавацца ў выбары кніг пра выйну было лягчэй, прысутным раздалі трохкутнічкі і зорачкі з назвамі рэкамендаваных для прачытання твораў.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.