
Не вельмі песціць надвор’е хлебаробаў. Сёлета за ўсю вясну няшмат выдалася цёплых сонечных дзён. У адзін з іх і сустрэліся ў ваколіцах Азёрак з механізатарамі адкрытага акцыянернага таварыства “Хацілы-агра”. Славамір Татарэнка рыхтаваў глебу, Андрэй Волк сеяў кукурузу. Разгаварыліся. Настрой у абодвух быў добры. Яшчэ б! Напярэдадні сяўбы Славамір атрымаў новы МТЗ-1221 — адзін з шасці трактароў, якія сёлета набыла гаспадарка. Таму і працуе з асаблівым стараннем. Не займаць майстэрства і Андрэю Валку, які ўдастоены ганаровага звання “Чалавек года Пастаўшчыны-2013”. Сёлета ён першым прыступіў да сяўбы кукурузы і разам з Раманам Лышко ўжо заправілі насенне ў глебу на 230 гектарах з планавых 550-ці.
На сяўбе зерневых і рапсу вызначыліся Павел Валодзька, Віктар Нікалаеў і Андрэй Цапелік. Работа ў іх спорылася, таму што не было затрымак з падрыхтоўкай глебы. Тут тон у рабоце на новым МТЗ-3522 задае Мікалай Чашун. Рупяцца таксама Анатолій Мезін, Сяргей Кірылкін, Міхаіл Ярашэвіч, Андрэй Малец, Валерый Сітар, Міхаіл Субач.
Сельгаспрадпрыемства добра забяспечана мінеральнымі ўгнаеннямі. Каліем і азотам падкормлены сенакосы і паша, шматгадовыя травы, азімыя зерневыя і рапс. Уносяцца ўгнаенні пад яравую сяўбу. Вялікі аб’ём работы ў полі выканалі Уладзімір Дзясятнік, Анатолій Мезін, Андрэй Калінскі, Віктар Дзясятнік, Мікалай Пабядзінскі. Хімпраполкай пасеваў займаецца Уладзімір Усаценка.
У веснавым полі шчыруюць і іншыя механізатары.
Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.