Пастаўскія СМІ “засвяціліся” ў вобласці


5 мая ў аблвыканкаме адбыўся ўрачысты прыём, прысвечаны Дню друку і Дню работнікаў радыё, тэлебачання і сувязі. Старшыня абласнога выканаўчага камітэта Мікалай Мікалаевіч Шарстнёў павіншаваў журналістаў, паліграфістаў, работнікаў паштовай і электрасувязі, “Саюздруку” з прафесійнымі святамі і ўручыў узнагароды пераможцам абласнога творчага конкурсу друкаваных сродкаў масавай інфармацыі на прэмію імя Ф. Скарыны і электронных — на прэмію “Віцязь”.

Прыемна, што ў ліку пераможцаў — пастаўскія журналісты. Калектыў рэдакцыі “Пастаўскага краю” заняў трэцяе месца сярод раённых газет вобласці і адзначаны Дыпломам абласнога выканаўчага камітэта і грашовай прэміяй, калектыў рэдакцыі тэле­праграмы “Паставы-ТБ” — другое месца сярод электронных СМІ і таксама ўдастоены Дыплома абласнога выканаўчага камітэта і грашовай прэміі. Акрамя дыпломаў, нам, рэдактарам, уручаны статуэткі адпаведна Ф. Скарыны і Віцязя і раскошныя букеты руж. І ў нас, пастаўскіх газетчыкаў, і ў тэлежурналістаў гэта ўжо не першыя ўзнагароды, здабытыя ў абласным конкурсе. Упэўнены, што і не апошнія.

Вітаючы ўдзельнікаў сустрэчы, старшыня аблвыканкама адзначыў: сацыялагічныя даследаванні паказваюць, што ў рэгіянальных друкаваных СМІ аўдыторыя сёння большая, чым у рэспубліканскай прэсы, бо яны бліжэй да людзей. Падпісны тыраж друкаваных СМІ Віцебшчыны на другі квартал бягучага года склаў амаль 556 тысяч экзэмпляраў, насычанасць перыёдыкай на тысячу чалавек самая высокая ў рэспубліцы. Захаванне такога ўзроўню ў цяперашніх умовах патрабуе немалых намаганняў ад рэдакцый і паштовых работнікаў.

— Вы ўдзельнічаеце ў фарміраванні сацыяльнага настрою людзей, стварэнні іміджу вобласці ў маштабах краіны, фарміруеце вобраз Беларусі за мяжой, — гаварыў М. М. Шарстнёў. — Гэта вялікая адказнасць. — І падкрэсліў, што ўзважанасць і аб’ектыўнасць у ацэнках — тыя крытэрыі, якія заўсёды павінны прысутнічаць у рабоце журналістаў.

Пасля завяршэння ўрачыстай цырымоніі кіраўнік вобласці адказаў на пытанні журналістаў, якія датычылі правядзення пасяўной, работы прамысловага комплексу, развіцця аграэкатурызму і іншых аспектаў жыццядзейнасці Віцебшчыны.

Фаіна КАСАТКІНА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.