Перамога — лепшы падарунак да свята

Спорт

Для трэнера няма лепшай узнагароды, чым перамогі і поспехі яго выхаванцаў. Трэнеру Пастаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Генадзю Генадзьевічу Савосіну яго выхаванцы напярэдадні прафесійнага свята — Дня работнікаў фізічнай культуры і спорту — зрабілі адразу два падарункі: адна каманда валейбалістаў заняла другое месца ў рэспубліканскіх спаборніцтвах, другая стала пераможцай першынства вобласці. 

У фінальным туры рэспубліканскіх спаборніцтваў па валейболе сярод юнакоў 2002—2003 гадоў нараджэння, якія праходзілі ў Барысаве, пастаўчане сталі другімі. Абыграўшы мінчан з лікам 2:1 і барысаўчан 3:0, наша каманда ў вырашальнай сустрэчы саступіла зборнай Гродзенскай вобласці з лікам 1:2. На працягу ўсіх спаборніцтваў абедзве каманды гулялі на роўных, і толькі шчаслівая выпадковасць дазволіла гродзенцам заняць першую прыступку п’едэстала. За другое месца каманда Пастаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы ўзнагароджана кубкам, медалямі і граматамі. Акрамя гэтага, кожны ігрок атрымаў спартыўную майку ад рэспубліканскай федэрацыі валейбола.

Камандзе, у склад якой уваходзяць валейбалісты 2000—2001 гадоў нараджэння, пашанцавала больш. У першынстве вобласці, якое праходзіла ў Віцебску, нашы спартсмены, не прайграўшы ніводнага матча, занялі першае месца. Каманды з Шуміліна, Верхнядзвінска і Оршы пастаўчане абыгралі з лікам 1:2, а віцебскую і наваполацкую — 0:2.

— Хлопцы праявілі вялікую волю да перамогі. У трэцяй, вырашальнай, партыі мы прайгравалі Верхнядзвінску 8:12, і толькі сіла волі і поўная самааддача дазволілі апярэдзіць сапернікаў з лікам 15:13. Падобная сітуацыя склалася і з камандай з Оршы, якая вяла 13:10, але ў выніку прайграла трэцюю партыю з лікам 13:15, — расказвае пра барацьбу на валейбольнай пляцоўцы Г. Г. Савосін. — Каманда ўзнагароджана кубкам, граматамі і медалямі.

У пачатку чэрвеня на базе ФАКа пройдуць тыднёвыя трэніровачныя зборы. Іх мэта — сфарміраваць каманду з лепшых валейбалістаў вобласці, якая 15 чэрвеня прыме ўдзел у рэспубліканскай спартакіядзе школьнікаў, якая будзе праходзіць у Жлобіне.

У свой час Генадзь Генадзьевіч Савосін і сам тры гады займаўся валейболам у Пастаўскай спартшколе. Стаць яе выхаванцам было прэстыжна, паколькі жадаючых займацца было шмат, а спартыўная база не была такой развітай, як зараз. У старэйшых класах з-за фізічных параметраў (невысокага росту) не вытрымаў канкурэнцыі і не трапіў у склад каманды. Але нават гэта не адбіла жадання трэніравацца. Разам з іншымі хлопцамі гуляў у валейбол у двары сярэдняй школы № 2, дзе настаўнік фізкультуры Леанід Сцяпанавіч Жук спецыяльна для іх нацягваў сетку.

Паступаць у Мінскі інстытут фізкультуры адразу пасля школы Генадзь Савосін не адважыўся і падаў дакументы ў мясцовае ПТВ. Пасля яго — у Вышэйшае ваеннае вучылішча радыёэлектронікі супрацьпаветранай абароны ў г. Вюльнюсе. Адвучыўся паўтара года і зразумеў — гэта не яго, тым больш што цяга да спорту станавілася ўсё мацнейшай. Адслужыўшы тэрміновую службу ў арміі, вярнуўся ў Паставы і ўладкаваўся выкладчыкам фізкультуры ў цяперашні каледж сельскагаспадарчай вытворчасці, паралельна паступіў на завочны факультэт Віцебскага педінстытута на спецыяльнасць «Фізвыхаванне». Праз нейкі час уладкаваўся трэнерам па валейболе ў спартыўную школу, і ўжо на трэцім годзе работы яго падапечныя 1977 года нараджэння выйгралі першынство вобласці, а ў рэспубліканскіх спаборніцтвах сталі другімі.

З 1992 па 2000 гады Генадзь Генадзьевіч быў трэнерам па валейболе дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы алімпійскага рэзерву № 4 г. Віцебска. Пад яго кіраў­ніцтвам каманда юнакоў 1979 года нара­джэння двойчы станавілася чэмпіёнам першынства Беларусі па валейболе, сем чалавек з гэтай каманды ўваходзілі ў склад зборнай рэспублікі. А каманда валейбалістаў 1983 года нараджэння двойчы займала другое месца ў рэспубліканскім першынстве.

Пятнаццаць гадоў таму вярнуўся на малую радзіму. У 2010 годзе яго каманда стала прызёрам першынства Рэспублікі Беларусь сярод 76 дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ. Хочацца верыць, што трэнера і яго выхаванцаў наперадзе чакаюць не менш значныя перамогі.

Акрамя валейбола, Генадзь Генадзьевіч захапляецца бодзібілдынгам. Трэніроўкі па гэтым відзе спорту вельмі разнастайныя. Гэта і заняткі ў спартзале, і аэробныя нагрузкі.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.