Васіліны


 

Гэты здымак, на якім у асноўным наша вялікая радня, няхай нагадае дзецям, унукам і праўнукам пра сваякоў, добрых людзей з роднай вёскі Васіліны. Іх нашчадкі штогод збіраюцца ў суботу перад святам Святой Тройцы, каб памаліцца, пакланіцца ўсім родным, што знайшлі свой апош­ні прытулак на васі­лін­скіх могілках.

Здымку больш за 60 гадоў. І ён нагадвае, як дружна і весела адзначаліся сямейныя ўрачыстасці. Глядзіш — і не верыцца, што гэтыя людзі ўсяго дзесяць гадоў таму перажылі столькі гора на самай страшнай вайне: на фронце, у фашысцкіх канцлагерах, з дзецьмі на папялішчы роднай вёскі. Цяжкія выпрабаванні аб’ядналі іх, вёска адрадзілася.

Па вечным законе прыроды ў вясновы час абу­джаюцца нашы Васіліны, патанаюць у квецені садоў, чаромхі, бэзу, слухаюць салаўіны спеў. Калісьці гэта была вёска на 260 двароў, працавітая і вясёлая, самая прыгожая, утульная і непаўторная, са сваімі слаўнымі традыцыямі, сямейнымі кланамі. І распрасціралася яна на пяць вёрст. З аднаго боку — вірлівая Дзісенка, багатая рыбай, з другога — шырокія палі, на якіх раней так добра радзілі зерне, бульба, сінявокі лён. Людзі ўмелі працаваць і весяліцца. Велікодныя святкі, Калядкі (асабліва цікава праходзіла “Жаніцьба Цярэшкі”), заказныя вечарыны. Усё — толькі разам, і ў радасці, і ў горы.

Сёння не чуваць на вуліцы вясёлага гоману дзятвы, не спяшаюцца на працу сяляне, ужо не расцягне мяхоў гармоніка наш тата Пётр. Абмялела Дзісенка, а з 260 двароў засталося каля 30-ці, і жыхароў можна пералічыць на пальцах. У свой час склаліся такія абставіны, што па лепшую долю з’ехалі ў белы свет твае дзеткі, вёска… Даруй нам, вёска за тое, што і мы з табой  павінны былі развітацца. Калісь была ў нас сям’я, а сёння — цішыня ў хаце… Нас і сапраўды было 7 “я”: тата, мама і пяцёра дачок.

У гэтыя дні ўсе, хто можа, збіраемся разам, каб узгадаць, асэнсаваць зноў і зноў тое, што тут нашы карані, продкі, і пра гэта павінны ведаць нашчадкі.

В. ШУРПІК

(у дзявоцтве Антух), г. Паставы.



1 комментарий по теме “Васіліны

  1. Увидела в Одноклассниках знакомое фото, это фото с моих крестин. У меня тоже есть это фото, спасибо за память.
    Многих уже к сожалению нет среди нас. Мама ( Екатерина Захаровна) умерла 31 год назад, а папа ( Михаил Михеевич) к нашему счастью жив, ему 86,5 лет

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.