Мы перажылі страшнае


Семдзесят чатыры гады мінула, а першыя дні Вялікай Айчыннай вайны, сведкам якіх я быў, помняцца да драбніц, хоць і было мне тады каля васьмі гадоў. Жылі мы ў вёсцы Збрадовічы Полацкага раёна. Ранкам у гадзін дзевяць-дзесяць ці то 23, ці то 24 чэрвеня пачулі, як равуць маторы самалётаў, а потым пачалася страляніна. Убачылі двухматорны бамбардзіроўшчык з чырвонымі зоркамі. Яго дагнаў нямецкі знішчальнік і падбіў. Самалёт задыміўся і ўпаў на невялікае льняное поле. Гэты ж знішчальнік падбіў і другі наш самалёт, які ўпаў на некалькі кіламетраў далей.

Жыхары нашай вёскі, малыя і старыя, пабеглі да ўпаўшага самалёта. Карціна была страшная: малады лётчык ляжаў нежывы. Парашут быў пагашаны, прастрэлены, а лётчык атрымаў смяротную траўму ў жывот. Целы яшчэ двух дагаралі ў самалёце…

Неўзабаве пад’ехала “Эмка”. З машыны выйшаў ваенны. Ён забраў дакументы забітага лётчыка, сказаў, што яго ведаў, бо быў інструктарам па лётна-баявой падрыхтоўцы ў вучылішчы. Праз гадзіну-дзве з’явіліся нашы знішчальнікі, зрабілі некалькі кругоў і паляцелі. Забітага пілота пагрузілі на павозку, накрылі парашутам і пахавалі з ваеннымі ўшанаваннямі воддаль дарогі, пад сасной на вясковых мо­гілках. Маёр даў указанне зачасаць дрэва і напісаць прозвішча і імя лётчыка.

Наша мясцовасць была акупіравана 25 ці 26 чэрвеня. Пачаліся расстрэлы, немцы і паліцаі забівалі або зажыва палілі людзей, знішчалі ўсё навокал. Многія з нашай вялікай радні загінулі. Маміна сястра і пляменніца з дзецьмі па прозвішчы Зінькевіч расстраляны фашыстамі і паліцаямі ў балоцістым месцы Застрасценне Полацкага раёна. У адной магіле ляжаць Станіслаў і Браніслава Зінькевічы, іх дачка Франя Дворнікава і яе два маленькія сыны, Мальві­на Рэйер з дачкой, нашы аднавяскоўкі дачка і маці Лазоўскія. Фактычна ўся сям’я Зінькевіч перастала існаваць. Яшчэ два іх сыны Анатоль і Іван загінулі ў першыя дні вайны. Дзе яны пахаваны, невядома да гэтай пары. Браты маёй маці Станіслаў і Мадэст Рэйеры загінулі на фронце. Па некаторых звестках, Станіслаў — у Літве, Мадэст — ва Усходняй Прусіі. Мы выжылі цудам, але перажылі страшнае.

Пасля блакады 1943 года людзей з навакольных вёсак сагналі ў вёску Святлічышча недалёка ад станцыі Гараны, дзе быў нямецкі гарнізон. Голад, холад, хваробы. Жылі ў хлявах, лазнях, за калючым дротам, пухлі з голаду. У гэтым гарнізоне перафарміроўвалі нямецкія часці. Нас, дзяцей, прымушалі выконваць для акупантаў розныя гаспадарчыя работы, рамантаваць дарогі. У пачатку сакавіка тых, хто быў мацнейшы, пачалі вывозіць у Германію і Прыбалтыку. Брат маёй маці Мадэст трапіў да баўэра ў мястэчка Турмонт у Літве. Аслабленых пагрузілі ў машыну і вывезлі ў Полацк. Жылі ў нейкай цаглянай пабудове з голымі сценамі, ад тыфу і іншых хвароб паміралі дзясяткамі. Мама выжыла, мы з сястрой Аляй не захварэлі. Праз некаторы час умовы сталі трохі лепшымі: спалі па некалькі чалавек на ложках, але і вашывасць была. Тых, хто ачуняў пасля гэтага кашмару, пагрузілі на падводы, павезлі ў пасёлак Грамошча Полацкага раёна. Там жылося крыху лепш, давалі нават трохі аржаной мукі, з якой мы рабілі квас і што-небудзь паесці. Дзякуючы гэтаму і выжылі.

Другога ліпеня 1944 года ўсіх, хто знаходзіўся ў гэтай зоне (каля двухсот чалавек), немцы сагналі да будынка былой сярэдняй школы і паведамілі, што ночу забілі двух вартавых. Далі тры мінуты, каб указалі на тых, хто мае сувязь з партызанамі, паставілі варту, кулямёты. Я пачуў, як паліцаі гаварылі між сабой, што будзе цікава паглядзець, як паляцяць чарапы. Але ў гэты час пад’ехала легкавая машына з афіцэрамі. Адзін з іх дастаў з папкі ліст паперы і на рускай мове зачытаў паведамленне пра тое, што абвінавачванне з нас здымаецца, і даў загад разыходзіцца. Як высветлілася потым, немцы ўжо трапілі ў акружэнне, і камандаванне перадавых часцей Савецкай Арміі прад’явіла ім ультыматум: у выпадку нашага расстрэлу ў палон іх браць не будуць, а знішчаць усіх. Вызваленне прыйшло 4 ліпеня 1944 года.

Пасля гэтых падзей дабраліся да сваёй вёскі. Усё было знішчана. Тое, што прыхавалі, закапалі ў зямлю, нехта знайшоў і забраў. Засталіся ні з чым. З навакольных вёсак не спалілі толькі Святлічышча, дзе размяшчаўся нямецкі гарнізон. Там некаторы час мы і жылі. Галадалі, дакументаў не мелі, не ведалі, што будзе далей. Старшыня мясцовага сельскага Савета выдаў нашай маці даведку і параіў прабірацца ў Заходнюю Беларусь, бо інакш прападзе разам з дзецьмі. У Глыбокім жылі далёкія сваякі. Дабіраліся да іх цяжка, рознымі шляхамі. Нейкі час пажылі там, але ж хто бу­дзе нас траіх карміць? І цесна было. Пайшлі шукаць свой хлеб: калі хто даваў за ежу і дах над галавой якую работу, там і спыняліся. У 1949 годзе нас прынялі ў калгас. І пачалося ўжо іншае жыццё.

Можа, хто прачытае мае ўспаміны (хоць і не зусім паслядоўныя — уплывае ўзрост) і ўспомніць падзеі, пра якія расказаў, па­дзеліцца тым, што ведае. Мой хатні тэлефон 5-75-23, маб. 895-02-08. Іван Ігнацьевіч Мардвін.

І. МАРДВІН, в. Куніцкія,

Казлоўшчынскі сельсавет.    



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.