Сціпла, годна, прыгожа


Напярэдадні 70-годдзя Вялікай Перамогі хачу расказаць пра свайго бацьку Васіля Васільевіча Гедройца. За доўгія гады перажыў ён нямала і заўсёды быў прыкладам для нас.

Нарадзіўся тата 30 красавіка 1919 года ў вёсцы Бараўкі Пастаўскага раёна. Дзяцей у сям’і было шасцёра: чатыры сыны і дзве дачкі. Бацька — самы старэйшы, таму і першы памочнік па гаспадарцы. Да працы на зямлі прывучыўся з маленства. На той час у вёсцы было 53 дамы, шмат моладзі. Вялікім гонарам лічылася трапіць на курсы трактарыстаў. Да работы на тэхніцы імкнуліся многія, але выбіралі лепшых. Пашанцавала двум вясковым хлопцам, адзін з іх — наш тата. І калі пасля вучобы восенню 1940 года на старэнькім “натіку” (СТЗ-НАТІ) ён араў калгаснае поле, радасць была бязмежнай. Аднагодкі зайздросцілі, браты і сёстры ганарыліся сваім Васількам.

5 мая 1941-га Васільку прызвалі ў армію. Праводзілі яго ўсёй вёскай, з песнямі і гармонікам. І ніхто не мог падумаць, што неў­забаве пачнецца вайна. Служыў механікам-вадзіцелем танка Т-34. 19 жніўня 1941 года быў цяжка паранены. Трэба было ампутаваць правую руку, але ён не згадзіўся, маўляў, як будзе працаваць у полі з адной рукой?  Руку ўдалося захаваць — перамагла маладосць. Рана яшчэ поўнасцю не зажыла, а ён ужо зноў стаў у строй. За вайну тройчы быў паранены, абгарэлага выцягвалі з танка. Да Берліна дайшоў на чацвёртым ад пачатку вайны танку. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны І і ІІ ступені, Славы ІІІ ступені, Чырвонай Зоркі, шматлікімі медалямі.

Службу працягваў і пасля перамогі. Дамоў вярнуўся толькі пад Новы, 1946 год. Родную вёску фашысты спалілі дашчэнту. Людзі жылі ў зямлянках, часовых пабудовах. Потым часта гаварыў: “Мне пашанцавала, бо хоць ранены, але вярнуўся, а на фронце з нашай вёскі загінула 15 хлопцаў”.

Жылі ў доме дзядулі, было цесна, а Васілька закахаўся ў суседскую дзяўчыну. Яна была прыгожая, блакітнавокая, хораша спявала, і многія хлопцы заглядва­ліся на яе. Спужаўся былы франтавік, што з-пад носа звядуць такую прыгажуню, і ажаніўся з ёй. Пачалі будаваць уласны дом.

У 1947-ым у сям’і нарадзілася дачка, у 54-ым — яшчэ адна, а ў 56-ым — сын, якога бацька так хацеў. Мы раслі паслухмянымі, добра вучыліся, дапамагалі па гаспадарцы. Слова бацькі было для нас законам. А тата ганарыўся намі. Усе мы атрымалі адукацыю, стварылі свае сем’і, падарылі дзядулю трох унукаў і ўнучку. Быў шчаслівы тым, што ўсе мы жылі побач, наведвалі бацькоў.

Праз некаторы час тату выбралі старшынёй Курапольскага сельскага Савета. Усюды — пасляваенная разруха, усё трэба было аднаўляць. Спраў незлічона. Да яго, прадстаўніка ўлады, людзі ішлі. Ім патрабавалася падтрымка, і бацька з усіх сіл стараўся апраўдаць давер вяскоўцаў. Загартаваны ў баях, прыхільнік будаўніцтва новага жыцця, ён актыўна ўключыўся ў аднаўленне разбуранай народнай гаспадаркі.

Яго арганізатарскія здольнасці, уменне працаваць з людзьмі заўважыла раённае кіраўніцтва і накіравала старшынёй калгаса на Камайшчыну. Вайна скончылася, але па лясах яшчэ бадзяліся людзі са зброяй. Бацька няўхільна дабіваўся ўмацавання працоўнай дысцыпліны, і аднойчы яго падпільнавалі нядобразычліўцы, жорстка збілі і на кані ледзь жывога прывезлі дамоў. Маці ўбачыла, што конь стаіць на дварышчы, а ў хату ніхто не ідзе, і выйшла паглядзець, што да чаго. У павозцы ляжаў амаль нежывы муж. Добра, што ў Камаях недалёка ад нашага дома была бальніца, і яго выратавалі.

У 1958 годзе зноў узначаліў выканкам Курапольскага сельскага Савета, старшынёй якога адпрацаваў больш за 25 гадоў. За гэты час шмат было зроблена па добраўпарадкаванні населеных пунктаў, сацыяльна-эканамічным развіцці гаспадарак, задавальненні запытаў выбаршчыкаў. Савет неаднаразова займаў прызавыя месцы ў раённым спаборніцтве, заваёўваў пераходныя вымпелы і сцягі. Бацька прымаў актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, з’яўляўся дэпутатам раённага Савета, меў непасрэднае дачыненне да работы раённага савета ветэранаў вайны і працы. Яго працоўная дзейнасць адзначана ордэнам Леніна.

Рана памерла наша мама. Бацька застаўся адзін. Ні да кога з дзяцей ехаць не захацеў. На той час яму было 60 гадоў. Лёс звёў з іншай жанчынай. Пераехаць да яго яна не рашылася, і бацька з болем у сэрцы пакінуў родныя Бараўкі, перабраўся ў вёску Ламіжына Навасёлкаўскага сельсавета. Сышліся двое пажылых людзей і ў згодзе пераносілі ўсе няўдачы, дзялілі радасці.

Вельмі любіў сваіх унукаў, ганарыўся імі. Калі праводзіў у армію старэйшага, Аляксандра, а потым і Валерыя, Валодзю, даваў наказ служыць сумленна, годна. А самому ўсё часцей балелі раны, трывожыла сэрца горыч страты родных і блізкіх. У 1993 годзе ў нашу сям’ю прыйшло вялікае гора — трагічна загінуў мой сын Саша, курсант Калінінградскага ваеннага вучылішча, і сівыя татавы валасы сталі яшчэ бялейшымі.

Бацька ніколі не скардзіўся, нікому не дакучаў. Да апошняга дня працаваў, вёў гаспадарку. Ён і ў іншы свет адышоў спакойна — заснуў і не прачнуўся. У лістападзе бягучага года споўніцца 20 гадоў, як таты няма з намі. Мы памятаем яго заўсёды і расказваем пра яго сваім унукам.

Напярэдадні 70-годдзя Вялікай Перамогі дзякуем усім ветэранам за мірнае неба над галавой і жадаем ім моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця.

Ад імя ўсіх родных,

старэйшая дачка Л. СІМАНОВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.