Уручылі прэміі, расказалі пра абстаноўку


В. І. Чэкан уручае грашовую прэмію С. Э. Галубоўскаму.

30 красавіка наш раён наведаў начальнік абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь В. І. Чэкан. Нагодай для яго прыезду на Пастаўшчыну стала ўзнагароджанне двух жыхароў вёскі Кашыцы Юнькаўскага сельсавета, якія 13 сакавіка выратавалі на пажары ў жылым доме 50-гадовага аднавяскоўца (пра гэта “ПК” ужо расказваў на сваіх старонках).

З прыемнай місіі і пачалася сустрэча ў Юнькаўскім сельскім Доме культуры, дзе сабраліся жыхары Юнек, прадстаўнікі раённай і мясцовай улады, кіраўнікі ўстаноў, а таксама старэйшыны вёсак. Начальнік Пастаўскага РАНС А. І. Кісель зачытаў загад міністра па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь, а В. І. Чэкан пад гучныя апладысменты прысутных уручыў слесару-сантэхніку УП ЖКГ Сяргею Эдуардавічу Галубоўскаму і галоўнаму аграному ААТ “Сцяг Перамогі-агра” Ігару Тадэвушавічу Турону грашовыя прэміі ў памеры два мільёны рублёў кожная.

Затым размова пайшла пра прафілактыку пажараў і гібелі людзей на іх, бо з 20 красавіка па 20 мая ў Беларусі праводзіцца рэспубліканская акцыя “За бяспеку — разам”, адна з задач якой — інфармаванне грамадзян аб стане пажарнай бяспекі і неабходнасці выканання ўсіх яе правілаў. Прысутным прадэманстравалі два відэафільмы аб прычынах узнікнення пажараў і іх наступствах. Убачанае дапоўнілі лічбы статыстыкі. А. І. Кісель расказаў, што за мінулы год на тэрыторыі Пастаўскага раёна адбылося 38 пажараў, якія забралі жыцці 5 чалавек, сёлета — 12 пажараў, з іх 10 — у жылым сектары, загінуў 1 чалавек.

Асноўнай прычынай свавольства “чырвонага пеўня” не толькі на Пастаўшчыне, але і ў вобласці і рэспубліцы з’яўляецца неасцярожнае абыходжанне з агнём у нецвярозым стане. З-за гэтага летась краіна страціла амаль паўсотні чалавек, у тым ліку траіх жыхароў нашага раёна. Ёсць выпадкі ўзгаранняў пры курэнні ў стане алкагольнага ап’янення і сёлета. Напрыклад, яны адбылі­ся 5 і 8 лютага ў Паставах. І толькі дзякуючы пільнасці суседзяў удалося пазбегнуць чалавечых ахвяр.

— Часта п’яныя курцы падвяргаюць небяспецы не толькі ўласнае жыццё, але і жыцці сваіх блізкіх, суседзяў, — канстатаваў Аляксей Іванавіч. — І тут вялікую ролю адыгрывае работа грамадскасці па выяўленні такіх асоб, своечасовым інфармаванні мясцовых выканаўчых органаў, РАНС, РАУС і прыняцці мер па пастаноўцы іх на ўлік для правя­дзення далейшых мерапрыемстваў.

Асобна кіраўнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях спыніўся на выпальванні сухой расліннасці. Сёлета ў рэспубліцы зарэгістравана 4425 выпадкаў яе загарання, у выніку чаго загінулі 13 чалавек, 15 атрымалі траўмы, знішчаны 22 жылыя дамы, 19 дачных дамоў, 218 пабудоў. На Віцебшчыне зарэгістравана 539 загаранняў сухой расліннасці, якія прывялі да 20 пажараў. У іх знішчаны 24 пабудовы і загінулі 5 чалавек. У нашым раёне ратаўнікам давялося 71 раз выязджаць на тушэнне сухой травы.

А. І. Кісель спыніўся і на іншых прычынах узнікнення пажараў, у тым ліку ад дзіцячага свавольства з агнём. Летась па гэтай прычыне ў Беларусі загінулі 13 непаўналетніх, сёлета — 8, з іх 2 — у Віцебскай вобласці. Выратаваць многія жыцці дапамагаюць аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. А. І. Кісель папрасіў усіх, хто ўдзельнічае ў абследаванні жылога фонду, своечасова інфармаваць старшынь сельскіх Саветаў, іншых зацікаўленых асоб аб іх няспраўнасці або адсутнасці, тлумачыць людзям неабходнасць устаноўкі такіх прыбораў.

У сваю чаргу В. І. Чэкан падзякаваў прысутным за работу, якую яны праводзяць у раёне па пажарнай бяспецы, адзначыўшы, што на працягу 10 апошніх гадоў на Віцебшчыне назіраецца ўстойлівае зніжэнне колькасці пажараў і загінуўшых на іх. У пацвярджэнне сваіх слоў Васілій Іванавіч прывёў статыстыку, таксама спыніўся на прычынах пажараў і падмацаваў іх прыкладамі. А ў канцы сустрэчы нагадаў, як правільна карыстацца вогнетушыцелем.

Алена ШАПАВАЛАВА. Фота аўтара.

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.