Не старэюць душой ветэраны

Культура

Гэты год юбілейны і для нашага хору ветэранаў вайны і працы — яму спаўняецца 35. У 1979-ым начальнік Дома афіцэраў Генадзь Барысавіч Шышкін арганізаваў клуб ветэранаў вайны “Пераможца”, які пазней перайменавалі ў “Памяць”. З моманту стварэння была арганізавана прапагандысцкая група з ліку франтавікоў, якія мелі багаты баявы вопыт, маглі ўмела і даступна расказаць моладзі пра вайну. А такіх было нямала, бо клуб аб’яднаў былых салдат, партызан, медсясцёр, граматных камандзіраў часцей рэгулярных падраздзяленняў Савецкай Арміі і партызанскіх атрадаў, якія дзейнічалі ў гады вайны на тэрыторыі Беларусі.

З цягам часу, акрамя гутарак пра вайну, дыялогу з моладдзю, члены клуба сталі спяваць песні ваенных гадоў, што ўспрымалася кранальна і натуральна. У выніку ў 1980 годзе пры клубе арганізаваўся хор ветэранаў вайны. Год за годам калектыў удасканальваўся, павышаў сваё выканальніцкае майстэрства, пачаў выступаць з канцэртамі не толькі ў навучальных установах (як было задумана спачатку), але і на прадпрыемствах, у арганізацыях, сельскіх клубах. Да 1996 года ён быў адзі­ным у Беларусі хорам, які складаўся толькі з ветэранаў вайны. Выступалі з канцэртамі ў сваім горадзе, раёне, многіх раённых цэнтрах вобласці, у Літве, неаднаразова — на сталічнай сцэне. Ніводнага агляду-конкурсу ветэранскіх калектываў не абыходзілася без нашага ўдзелу. Неаднаразова станавіліся пераможцамі, за што атрымлівалі дыпломы, Ганаровыя граматы. У 1988 годзе хору было прысвоена званне “народны”, якое мы нязменна пацвярджаем.

У рэпертуары хору каля сотні песень ваенных гадоў, патрыятычных і лірычных, у тым ліку такія, як “Песня аб Паставах”, “Слухайце хор ветэранаў”, “Сёння мы — ветэраны” і іншыя. Словы і музыку да многіх з іх напісаў Генадзь Барысавіч Шышкін, які на працягу 18 гадоў быў нязменным кіраўніком. Нястомны ў працы, шчыры, самаадданы, сапраўдны прафесіянал у сваёй справе, шматгранны чалавек, ён усяго сябе прысвяціў клубу “Памяць”.

З 1999 года хорам кіруе вельмі таленавіты чалавек Павел Пятровіч Рагіня, які працягвае закладзеныя пры яго стварэнні традыцыі. Многія гады плённа працуе з харыстамі музычны акампаніятар Аляксей Конанаў. У цяперашні час у хоры няма ніводнага ўдзельніка вайны, ён не такі шматлікі, якім быў спачатку. Мала ў нас мужчын, але ўсе, хто прыходзіць у калектыў, з ім не развітваюцца, а калі і пакідаюць, то толькі па стане здароўя.

Усе ўдзельнікі хору — людзі адказныя, улюбёныя ў песню. Калі па нейкай прычыне не могуць прыйсці на рэпетыцыю, тэлефануюць, паведамляюць, просяць прабачэння і гавораць, што з нецярпеннем чакаюць наступнай сустрэчы. Нядаўна хор папоўніўся выканаўцамі з правільна пастаўленымі галасамі, граматнымі ў музыкальным плане, спецыялістамі-вакалістамі, якія скончылі музычныя студыі і школы, установы культуры і адукацыі. Гэта Марына Вавілаўна Ніканава, Ганна Арсеньеўна Балаш, Таццяна Анатольеўна Сабецкая, Святлана Лукінічна Аліхвер, Тэрэса Іосіфаўна Нікіпяровіч. Усе яны вельмі адкрытыя, пазітыўныя, добрасардэчныя, лёгка ўліліся ў наш дружны згуртаваны калектыў.

Карыстаючыся выпадкам, запрашаю ўсіх жадаючых у хор ветэранаў. Мы займаемся два разы ў тыдзень у памяшканні дзіцячай бібліятэкі імя У. Дубоўкі. Званіце на нумар 4-58-30. Далучайцеся!

Віншую ўсіх удзельнікаў хору, прыхільнікаў нашага калектыву з юбілеем і са святам Вялікай Перамогі, жадаю моцнага здароўя, поспехаў ва ўсіх справах і радасці ў сем’ях, бадзёрасці, аптымізму, шчасця.

Т. КАЗАКЕВІЧ, старшыня

 клуба ветэранаў “Памяць”.

Фота з архіва клуба і Пятра КУРЫЛОВІЧА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.