Шляхам мадэрнізацыі


Начальнік раённага вузла электрасувязі І. В. Тамашэвіч, вядучы бухгалтар Алена Скрыцкая і электрамеханікі Алег Кульгін, Аляксей Нехвядовіч і Андрэй Маргуноў. Яны прадстаўлялі калектыў на раённым свяце па падвядзенні вынікаў і ўшанаванні перадавікоў вытворчасці і сацыяльнай сферы.

Сувязісты краіны, у тым ліку раённага вузла электрычнай сувязі, адзначаюць сваё прафе­сійнае свята напярэдадні юбілейнай даты: 3 ліпеня спаўняецца 20 гадоў, як было створана рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства “Белтэлекам”. А чым жыве калектыў сёння? Вось што расказаў начальнік РВЭС, дэпутат абласнога Савета дэпутатаў Іосіф Вікенцьевіч ТАМАШЭВІЧ:

—  Сярод прадпрыемстваў і арганізацый сферы паслуг, транспарту і сувязі Пастаўшчыны наш калектыў у раённым спаборніцтве  за 2014 год заняў трэцяе месца.  Яго работу характарызуюць наступныя лічбы. Усяго атрымана даходаў 15,2 млрд рублёў, што на 29% вышэй за ўзровень папярэдняга года. Прадукцыйнасць працы ўзрасла на 19,1%, рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі, работ і паслуг склала 20,5%. За год колькасць абанентаў шырокапалоснага доступу да сеткі інтэрнэт павялічылася на 930 карыстальнікаў.

З’яўляючыся нацыянальным аператарам электрасувязі, “Белтэлекам” пабудаваў на ўсёй тэрыторыі краіны буйную сетку тэлекамунікацый і пастаянна распрацоўвае якасна новыя сэрвісы. Для забеспячэння высокай якасці сувязі выкарыстоўваюцца найноўшыя лічбавыя тэхналогіі. Доступ да іх пастаянна пашыраецца і на тэрыторыі Пастаўшчыны.

У лютым 2015 года ў жыхароў нашага раёна з’явілася магчымасць падключыцца да паслугі эфірнага лічбавага тэлеві­зійнага вяшчання ZALA. Бесправадная тэхналогія перадачы ТВ-сігналу дазваляе глядзець больш за 40 каналаў у лічбавай якасці ў самых аддаленых куточках нашага раёна. Да яе падключана ўжо больш за 500 абанентаў.

Працягваецца будаўніцтва валаконна-аптычных ліній сувязі ў сельскіх населеных пунктах. Такія аб’екты ў бліжэйшы час будуць здадзены ў вёсках Валкі, Шыркі, Сяргеевічы і Дварчаны. Жыхары названых населеных пунктаў змогуць карыстацца паслугамі высокаскораснага інтэрнэту byfly, інтэрактыўнага тэлебачання  ZALA і шэрагам іншых дадатковых сэрвісаў.

Завяршаецца рэалізацыя праекта “Валаконна-аптычная лінія сувязі” для падключэння групы жылых дамоў па вуліцы Касманаўтаў у Паставах. Пераключэнне абанентаў — а гэта каля 700 кватэр —  пачнецца ў маі. Па адным аптычным валакне ў кватэру прыйдуць адразу тры сэрвісы: тэлефонная сувязь, тэлебачанне і інтэрнэт. Такая тэхналогія з’яўляецца сучаснай альтэрнатывай старым, калісьці шырока распаўсюджаным медным кабелям.

“Белтэлекам” забяспечвае перадачу міжгародняга і міжнароднага трафіка і работу наземнай сеткі тэлевізійных і радыёвяшчальных каналаў, арганізуе перадачу міжнародных каналаў спадарожнікавай сувязі, ажыццяўляе перадачу даных па камуціруемай сетцы агульнага карыстання, доступ да інтэрнэт-рэсурсаў, прадастаўляе міжгародні і міжнародны роўмінг. Да вырашэння гэтых задач на сваім узроўні маюць дачыненне і члены нашага невялікага працоўнага калектыву. Каб спраўляцца з імі, трэба пастаянна ўзбагачаць прафесійныя навыкі, цікавіцца ўсім новым, што нясе мадэрнізацыя сеткі сувязі. Менавіта такімі зарэкамендавалі сябе інжынеры Іван Іванавіч Журомскі, Мікалай Аляксандравіч Сляпнёў, начальнік участка Канстанцін Віктаравіч Кукель, вадзіцель аўтамабіля Уладзімір Вітальевіч Міхасёнак, тэхнік Вольга Яўгеньеўна Гутар, аператар сувязі першага класа Жанна Ягораўна Пупкевіч, якія адзначаны кіраўніцтвам абласнога філіяла РУП «Белтэлекам», і іншыя.

Карыстаючыся выпадкам, віншую са святам усіх сённяшніх работнікаў, а таксама ветэранаў працы, жадаю моцнага здароўя, дабрабыту, доўгіх і радасных гадоў жыцця.

Фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.