Наперадзе новы праект


20 мая Паставы наведала афіцыйная дэлегацыя супрацоўнікаў Рокішскага края­знаўчага музея. Мэтай яе прыезду была рэалізацыя сумеснага праекта заахвочвання турызму па абодвух баках граніцы Літвы і Беларусі.

Афіцыйна праект стварэння новага турыстычнага трансгранічнага маршруту, які ўключаў у сябе рэканструкцыю палаца Тызенгаўзаў, быў закончаны бакамі летам мінулага года. У рамках Міжнароднага фестывалю “Звіняць цымбалы і гармонік” адбылося адкрыццё філіяла музея ў палацы. І цяперашні візіт быў прысвечаны знаёмству з яго работай, з тым, як развіваецца экспазіцыя, чым яна папоўнілася.

— Літоўскія партнёры былі прыемна здзіўлены, што за апошні год у нашым музеі вельмі многае змянілася, з’явіліся новыя экспанаты і экспазіцыі, — расказваў намеснік старшыні райвыканкама Ю. М. Кісялёў. — Яны станоўча ацанілі работу музейшчыкаў і ўнеслі свае прапановы па далейшым развіцці ўзаемадзеяння ў частцы аднаўлення гісторыка-культурных каштоўнасцей, якія датычаць роду Тызенгаўзаў. У ходзе сустрэчы былі абмеркаваны перспектывы супрацоўніцтва ў рамках міжнароднай тэхнічнай дапамогі. Да гэтай тэмы вырашана вярнуцца ўжо ў бліжэйшы час. На фестываль у Паставы прыбудзе афіцыйная дэлегацыя прадстаўнікоў самакіравання Рокішскага раёна. У яе складзе будуць спецыялісты аддзела інвестыцый і развіцця, якія непасрэдна займаюцца рэалізацыяй праектаў. З імі мы правядзём перагаворы і канкрэтна абмяркуем магчымыя перспектывы супрацоўніцтва і ўваходжання ў новы праект.

Што ляжа ў яго аснову, пакуль невядома. Але, па словах Юрыя Мікалаевіча, ён адназначна будзе датычыць гісторыка-культурнага складальніка, які аб’ядноў­вае пастаўскі і рокішскі рэ­гіёны. Не выключана, што гэта стане працягам папярэдняга праекта, але ў некалькі іншым кірунку. Магчыма, будзе звязаны з развіццём музейнай экспазіцыі або з далейшай рэканструкцыяй гісторыка-культурных каштоўнасцей як у Паставах, так і ў Рокішкісе, актывізацыяй турыстычнай дзейнасці. У любым выпадку кіраўніцтва раёна спа­дзяецца на добрую перспектыву ў частцы працягу супрацоўніцтва з літоўскімі партнёрамі і атрымання дадатковых інвестыцый з Еўрасаюза ў культурную і турыстычную сферы.

У складзе дэлегацыі з Літвы было некалькі супрацоўнікаў музея, якія ўпершыню прыехалі ў Паставы. Таму ім было цікава паглядзець не толькі наш музей, але і горад, яго славутасці. Для іх гаспадары правялі экскурсію па райцэнтры. Госці засталіся прыемна ўражаныя прыгажосцю і самабытнасцю Пастаў, тым, што ў нас захавалася шмат гісторыка-культурных каштоўнасцей, адзначылі падабенства двух гарадоў перш за ўсё ў архітэктурным стылі.

Алена ШАПАВАЛАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.