Сэнс жыцця — дзеці


Лынтупчане Вольга і Руcлан Мітуневічы раслі на суседніх вуліцах, вучыліся ў адной школе, падлеткамі збіраліся ў кампаніі агульных сяброў, але каханне да іх прыйшло пазней.

У 2005-ым пара ажанілася. Роўна праз дзевяць месяцаў нарадзіўся першынец Аляксандр, праз тры гады — дачушка Таня. А паўгода назад у вялікім доме Мітуневічаў з’явілася яшчэ адно шчасце — сынок Вадзім.

Вольга скончыла Маладзечанскі політэхнікум, атрымала дыплом тэхніка-тэхнолага брадзільнай вытворчасці. Калі ў Лынтупах працаваў спіртзавод, гэта спецыяльнасць была запатрабаванай і перспектыўнай. Але з-за трагедыі, якая там здарылася, гаварыць пра працаўладкаванне па прафесіі нельга. Праўда, пра гэта шматдзетная маці пакуль не думае. Сёння ўвесь свой час яна прысвячае выключна сям’і. “Паспрабуй знайсці работу з такім напружаным рытмам і колькасцю адначасовых спраў, як дома з дзецьмі, — усміхалася яна. — Затое па колькасці эмацыянальнага зараду і радасці, дакладна, лепшага занятку не зной­дзеш!”

Ва ўсім, наколькі дазваляе час, дапамагае муж Руслан, які служыць пагранічнікам.

Суразмоўцы канстатавалі: сёння не так і многа ахвотнікаў уладкоўваць жыццё ў невялікім пасёлку.

—            Многія нашы равеснікі аддаюць перавагу гораду па той прычыне, што імкнуцца даць дзецям больш магчымасцей для вучобы і адпачынку, — гаварыў Руслан. — На мой погляд, няма лепшага настаўніка, чым сям’я, уласны прыклад. Шчырая бацькоўская любоў, клопат — гэта аснова асноў дзіцячага выхавання, і  ніякія ўстановы адукацыі — вялікія ці малыя, сельскія ці сталічныя — іх не кампенсуюць. Чаго сапраўды не хапае малым у пасёлку, дык гэта яркіх уражанняў. Па іх мы з ­сям’ёй  выязджаем на мерапрыемствы ў райцэнтр, у месцы адпачынку ў Нарачы, не так даўно наведалі мінскі заапарк і дэльфінарый. Дачцэ на дзень нараджэння жонка падрыхтавала тэматычную вечарынку, якая вельмі спадабалася ўсім. Усё ж такі вызначальнае — жаданне дарыць дзецям радасць, і яна памножыцца ў сто разоў.

Мітуневічы называлі і вартасці жыцця ў сельскай мясцовасці: малым тут свабода і раздолле, ёсць дзе разгуляцца на свежым паветры, а значыць, і менш спакусы да такіх “хвароб” сучаснасці, як камп’ютарныя гульні і інтэрнэт. Самі ж дзеці захоплена расказалі пра сваіх духоўных настаўніц з мясцовага касцёла — сясцёр-служаб­нічак Антонію і Люцыну. Яны праводзяць са школьнікамі рознага ўзросту шмат цікавых мерапрыемстваў, якія не толькі забаўляюць, але і выхоў­ваюць. Тут і ўрокі замежнай мовы, і майстар-класы ігры на музычных інструментах, тэатральныя і танцавальныя гурткі… Усяго і не пералічыш!

Маці і Вольгі, і Руслана жывуць зусім побач. Як моцна любяць бабуль дзеці! А маладыя бацькі ў размове не пераставалі дзякаваць ім за пастаянную дапамогу, падтрымку ва ўсіх справах.

7 чэрвеня ў вялікім дагле­джаным доме Мітуневічаў бу­дзе шмат гасцей — старэйшы сын Аляксандр пойдзе да Першай Камуніі. Вользе і не верыцца, што ён ужо так вырас.

—            У душы адчуваю сябе зусім маладой дзяўчынай, а пагляджу на дзяцей — і разумею, як хутка бяжыць жыццё, — гаварыла яна. — Але кожны яго дзень напоўнены сэнсам. Хтосьці жыве выключна для сябе, прысвячаючы час рабоце і захапленням, а я знайшла сваё прызначэнне ў дзецях. І няхай застаецца мінімум часу для ўласных патрэб, гэта ніяк не перашкаджае быць шчаслівай. Наогул, у жыцці ўмею радавацца дробязям. Вось прынясуць дзеці з вуліцы кветкі, усміхаючыся, падораць, пацалуюць. І ўжо з зусім іншым настроем вяртаешся да бясконцых будзённых спраў…

Іна СНЯЖКОВА. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.