Праз дзве вайны


Ветэран вайны Сцяпан Сяргеевіч Падгол нарадзіўся ў 1919 годзе ў вёсцы Адворыцы Ушацкага раёна. У армію яго прызвалі ў 1939-ым. Служыў у кавалерыі ў Ашмянах. Калі пачалася савецка-фінская вайна 1939—1940 гадоў, быў накіраваны на фінскі фронт. У першы ж дзень іх дывізія трапіла пад абстрэл. Ветэран успамінаў: “Было вельмі холадна, тэмпература паветра дасягала мінус 40. Начавалі ў снежных нішах. Адно добра, што вайна была кароткай: з лістапада да сакавіка”.

Вялікую Айчынную Сцяпан Сяргеевіч сустрэў у Літве (г. Кедайняй, 80 км ад граніцы). Занялі абарону. Доўга не было каманды страляць. І толькі калі танкі наблізіліся на адлегласць 100—120 метраў, адкрылі агонь. Падбілі 12 нямецкіх танкаў і адразу ж уступілі ў новы бой, у якім знішчылі каля сотні гітлераўцаў. Затым трапілі ў акружэнне, з якога выйшлі з баямі праз тры дні на тэрыторыю Латвіі. Тут Сцяпан Сяргеевіч атрымаў сваё першае раненне, доўга ляжаў у шпіталі. Пасля выздараўлення накіравалі ў другую дывізію ў Прыбалтыйскую ваенную акругу.

Вызваляў Каўнас, Кёнігсберг, Вашаву. Пры штурме Кёнігсберга быў паранены ў другі раз. Усё жыццё насіў асколкі ў сваім целе. Потым быў шлях на Берлін. Да яго заставалася 90 кіламетраў, калі давялося ўступіць у бой з чэхаславацкім палком, які разбілі на часткі і знішчылі. Пазней удзельнічаў у жортскіх баях на Эльбе. Успамінаў, што вада кіпела ў рацэ і была чырвонага колеру.

Дадому вярталіся ў другой палове мая. Ішлі пешшу, бо эшалоны везлі рознае абсталяванне. У дарозе Сцяпан Сяргеевіч трапіў у штаб дывізіі, разам з ім у пачатку чэрвеня прыбыў у Мінск. Затым накіравалі ў Паставы. Штаб дывізіі  ў той час знаходзіўся ў будынку сённяшняй пошты ў цэнтры горада. Два палкі стаялі ў пятым гарадку, адзін — у Лынтупах. У 1946 годзе прыйшоў загад аб расфар­міраванні дывізіі.

Сцяпан Сяргеевіч скончыў шасцімесячныя курсы, працаваў на заводзе лабарантам, потым — інспектарам у банку, старшым эканамістам. Вучыўся завочна. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, многімі медалямі. З’яўляўся інвалідам вайны. Ветэран шмат выступаў перад вучнямі, быў актыўным удзельнікам мерапрыемстваў, якія праводзіў наш школьны музей.

Асколкі ў целе ветэрана часта заяўлялі пра сябе, даводзілася лячыцца ў шпіталі, бальніцы. Апошні раз трапіў на бальнічны ложак у красавіку 2005 года. Набліжалася вялікае свята — 60-годдзе Перамогі. Жаданне дажыць да 9 Мая было неймаверным. Дні і гадзіны лічыў ветэран, але сілы пакідалі яго. Сцяпан Сяргеевіч памёр 7 мая.

Мы захоўваем памяць пра С. С. Падгола. Яго фота­здымак, успаміны — на бачным месцы ў нашым школьным музеі.

Р. ЛАСТОЎСКАЯ, кіраўнік музея

баявой і працоўнай славы СШ №2. 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.