Расчыніў дзверы РАУС


У канцы красавіка ў раённым аддзеле ўнутраных спраў прайшоў дзень адчыненых дзвярэй, на які былі запрошаны навучэнцы старэйшых класаў школ горада. Яго мэтай было засцерагчы школьнікаў ад здзяйснення злачынстваў і правапарушэнняў у час летніх канікулаў, а таксама арыентаваць іх у выбары прафесіі.

Па словах намесніка начальніка аддзела па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні В. Л. Врублеўскага, які вёў мерапрыемства, сёлета 13 навучэнцаў з Пастаўскага раёна выказалі жаданне паступаць у навучальныя ўстановы сістэмы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Гэта намнога больш, чым было летась і ў папярэднія гады. Несумненна, знойдуцца такія жадаючыя і ў будучым. Для іх і ўсіх прысутных Вячаслаў Людвігавіч расказаў пра перавагі службы ў міліцыі, паведаміўшы, што сёлета ў Мінску адкрываецца ліцэй МУС. Яго навучэнцы на працягу ўсяго перыяду вучобы будуць знаходзіцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні, а пасля заканчэння — мець ільготы пры паступленні ў Акадэмію МУС і Магілёўскі інстытут Міністэрства ўнутраных спраў. В. Л. Врублеўскі паабяцаў перадаць прадстаўнікам сярэдніх школ інфармацыю пра ліцэй і адзначыў, што з пытаннямі, якія ўзнікнуць, можна звяртацца як у групу кадраў РАУС, так і непасрэдна да яго.

Затым слова ўзяў начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС В. К. Кішко. Ён зак­лікаў школьнікаў у летні час быць асцярожнымі на вадаёмах і не парушаць адміністрацыйнага і крымінальнага заканадаўства, бо сёлета ўжо асуджаны чацвёра непаўналетніх. У месцы пазбаўлення волі іх не адпраўлялі, адбываць пакаранне на працягу паўгода хлопцы будуць пад дамашнім арыштам.

— Між тым, у тых, хто ў будучым вырашыць звязаць свой лёс з сілавымі структурамі, павінна быць чыстая біяграфія — без прыцягненняў да адказнасці і знаходжання на ўліку ў школе і РАУС, — папярэдзіў выступоўца і параіў падлеткам заўсёды думаць, перш чым здзейсніць той ці іншы ўчынак.

На сустрэчу завітаў таксама начальнік РАУС А. М. Гарус, які ў сваю чаргу расказаў старшакласнікам пра структуру раённага аддзела ўнутраных спраў і акцэнтаваў увагу на небяспецы папулярных зараз у мала­дзёжным асяроддзі сінтэтычных наркотыкаў — спайсаў і міксаў, прывёўшы красамоўныя прыклады гэтага.

Ад Пастаўскага ад­дзялення Дэпартамента аховы ў ліку іншых на мерапрыемстве прысутнічаў старшы інспектар групы міліцэйскай ваенізаванай і вартавой аховы В. Л. Крыштафовіч. Ён пазнаёміў навучэнцаў з задачамі і структурай мясцовага аддзялення аховы, патрабаваннямі да тых, хто хоча працаваць у згаданай сістэме. А затым школьнікам былі прадэманстраваны зброя і іншыя спецсродкі, якія выкарыстоўваюць міліцыянеры ў сваёй паўсядзённай дзейнасці, расказана пра іх тэхнічныя характарыстыкі. Завяршылася мерапрыемства дэманстрацыяй агульнага курса работы службовага вышуковага сабакі і затрымання ім парушальніка.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.