Кожны дзень — рашаючы

Местная власть Сельское хозяйство

Механізатар Аляксандр Яначкін лічыць, што добры настрой — найлепшы памочнік у працы.

— Настрой у механізатараў баявы, спраўная ўся глебаапрацоўчая, пасяўная і іншая тэхніка,  ёсць паліва, насенне, лепшая, чым летась, забяспечанасць мінеральнымі ўгнаеннямі, — так характарызаваў абстаноўку ў веснавым полі галоўны аграном адкрытага акцыянернага таварыства “Кураполле-агра”  Сяргей Уладзіміравіч Астапчук.

Галоўны аграном Сяргей Астапчук і Юрый Усовіч абмяркоўваюць вынікі работы.

Чуць такое было прыемна, бо ў шэрагу гаспадарак  Пастаўшчыны ёсць перабоі з гаруча-змазачнымі матэрыяламі, падводзіць тэхніка, глеба не атрымлівае патрэбнай колькасці пажыўных рэчываў. Засмучае людзей і нясвоечасовая выплата заработнай платы. Курапольцы, на шчасце, усяго гэтага не ведаюць,  працуюць з поўнай аддачай.

— Сказанае не азначае, што мы цалкам задаволены ходам веснавых палявых работ, —  працягваў галоўны тэхнолаг палёў. — Можа,  камусьці цяжка   паверыць, але і напрыканцы красавіка глеба ў многіх месцах у гаспадарцы яшчэ заставалася пераўвільготненай. Нам бы некалькі цёплых сонечных дзянькоў — і сяўбу правялі б на большай частцы планавай плошчы.

У сельгаспрадпрыемстве спа­дзяюцца на сонечнае надвор’е, але не чакаюць яго, бо аптымальныя тэрміны сяўбы зерневых і зернебабовых на зыходзе. Дзякуючы стараннай  апрацоўцы глеба хутчэй паспявае,  у тым ліку і на тых участках, дзе нядаўна была праведзена меліярацыя.

У Васілінах шчыравалі з КЧ-5,1  Павел Болт, Віктар Давыдаў, Дзмітрый Лысёнак, Мікалай Адынец і Сяргей Койра. На рахунку кожнага з іх па тры-чатыры сотні гектараў апрацаванай гэтай вясной глебы, а дзённая выпрацоўка складае цяпер у сярэднім на агрэгат па 20 і  больш гектараў. Нягледзячы на тое, што ўсе стараюцца, перавыконваюць нормы, на іх “наступаюць”  механізатары-сейбіты.  Юрый Усовіч на МТЗ-3022 з АПП-6А  пасеяў ужо каля 400 гектараў яравых, Аляксандр Яначкін, у якога МТЗ-1523 і менш прадукцыйны сеяльны агрэгат “Лемкен”, — больш за 250 гектараў.

Павел Болт, Сяргей Койра, Віктар Давыдаў, Дзмітрый Лысёнак і Мікалай Адынец.

А першым сёлета вывеў у поле сеялку “СПУ-6” Юрый Сівы. Яшчэ ў сакавіку на 440 гектарах азімых ён падсеяў шматгадовыя травы. Цяпер закладвае насенныя ўчасткі на пасевах ячменю. Выканаў  работу  на 110 гектарах. Увогуле, адносіны да шматгадовых траў у гаспадарцы асаблівыя, бо “Кураполле-агра” мае статус насенняводчага сельгаспрадпрыемства. З  ранняй вясны  на ўсёй  плошчы травы былі  падкормлены азотнымі ўгнаеннямі.

Пажыўныя рэчывы ўнесены таксама на 990 гектарах сенакосаў і пашы. У другі раз вядзецца падкормка азімых зерневых, якія нядрэнна перазімавалі на ўсёй 1000-гектарнай плошчы. Гэта радуе, бо вясной мінулага года з азімымі было шмат клопатаў. На вялікай плошчы яны загінулі, а зрэджаныя пасевы давялося выкарыстаць на кармавыя мэты. Сёлета азімыя пры спрыяльных кліматычных умовах павінны даць добры ўраджай.

На веснавых  работах непасрэдна ў полі кожны дзень занята ў сярэднім да паўтара дзясятка чалавек. Не так і шмат. А вось аб’ём работы дзякуючы майстэрству, старанню і матэрыяльнай зацікаўленасці механізатары  выконваюць вялікі. Вышэй былі названы гектары, прозвішчы тых, хто непасрэдна звязаны з сяўбой. Выдатна працуюць і іншыя. У красавіку, напрыклад, механізатар Мікалай Ворсін на 1700 гектарах падкарміў на “Дзвіне” зерневыя і рапс, шматгадовыя травы, а таксама амаль на паўтысячы гектараў правёў хімічную апрацоўку азімых зерневых. Спорыцца работа і ў Анатолія Чарэнкі, Паўла Шуканава, Максіма Собалева і іншых.

Вельмі цёпла гаварыў пра механізатараў і ўсіх, хто сёння ў адказе за ўраджай,  дырэктар сельгаспрадпрыемства Сяргей Васільевіч Чэпік. Ён, у прыватнасці,  адзначыў, што людзі зацікаўлены ў выніках сваёй працы, не лічацца з часам, калі трэба, то прыходзяць на дапамогу адзін другому.

Тэкст і фота  Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.