Прагучыць развітальны званок

Местная власть Образование

30 мая ў агульнаадукацыйных школах і гімназіях Беларусі завяршаецца  навучальны год. Са школай у краіне развітаюцца больш за 143 тысячы выпускнікоў 9-ых і 11-ых класаў, у тым ліку на Пастаўшчыне — адпаведна 340 дзевяцікласнікаў і 235 адзінаццацікласнікаў. Выпускнікі сярэдніх школ сёння збяруцца на раённае свята апошняга званка, якое пачнецца ў 18.30 на плошчы Леніна ў Паставах.

У самай маладой навучальнай установе раёна — гімназіі — у шосты раз празвініць развітальны званок для выпускнікоў. Сёлета яе заканчваюць 18 юнакоў і дзяўчат. За час вучобы яны сталі адной дружнай ­сям’ёй. Праявілі сябе ў прадметных алімпіядах, навукова-практычных канферэнцыях, спартыўных спаборніцтвах, творчых конкурсах і фестывалях. Высокай актыўнасцю вызначаліся ў мерапрыемствах, якія праводзіла  раённая арганізацыя Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.

— Цяпер адзінаццацікласнікаў чакаюць выпускныя экзамены, — адзначыў дырэктар гімназіі С. Ч. Каранеўскі. — Верыцца, што яны вытрымаюць іх, здолеюць ажыццявіць свае планы і мары, прадоўжаць добрыя традыцыі. Летась 92 працэнты нашых выхаванцаў сталі студэнтамі розных вышэйшых навучальных устаноў краіны.

На здымку: выпускнікі-гімназісты з класным кіраўніком Аксанай Іванаўнай Шылько.

Фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.