Хроніка здарэнняў


Урон на 43 мільёны

Вечарам 4 мая супрацоўнікі Глыбоцкай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету затрымалі на возеры Янкішскае 43-гадовага жыхара вёскі Мягуны. З дапамогай забароненых прылад, а менавіта рыбалоўнай сеткі, ён незаконна здабыў 39 асобін карася сярэбранага, 3 асобіны ліня, 4 — ляшча і 3 — шчупака звычайнага, чым прычыніў урон прыродзе на суму больш за 43 мільёны рублёў. У адносінах да бра­каньера ўзбуджана крымінальная справа. Яму пагражае пакаранне ад буйнога штрафу да пазбаўлення волі на тэрмін да 3 гадоў.

Пад суд за пагрозу

9 мая з заявай на ўласнага мужа ў РАУС звярнулася 34-гадовая жыхарка вуліцы Першамайскай у Паставах. Патэлефанаваўшы ў райаддзел міліцыі, жанчына паведаміла, што муж толькі што пагражаў забіць яе. Падчас сваркі, якая ўспыхнула ў двары дома на глебе асабістых непрыязных адносін, выказваў намер задушыць і ў пацвярджэнне сваіх слоў схапіў за шыю рукамі. Усё гэта адбывалася на вачах у малалетняга сына. Пасля праведзенай праверкі раённым аддзелам Следчага камітэта ў адносінах да мужчыны ўзбу­джана крымінальная справа.

Зброя — не цацка

У красавіку-маі супрацоўнікамі міліцыі ўстаноўлены два факты незаконных дзеянняў грамадзян у адносінах да агня­стрэльнай зброі і боепрыпасаў. У першым выпадку 51-гадовы жыхар вуліцы Камсамольскай у Паставах незаконна набыў і захоўваў у сябе дома патроны да наразной малакалібернай зброі. У другім — 27-гадовы жыхар Шкіралёў, акрамя 7 вінтовачных патронаў, захоўваў дома самаробны рэвальвер, прыгодны для стральбы. Абодвух мужчын чакае суд.

Разагнаўся…

Ноччу 25 мая ў прыёмны пакой Пастаўскай цэнтральнай раённай бальніцы з закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, страсеннем мазгоў, пераломам касцей носа і рэзанай ранай левай кісці быў дастаўлены 27-гадовы жыхар вуліцы Касманаўтаў у райцэнтры. Пералічаныя вышэй траўмы ён атрымаў у выніку дарожна-транспартнага здарэння, рухаючыся на ўласным БМВ-525 па вуліцы Чырвонаармейскай. На прамым участку дарогі на высокай скорасці не справіўся з кіраваннем аўтамабілем і здзейсніў наезд на агароджу каля дома №45. Двое пасажыраў, якія знаходзіліся ў машыне, таксама былі дастаўлены ў бальніцу, але сур’ёзных траўм яны, на шчасце, не атрымалі. Па факце ДТЗ аддзяленнем ДАІ РАУС праводзіцца праверка.

Стаў ахвярай агню

У ноч на 24 мая ў вёсцы Міськія Юнькаўскага сельсавета згарэў жылы дом. У агні загінуў яго гаспадар. Паведамленне аб пажары ў цэнтр аператыўнага кіравання Пастаўскага РАНС паступіла ў 1 гадзіну ночы. І ўжо праз 7 хвілін на месцы выкліку працавалі падраздзяленні нашага і Мядзельскага райаддзелаў па надзвычайных сітуацыях. На момант іх прыбыцця дом быў ахоплены полымем, абваліліся дах і столевае перакрыцце. Калі агонь удалося збіць, пад элементамі даху пажарныя знайшлі труп 67-гадовага гаспадара. Па словах суседзяў, ён злоўжываў спіртнымі напіткамі, курыў. Таму ў якасці версіі ўзнікнення пажару разглядаецца неасцярожнасць загінуўшага пры курэнні.

Па зводках РАУС і РАНС

падрыхтавала Алена ШАПАВАЛАВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.