Павіншавала сама Герасіменя

Личности Местная власть Спорт

Аляксандра Герасіменя і Ліза Кліпа.

16 мая ў Мінску прайшоў трэці рэспубліканскі фестываль плавання “Залатая рыбка” сярод дзяцей і падлеткаў на прызы вядомай плыўчыхі Аляксандры Герасімені. Бронзавым прызёрам спаборніцтваў   стала дзевяцігадовая пастаўчанка  Ліза Кліпа.

У цырымоніі адкрыцця фестывалю прынялі ўдзел міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Міхаіл Жураўкоў, старшыня Беларускай федэрацыі плавання Анатолій Тозік, заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь, двойчы сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў 2012 года ў Лондане, чэмпіёнка свету 2011 і 2012 гадоў, сярэбраны прызёр XXVII Сусветнай летняй універсіяды 2013 года Аляксандра Герасіменя і іншыя асобы.

У фінальных заплывах, якія праходзілі ў басейне мінскай СШ №59, удзельнічалі  зборныя каманды абласцей і горада Мінск — усяго 72 юныя спартсмены і 48 бацькоў. Віцебшчыну прадстаўлялі выхаванцы трэнера Аляксандра Бучнева з фізкультурна-аздараўленчага комплексу па вуліцы Стакевіча ў Паставах і тры сямейныя каманды. Найбольшага поспеху сярод іх дабілася  Ліза Кліпа, якая на дыстанцыі 25 метраў вольным стылем заняла трэцяе месца сярод дзяўчынак малодшай узроставай групы.

Ліза вучыцца ў сярэдняй школе №2, плаваннем займаецца ўсяго паўтара года. Стаж удзелу ў афіцыйных спаборніцтвах яшчэ меншы, але дзяўчынка ўжо заваявала больш за 10 залатых, сярэбраных і бронзавых медалёў на рэгіянальных, абласных турнірах і вось цяпер — на рэспубліканскім. Нягледзячы на юны ўзрост, Лізу вызначаюць вялікая сіла волі, настойлівасць, жаданне дабівацца большага. Яна надзвычай працавітая ў басейне, цярплівая, умее сабрацца перад стартам. Цяжка сказаць, як скла­дзецца яе спартыўнае жыццё ў далейшым. Але ўжо сёння вядома, што дзяўчынку захапіў прыклад Аляксандры Герасімені, якая ва ўрачыстай абстаноўцы ўручыла  Лізе Кліпа бронзавы медаль, дыплом і Кубак Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў,  сфатаграфавалася з ёй і пакінула на памяць аўтограф. Такое не забываецца.

Пётр КУРЫЛОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.