Самы музыкальны калектыў — шпіталь

Культура

Каманда-пераможца.

Сем каманд, тры з паловай дзясяткі выкананых кампазіцый, шчырыя апладысменты, цудоўны настрой — усё гэта ў поў­най меры прысутнічала на раённым конкурсе караоке «Залаты мікрафон», які  25 красавіка адбыўся ў Навасёлкаўскім цэнтры культуры.

Музычнае мерапрыемства прысвячалася 70-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Яго арганізатар — аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, а фінансавую падтрымку ў правя­дзенні конкурсу аказала ААТ «Навасёлкі-Лучай». На музычным рынгу сіламі мераліся каманды з аддзела пагранічнай службы «Паставы», ААТ «Камайскі-агра», УАЗ «Варапаеўская бальніца», ААТ «Паставымэбля», УП «Завод «Беліт», 1-га ваеннага шпіталя органаў пагранічнай службы і ААТ «Пастаўскі малочны завод». Ацэньвала вакальныя здольнасці, артыстызм і ўменне працаваць у камандзе прадстаўнічае журы, якое ўзначаліла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Г. М. Чаплінская.

Перад пачаткам музычнага паядынку Галіна Мікалаеўна пажадала ўсім удзельнікам поспеху і запэўніла, што хвалявацца няма прычын: журы настроена вельмі добразычліва. А таксама адзначыла, што дадзенае мерапрыемства было задумана не столькі для таго, каб вызначыць пераможцу, колькі для таго, каб прадстаўнікі розных прадпрыемстваў і арганізацый раёна змаглі сабрацца разам, прадэманстраваць свае таленты, павучыцца адно ў аднаго выканальніцкаму майстэрству, выдатна правесці вечар выхаднога дня. Зараз гэта надзвычай актуальна, паколькі ў апошні час жывыя зносіны ўсё часцей замяняюцца віртуальнымі.

Конкурс складаўся з пяці тэматычных блокаў. Першае заданне прадугледжвала выкананне народных песень. Лепш за ўсіх з ім справіўся Яраслаў Халадняк (завод «Беліт»), які выканаў «Купалінку» акапэльна і набраў 9,7 бала з дзесяці магчымых. Другі конкурсны этап складаўся з выканання песень 80-ых і 90-ых гадоў і быў самым «ураджайным» на адзнакі: у суме ні адзін канкурсант не набраў менш за 9,1 бала, а выступленні Аліны Вайцяхоўскай (шпіталь) і Рамана Рыбіцкага (в/ч 2044) выклікалі сапраўдны фурор. Не было роўных камандзе шпіталя і ў выкананні сучасных эстрадных кампазіцый. Песня Кацярыны Галіцынай «Бессаромна прыгожая» ў інтэрпрэтацыі Марыны Вайцяховіч атрымала найвышэйшы бал. Па выніках чацвёртага тура, падчас якога ўдзельнікі караоке спявалі дзіцячыя песні, з аднолькавай колькасцю балаў лідзіруючыя пазіцыі занялі каманды пагранзаставы, завода «Беліт» і ваенных медыкаў. Фінальным акордам песеннага конкурсу стала выкананне кампазіцый на ваенную тэматыку. Культавую песню «Дзень Перамогі» ў выкананні прадстаўнікоў Варапаеўскай бальніцы ўсе прысутныя слухалі стоячы. А Марына Вайцяховіч (шпіталь) і Аксана Шырчанка (пагранзастава) у свае выступленні, здавалася, уклалі душу, напэўна таму песні «Лёс маці» і «Памятаю» прагучалі настолькі пранікнёна.

Пакуль журы падводзіла вынікі конкурсу, для ўдзельнікаў музычнага паядынку была арганізавана дыскатэка. Зрэшты, танцаваць пад упадабаныя кампазіцыі ўсе жадаючыя маглі і на працягу папярэдніх чатырох гадзін (столькі доўжыўся конкурс), што многія з задавальненнем і рабілі.

Па выніках конкурсу заахвочвальныя прызы, а дакладней тарты, атрымала каманда ААТ «Камайскі-агра» за артыстызм, прадстаўнікі завода «Беліт» — за лепшую групу падтрымкі, а каманда малаказавода — за лепшую тэатралізацыю і касцюміраванне. Дыпломам у намінацыі «Лепшае выкананне патрыятычнай песні» ўзнагаро­джана Аксана Шырчанка (пагранзастава), у намінацыі «Лепшая салістка» — Марына Вайцяховіч (шпіталь), у намінацыі «Лепшы саліст» пальма першынства дасталася Раману Рыбіцкаму (пагранзастава). У агульнакамандным заліку трэцяе месца з сумай 46 балаў заняла каманда завода «Беліт», другое — аддзел пагранічнай службы «Паставы» (на яго рахунку 48,2 бала). Пераможцамі прызнаны прадстаўнікі 1-га ваеннага шпіталя органаў пагранічнай службы, якія набралі 48,5 бала. Каманды-прызёры атрымалі дыпломы і салодкія прызы.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.