«Пастаўскі край» — у ліку лепшых

Спорт

 

16 мая па ўсёй краіне праводзіліся розныя мерапрыемствы, прысвечаныя Дню работнікаў фізічнай культуры і спорту. У Віцебску пляцоўкай для спартыўна-мастацкага свята стала пойма ракі Віцьбы.

Адкрываючы мерапрыемства, да ўсіх прысутных звярнуўся начальнік упраўлення спорту і турызму Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Васіль Аляксеевіч Захарэвіч, які разам з намеснікам старшыні Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэта Пятром Мікалаевічам Падгурскім быў запрошаны для ўрачыстага адкрыцця спартыўнага свята:

— У першую чаргу хачу павіншаваць з прафе­сійным святам настаўнікаў фізічнай культуры, трэнераў і спартсменаў, а таксама тых, хто мае дачыненне да заняткаў фізкультурай і спортам. Не сакрэт, што менавіта яны робяць нас здаровымі і фізічна прыгожымі. Жадаю шчасця, здароўя, сямейнага дабрабыту і новых спартыўных дасягненняў, — адзначыў В. А. Захарэвіч. — Хачу, каб усе ўдзельнікі спаборніцтваў ведалі, што незалежна ад вынікаў перамогу ўжо атрымаў здаровы лад жыцця.

Шматлікіх удзельнікаў спартыўнага свята чакалі спаборніцтвы па міні-футболе, валейболе, дартсе, армрэслінгу, перацягванні каната, гіравым спорце, блок забаўляльных і спартыўных гульняў.

Таксама ў рамках спартыўна-мастацкага свята адбылося ўзнагароджанне пераможцаў абласнога конкурсу сярод сродкаў масавай інфармацыі па лепшым асвятленні ў 2014 годзе пытанняў алімпійскага руху, спорту і здаровага ладу жыцця ў раённых газетах. Узнагароды журналістам уручыў В. А. Захарэвіч, ён жа з’яўляецца і дырэктарам Прадстаўніцтва Нацыянальнага алім­пійскага камітэта Рэспублікі Беларусь у Віцебскай вобласці. Сярод прызёраў і рэдакцыя раённай газеты «Пастаўскі край», якая заняла ў конкурсе другое месца.

Мінулы год быў вельмі насычаным на спартыўныя падзеі сусветнага маштабу. Самыя значныя з іх — чэмпіянат свету па хакеі, які праходзіў у сталіцы Беларусі, удзел футбалістаў БАТЭ ў групавой стадыі Лігі чэмпіёнаў, выдатнае выступленне нашых спартсменаў на Зімовых алімпійскіх гульнях у Сочы. Усе яны асвячаліся і на старонках нашай газеты. Аднак самае значнае месца ў раёнцы надавалася дасягненням мясцовых спартсменаў: валейбалістаў, футбалістаў, каратыстаў, плыўцоў, лёгкаатлетаў, удзельнікаў спаборніцтваў па летнім і зімовым мнагаборстве. Без вашых перамог, шаноўныя, не было б і нашай. Жадаем вам і ў далейшым пакараць усё новыя і новыя вяршыні, якія абавязкова знойдуць адлюстраванне на старонках «Пастаўскага краю».

Вераніка ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.