Выпрабоўвалі конкурсы, спаборніцтвы і… надвор’е

Спорт

16 мая на базе Пастаўскага авіяцыйнага атрада дзяржаўнай авіяцыйнай аварыйна-выратавальнай установы “Авіяцыя” Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь прайшла раённая ваенна-спартыўная гульня “Зарніца”, прысвечаная 70-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Каманды пяці гарадскіх,  Гуцкай, Дунілавіцкай, Камайскай і Навасёлкаўскай сярэдніх школ, а таксама іх прадстаўнікоў і суддзяў вітаў намеснік старшыні райвыканкама Ю. М. Кісялёў.

У той суботні дзень школьнікаў выпрабоўвалі не толькі конкурсы, спаборніцтвы, але і халоднае, дажджлівае надвор’е. Большасць заданняў ім даводзілася выконваць пад адкрытым небам. Але непагадзь не стала перашкодай, рабяты праявілі спрыт, вынослівасць, даказалі, што нездарма з’яўляюцца ўдзельнікамі ваенна-спартыўнай гульні. А пачалася яна з асноўнага і найбольш адказнага конкурсу — марш-кідка. Паспяховае праходжанне двухкіламетровай дыстанцыі з перашкодамі залежала як ад індывідуальных, так і ад калектыўных дзеянняў кожнага з членаў каманд, у склад якіх уваходзілі па 4 юнакі і 3 дзяўчыны з ліку членаў БРсм. Праходзячы па маршруце, ім трэба было ўстанавіць палатку, кінуць як мага далей гранату, разабраць і сабраць аўтамат, пераадолець паласу перашкод і ўчастак хімічнага забруджвання. Заключнымі этапамі сталі  арыентаванне па азімуце і транспарціроўка “пацярпелага”. Лепшы час на марш-кідку з улікам штрафаў на этапах  паказалі каманды Камайскай, Гуцкай сярэдніх школ і СШ №1.

У поўным складзе каманды ўдзельнічалі і ў конкурсе “Старонкі гісторыі Айчыны”. Ён праводзіўся ў форме тэстаў. У хо­дзе гульні трэба было назваць асноўныя бітвы Вялікай Айчыннай вайны, гарады-героі і піянераў-герояў, адказаць на пытанні, якія датычылі партызанскага руху, палкаводцаў і военачальнікаў, што прымалі ўдзел у вызваленні Беларусі. У цэлым школьнікі паказалі добрыя веды, а найбольш грунтоўныя і поўныя адказы па гісторыі падрыхтавалі каманды Гуцкай і сярэдніх школ №1 і №3.

У стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі са становішча стоячы самымі трапнымі аказаліся прадстаўнікі Камайскай, Навасёлкаўскай і сярэдняй школы №1.

Прыбыўшы на “Зарніцу”, кожная з каманд атрымала ў суддзяў праштампаваныя лісты для афармлення “баявога лістка”. На працягу ўсёй гульні на ім занатоўваліся вынікі і найбольш цікавыя моманты конкурсаў, спаборніцтваў і іншых падзей. “Выданні” атрымаліся змястоўнымі, арыгінальнымі, з густам аформленымі. А асабліва пастараліся ўдзельнікі каманд  Дунілавіцкай, Камайскай і сярэдняй  школы №4.

Вельмі сур’ёзныя патрабаванні прад’яўляліся да ўдзельнікаў конкурсу строю і песні. Каб адпавядаць яго ўмовам, бездакорна выконваць усе практыкаванні, трэба было праяўляць уважлівасць, зла­джанасць, дасканала валодаць тэхнікай пастраення, паваротаў. Суддзі  строга падыходзілі да ацэнкі выканання кожнай каманды, улічвалі ўсе памылкі. У выніку самымі рэйтынгавымі ў аглядзе аказаліся «байцы» ваенна-спартыўнай гульні  першай, чацвёртай гарадскіх і Дунілавіцкай сярэдніх школ.

Захапляльна, цікавала і азартна праходзіў конкурс па перацягванні каната. Тут, як гавораць спецыялісты, мала адной сілы. Трэба валодаць адпаведнай тэхнікай, правільна расставіць удзельнікаў, максімальна задзейнічаць мышцы рук і ног, важна не ўпусціць і момант першага рыўка. Менавіта так стараліся дзейнічаць каманды трэцяй, Навасёлкаўскай і пятай сярэдніх школ, якія выйгралі гэты конкурс.

У цэлым юнакі і дзяўчаты паказалі добрую падрыхтоўку, настойлівасць і рашучасць. Восем каманд з дзевяці, якія сталі пераможцамі і прызёрамі  конкурсаў, узнагароджаны граматамі раённага камітэта БРСМ і раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ.

У агульным заліку перамаглі  вучні СШ №1 (на ніжнім здымку). Другое і трэцяе месцы занялі Камайская і СШ №4, наступныя —  адпаведна Навасёлкаўская, СШ №3, Дунілавіцкая, Гуцкая, сярэднія школы №5 і №2. Камандам — пераможцы і прызёрам, —   акрамя грамат раённага камітэта БРСМ, былі ўручаны памятныя падарункі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

no images were found

Пётр КУРЫЛОВІЧ.

Фота  Алены Цімашэнка.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.