На Дубку будзе наваселле

Общество

Раман Шалякін і Валерый Шымко.

Усе, хто ў першыя дні мая праязджаў праз Азёркі, не мог не звярнуць увагі  на ажыўленне, якое панавала ў зоне адпачынку возера Дубок. Тут  шчыравалі работнікі  лясгаса, за якім рашэннем райвыканкама замацавана гэта прыгожае месца. Яго даўно ўпадабалі пастаўчане.

Непадалёк возера, на пагорку, сярод стромкіх сосен і разгалінаваных елак, узвышалася некалькі альтанак, дзе можна              было схавацца ад спякотнага сонца, падсілкавацца ў цяньку, адпачыць у кампаніі сяброў. Але з цягам часу яны страцілі свой выгляд, патрабавалася абнаўленне.

Альтанкі, вырабленыя варапаеўцамі і старадворцамі.

— Спачатку планавалі паэтапна абнаўляць гэту зону адпачынку, —  расказваў намеснік дырэктара лясгаса па ідэалагічнай рабоце А. М. Іванькоў. —  Але потым вырашылі, не адкладваючы на пасля,  правесці работы ў большым аб’ёме. Лясніцтвы атрымалі заданні па будаўніцтве альтанак, абсталяванні вогнішчаў, кантэйнернай пляцоўкі для збору смецця і іншых малых збудаванняў. Трэба сказаць, што ўсе вельмі адказна і, галоўнае, творча падышлі да справы.

За лічаныя дні былі знесены амаль усе старыя альтанкі  і ўстаноўлена шэсць новых  рознай канфігурацыі і памераў. Першымі  здалі свае збудаванні, якія нагадваюць узнятыя ветразі, Варапаеўскае і Старадворскае лясніцтвы. Следам за імі  завяршылі работу камайцы Генадзій Шылько, Сяргей Белавусаў і Часлаў Лявіцкі.

Генадзій Шылько, Сяргей Белавусаў і Часлаў Лявіцкі.

— Паўтара кубічных метра піламатэрыялаў, тры дні стараннай працы — і наша альтанка, пабудаваная па ўласным праекце, гатова прыняць адпачывальнікаў, — адзначыў Часлаў Лявіцкі. — Стараліся для людзей. Спадзяёмся, што і яны “па-людску” аднясуцца да нашай работы.

Над альтанкай Груздаўскага лясніцтва, зробленай  з абпаленай драўніны, горда ўзвышаецца сава, вырабленая Валерыем Шымко, які прафесіянальна займаецца разьбой па дрэве. Разам з Раманам Шалякіным яны, акрамя альтанкі,  акуратна абсталявалі вогнішча, месца для складзіравання дроў, масіўную лаўку, скрынку для смецця. Атрымалася прыгожа і арыгінальна. А вось наколькі на­дзейна, будзе цалкам залежаць ад адпачывальнікаў.

Рыхтавалі да здачы сваю, непадобную на іншыя альтанку і дунілавіцкія работнікі лесу Аляксандр Таяновіч, Віталій Максімовіч і Андрэй Прыходзька. Яны таксама пастараліся.

Альберт Туронак, Сяргей Ліпніцкі і Алег Цыунель з Пастаўскага лясніцтва змайстравалі альтанку ў выгля­дзе аўтамашыны. Яна размешчана на самым бачным месцы і, несумненна, выкліча вялікую цікавасць у дзяцей. Непадалёк  вады “вырас” грыбок з лаўкамі, з’явілася кабіна для пераадзявання. Завезены слупы для абсталявання пляцоўкі для пляжнага валейбола.

Словам, да пачатку купальнага сезона ўзбярэжжа возера Дубок набудзе больш сучасны добраўпарадкаваны выгляд. Застаецца толькі захаваць яго і прыемна адпачываць.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА. 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.