Людзі гуманнай прафесіі


12 мая ва ўсім свеце адзначаўся Міжнародны дзень медыцынскай сястры. Ушаноўванне прадстаўнікоў адной з самых гуманных прафесій нашага часу прайшло і ў 1-ым ваенным шпіталі органаў пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь.

9 мая ваенныя медыкі і цывільны персанал установы прынялі актыўны ўдзел у мерапрыемствах, прысвечаных 70-годдзю Вялікай Перамогі. А праз лічаныя дні ў шпіталі адбылася яшчэ адна ўрачыстасць, прымеркаваная да Міжнароднага дня медыцынскай сястры. Адкрываючы яе, намеснік начальніка шпіталя па ідэалагічнай рабоце падпалкоўнік Ю. Ч. Дунец падкрэсліў, што лячэбныя і іншыя ўстановы аховы здароўя  немагчыма ўявіць без медыцынскіх сясцёр. Толькі ў 1-ым ваенным шпіталі іх працуе больш за 80. Гэта ў асноўным сапраўдныя прафесіяналы. Выконваючы ўсе назначэнні ўрачоў, праяўляючы цеплыню і нераўнадушныя адносіны да пацыентаў, медыцынскія сёстры  тым самым садзейнічаюць працэсу хутчэйшага выздараўлення хворых, дапамагаюць ім пераадольваць трывогі і хваляванні. Толькі добрыя водгукі пра іх можна пачуць у тэрапеўтычным, хірургічным, неўралагічным і іншых аддзяленнях.

Ю. Ч. Дунец зачытаў загад начальніка шпіталя аб заахвочванні медыцынскіх сясцёр у гонар іх свята. Ганаровымі граматамі камандавання ўзнагароджаны Р. Г. Вярцінская, Н. М. Гутар, Н. Г. Долман, Н. Д. Краўжуль, Е. А. Юхно. Сямнаццаць  медработнікаў атрымалі грашовыя прэміі, сарака двум аб’яўлены па­дзякі.

Графік работы ў медыцынскіх сясцёр такі, што многія з іх у гэты дзень не дзяжурылі, праводзілі клініка-дыягнастычныя даследаванні, працавалі ў прыёмным аддзяленні, выконвалі іншыя функцыі. А для прысутных у клубе шпіталя прагучала яшчэ і шмат музычных падарункаў, якія падрыхтавалі ўдзельнікі ваеннага аркестра і калектыў мастацкай самадзейнасці Смаргонскай пагранічнай групы. Яны віншавалі медыкаў і з надыходзячым Днём пагранічніка.

Пётр КУРЫЛОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.