Шахматны калейдаскоп

Спорт

У абласным турніры па хуткіх шахматах, які адбыўся ў Глыбокім, удзельнічала 8 каманд. Спаборніцтвы прысвячаліся памяці таленавітага глыбоцкага шахматыста Анатолія Мялешкі і праводзіліся ўпершыню.

Наш раён меў магчымасць заявіць дзве каманды, чым і скарыстаўся. За “Паставы-І” згулялі Андрэй Паўлаў, Аляксандр Таразевіч, Аляксандр Мурзо, Віктар Шастакоў, Аляксей Паўлаў. “Паставы-ІІ” прадстаўлялі Віктар Лекарэвіч, Яна Галатылец, Жэня Ліпская, Ігар Бабчынскі, Леанід Косаў.

З самага пачатку лідарства захапіла моцная каманда з Браслаўскага раёна, якая ў выніку і перамагла за тур да завяршэння спаборніцтваў. Другое месца — за гаспадарамі, на трэцім — “Паставы-І”. Чацвёрты радок у турнірнай табліцы заняла каманда “Паставы-ІІ”. Зноў парадаваў сваёй гульнёй наш ветэран В. Шастакоў, які выйграў шэсць партый з сямі магчымых.

* * *

Розыгрыш Кубка раёна 2015 года праводзілі шляхам “сляпой” жараб’ёўкі, якая ўжо на ранняй стадыі звяла мацнейшых. А вось некаторым фартуна ўсміхнулася. І ўсё ж паўфіналы былі даволі нечаканымі. У першым В. Лекарэвіч (АТП №17) перамог настаўніка СШ №4 І. Бабчынскага. Больш напружаная барацьба разгарнулася паміж А. Сямёнавым  (ЦБП №230 філіяла №216 “ААБ “Беларусбанк”) і А.  Паўлавым. Дзве партыі пераможцу не выявілі, і толькі ў дадатковай мацнейшым быў А. Сямёнаў.

Далейшай барацьбы не атрымалася: А. Сямёнаў у фінале не па­кінуў ніякіх шансаў В. Лекарэвічу і стаў уладальнікам Кубка раёна-2015. А. Паўлаў даволі лёгка абыграў А. Бабчынскага і заняў трэцяе месца. Прыемна, што за крок да паўфіналаў спыніліся нашы юныя зорачкі Яна Галатылец і Жэня Ліпская (СШ №1), якія дэманструюць даволі сталую гульню.

* * *

На працягу трох месяцаў праходзіў адборачны турнір за тры пуцёўкі ў вышэйшую лігу. Іх аспрэчвалі 11 шахматыстаў. Пераможцам спаборніцтваў стаў В. Шастакоў (ФК “Атлант”), які ўпэўнена лідзіраваў ад першага да апошняга тура. З вялікім гульнявым запасам выступаў Д. Крупадзёраў (“Паставымэбля”), але іншы раз удача яму не спадарожнічала, і ён не далічыўся важных ачкоў, таму і заняў другое месца. Тройку прызёраў замкнуў В. Лекарэвіч (АТП №17). Астатнія ўдзельнікі ў наступным годзе будуць стартаваць з першай лігі, два пераможцы якой узнімуцца ў класе вышэй.

   Ю. КАТОВІЧ, няштатны карэспандэнт.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.