На Спартакіядзе Саюзнай дзяржавы

Спорт

Васілій Мікітавіч Грантоўскі і Леанід Сцяпанавіч Жук з футба­лістамі каманды “ПМЦ”.

З 28 красавіка па 3 мая ў Брэсце ў рамках штогадовай Спартакіяды Саюзнай дзяржавы  праходзіла  спартакіяда сярод дзяцей і падлеткаў “Скураны мяч”.

 У горад над Бугам у складзе 12 каманд прыехала 168 спартсменаў 2003-2004 гадоў нараджэння.  Расійскую Федэрацыю прадстаўлялі юныя футбалісты Цвярской, Тульскай, Тамбоўскай, Смаленскай, Іванаўскай і Уладзімірскай абласцей, Рэспубліку Беларусь — каманды г. Мін­ска, Мінскай, Брэсцкай, Магілёўскай, Віцебскай і Гродзенскай абласцей.

 

Урачыстая цырымонія адкрыцця Спарта­кіяды праходзіла ў Палацы спорту “Вікторыя”.  Футбалістаў, трэнераў і балельшчыкаў у ліку іншых вітала начальнік Дэпартамента сацыяльнай палітыкі і інфармацыйнага забеспячэння Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы М. П. Леўчанка. Яна зачытала прывітанне дзяржаўнага сакратара Саюзнай дзяржавы Г. А. Рапоты, адрасаванае арганізатарам і ўдзельнікам спаборніцтваў.

За нашу краіну, як адзначалася вышэй, выступалі зборныя каманды Мінска і абласцей. І толькі Віцебская цалкам была прадстаўлена футбалістамі “ПМЦ” (Паставы) на чале з галоўным трэнерам Васіліем Мікітавічам Грантоўскім. Гэта ўскладвала на рабят вялікую адказнасць і адначасова мела свае перавагі: яны добра ведаюць адзін аднаго, згуляліся між сабой.

Пасля жараб’ёўкі каманды былі размеркаваны на дзве групы  — “А” і “Б”. Наша трапіла ў групу “А”. Пастаўчане (а гульні праводзіліся па кругавой сістэме ў адзін круг) перамаглі аднагодкаў з Тульскай вобласці з лікам 6:0, Іванаўскай — 1:0, Мінскай — 5:0 і ўступілі з аднолькавым лікам 0:3 футбалістам Тамбоўскай вобласці і горада Мінск, якія занялі ў групе “А” адпаведна першае і другое месцы,  каманда “ПМЦ” стала трэцяй.

Цікавымі атрымаліся стыкавыя гульні, падчас якіх вызначыліся прызёры  спаборніцтваў, канчатковыя месцы ў турнірнай табліцы. Пераможцай Спартакіяды стала каманда Тамбоўскай вобласці, другое месца занялі магіляўчане, трэцяе — каманда Мінска, чацвёртае — Брэсцкай вобласці.

Пастаўчане з гродзенцамі змагаліся за 5-6-ае месцы. Асноўны і дадатковы час матча закончыўся ўнічыю — 0:0. Усё вырашылася ў серыі пенальці. Нашы хлопчыкі перамаглі з лікам 3:2. Каманда “ПМЦ” заняла  пятае месца, апярэдзіў­шы футбалістаў з сямі рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

Футбалісты і трэнеры атрымалі ад арганізатараў Спартакіяды Саюзнай  дзяржавы памятныя сувеніры, а Міні­стэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь падарыла наборы футбольнай экіпіроўкі (два камплекты гульнёвай формы, спартыўныя касцюмы, вятроўкі, красоўкі, бейсболкі, сумкі) і цалкам аплаціла ўсе расходы, звязаныя з паездкай на турнір.

— Спартакіяда Саюзнай дзяржавы для дзяцей і юнацтва праводзіцца штогод,  пачынаючы з 2003 года,  Міністэрствамі спорту і турызму Беларусі і Расіі пад патранажам Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы і Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, — адзначыў кіраўнік дэлегацыі, намеснік дырэктара Пастаўскага фізкультурна-спартыўнага клуба Л. С. Жук. — Наша каманда абараняла на ёй гонар краіны і выступіла годна, бо ў турніры ўдзельнічалі сапраўды моцныя. Спартакіяда каштоўная не толькі ў спартыўным плане. Яна праходзіла напярэдадні 70-годдзя Вялікай Перамогі. Рабяты з хваляваннем наведалі Брэсцкую крэпасць-герой. Вельмі карысным атрымалася знаёмства са спартыўнымі аб’ектамі горада. Незабыўныя ўражанні засталіся ад ўрачыстага адкрыцця і закрыцця прадстаўнічага турніру.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.