Ветэраны — нашы васілінцы


(Верхні рад, злева направа): Мікалай Мікалаевіч Грынько, Якаў Васільевіч Міхайлаў, Дзмітрый Касцень, Іосіф Антонавіч Лысёнак, Валянцін Баляслававіч Лапушынскі, Уладзімір Міхайлавіч Касцень, Цімафей Ільіч Чарэнка, Цімафей Аляксандравіч Мажэйка; (ніжні рад, злева направа): Сяргей Іванавіч Касцень, Іван Сямёнавіч Рамановіч, Уладзімір Іванавіч Машара, Мікалай Мікалаевіч Крукоўскі, Аляксандр Пятровіч Дзіковіч, Казімір Карлавіч Кундра, Дзмітрый Лапаць і Пётр Усцінавіч Жыгалка.

Гэты фотаздымак у рэдакцыю райгазеты прынёс пастаўчанін Алік Цімафеевіч Мажэйка.

—            Год юбілейны, неўзабаве адзначым 70-годдзе Вялікай Перамогі. Вось я і падумаў: а чаму б не ўзгадаць пра сваіх землякоў, якія ваявалі на франтах і ў партызанскіх атрадах, — расказваў Алік Цімафеевіч. — На здымку — ветэраны вёскі Васіліны. Можа, хто пазайздросціць, маўляў, як жа іх многа. А гэта ж не ўсе, бо некаторыя вяскоўцы-пераможцы к таму часу ўжо адышлі ў свет іншы. Фатаграфія — наша сямейная рэліквія, яе беражліва захоўваем. Змясціце ў газеце, і гэта будзе маім сціплым падарункам святу.

Сярэдзіна 80-ых. Васілінцы, як і ўсе жыхары раёна, рупіліся на роднай зямлі, шчыравалі ў паляводстве і на жывёлагадоўчых фермах. Свае здабыткі прысвячалі 40-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. У адзін з майскіх дзён 1985-га франтавікі (двое з іх з Чарэмушнікаў) і сфатаграфаваліся на памяць каля школы (на жаль, будынка ўжо няма). Сярод ветэранаў і бацька Аліка Цімафеевіча — Цімафей Аляксандравіч Мажэйка, інвалід Вялікай Айчыннай (ён у шапцы, у верхнім радзе крайні справа). У тыя вясновыя святочныя дні яму ўручылі ордэн Айчыннай вайны I ступені — за храбрасць, стойкасць і мужнасць, праяўленыя ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі і ў азнаменаванне 40-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

—            Былі ў таты і іншыя ўзнагароды, — працягваў А. Ц. Мажэйка. — Мы, вясковыя хлапчукі, любілі пахваліцца імі адзін перад адным, гулялі з медалямі, не разумеючы, якую дарагую цану заплацілі нашы бацькі і дзяды, каб мы жылі пад мірным небам. Тыя васілінскія хлапчукі даўно раз’­ехаліся і жывуць у розных гарадах і вёсках краіны, ветэраны паўміралі. А вёска старэе, старэе. Але гісторыя не забыта, і ўсе мы, хто яшчэ жыве, можам яе ўзнавіць, каб пакінуць нашчадкам… Хацелася б, каб хто-небудзь адгукнуўся — дзеці, унукі, праўнукі герояў фотаздымка. Мой тэлефон 4-70-70.

Галіна ПІШЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.