Як наказ нашчадкам пераможцаў (+фота)


Перамога! Мінаюць дзесяцігоддзі, а гэта падзея па сваёй значнасці не мае роўных сярод іншых. І колькі б вёсен па нашай зямлі ні крочыла, а з імі — і юбілеяў, кожны з іх і велічны, і непаўторны.

Вось і  сёлетні звінеў песнямі ваенных гадоў і ўрачыстымі маршамі, шматлікімі віншаваннямі і пажаданнямі, канцэртамі. 8 мая ў другой палове дня ў скверы на цэнтральнай гарадской плошчы было шматлюдна. На мітынг, прысвечаны 70-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, сабраліся ветэраны вайны і працы, воіны Пастаўскага гарнізона, школьнікі і навучэнцы, прадстаўнікі арганізацый, устаноў і прадпрыемстваў, гараджане.

Уносяцца Дзяржаўны флаг Рэспублікі Беларусь, чырвоны сцяг, выратаваны ў гады вайны настаўніцай Ганнай Іосіфаўнай Пашкевіч, і флаг Пастаўскага раёна. Вядучая Алена Слядзеўская аб’яўляе мітынг адкрытым і прадастаўляе слова старшыні райвыканкама Віктару Сяргеевічу Гутараву.

—            Сёння, напярэдадні знамянальнай гістарычнай даты, мы аддаём даніну найвялікшай павагі бяспрыкладнаму подзвігу нашага народа, — сказаў ён. — Нізка схіляем галовы перад паўшымі на полі бою і тымі, хто быў закатаваны ў канцлагерах. Гонар і слава ўсім, хто ўнёс уклад у Перамогу над нацызмам. Наша краіна за гады ваеннага ліхалецця пацярпела як ні адна іншая ў свеце. У выніку бесчалавечнага генацыду Беларусь страціла кожнага трэцяга. Была знішчана ўся інфраструктура. Перамогай мы абавязаны перш за ўсё сіле, мужнасці і стойкасці мільёнаў простых савецкіх людзей, якія, не шкадуючы сябе, змагаліся з ворагам. Змагаліся за кожны горад і за кожную вёску, стваралі народную армію партызан і падпольшчыкаў, да знямогі шчыравалі на заводах і палях, вырошчвалі хлеб, кавалі зброю вызвалення.

Прамоўца нагадаў пра тое, што з самага пачатку вайны на тэрыторыі раёна разгарнулася барацьба супраць фашысцкіх акупантаў. Тут дзейнічалі партызанскія брыгады імя Варашылава, Ракасоўскага, Гастэлы, Леніна, Суворава, іншыя. Ствараліся падпольныя камсамольска-маладзёжныя і антыфашысцкія арганізацыі і групы, падпольныя райкамы КПБ і ЛКСМБ.  Але Перамога каштавала нам дорага. За доўгія тры гады акупацыі нямецка-фашысцкія захопнікі знішчылі больш за 5,5 тысячы чалавек. Падчас карных аперацый спалена 77 вёсак, 1820 двароў. Лёс Хатыні напаткаў вёску Альцы. Назаўсёды ў пастаўскай зямлі засталіся воіны-вызваліцелі гвардыі генерал-маёр Ігнат Вікенцьевіч Кляра і гвардыі палкоўнік Дзмітрый Васільевіч Харольскі, пахаваныя ў брацкай магіле ў скверы. Тут жа, на Алеі славы, устаноўлены мемарыяльныя дошкі ў гонар нашых землякоў, якія гераічна змагаліся з ворагам і якім было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза: Ганны Іванаўны Маслоўскай і Фёдара Рыгоравіча Маркава, а таксама ў гонар воінаў-вызваліцеляў Аляксея Канстанцінавіча Галубкова, Мікалая Пятровіча Красільнікава, Васілія Паўлавіча Кірычука, Васілія Аляксеевіча Сідарэнкі.

Звяртаючыся да ветэранаў, В. С. Гутараў выказаў ім словы бязмежнай удзячнасці. Ён паведаміў, што ў рамках патрыятычнай акцыі “Не было безыменных салдат…” завершана пошукава-даследчая работа па ўсіх воінскіх пахаваннях, якія ёсць у раёне. Устаноўлена 315 раней невядомых салдат. У далейшым такая работа будзе працягвацца па ўстанаўленні прозвішчаў мірных жыхароў, якія загінулі ў гады вайны і пахаваны на тэрыторыі раёна. А лепшымі помнікамі подзвігу ветэранаў павінны стаць нашы канкрэтныя справы на карысць роднай Пастаўшчыны і яе жыхароў.

Старшыня райвыканкама выказаў надзею, каб юбілейны год Вялі­кай Перамогі прайшоў пад знакам міру, стварэння і прагрэсу, пажадаў усім шчасця, здароўя і дабрабыту.

Пра некаторыя эпізоды вайны ўзгадаў удзельнік Вялікай Айчыннай, абаронца Ленінграда Мікалай Яўстаф’евіч Зубовіч. Штодзённыя артылерыйскія абстрэлы, бамбёжкі, голад, холад… Але нішто не магло зламаць дух воінаў. Верныя прысязе, яны беззапаветна служылі Радзіме. Як наказам нашчадкам пераможцаў прагучалі словы ветэрана, звернутыя да моладзі, — берагчы подзвіг бацькоў і дзядоў, праводзіць акцыі, накіраваныя на патрыятычнае выхаванне. М. Я. Зубовіч шчыра падзякаваў медыкам цэнтральнай раённай бальніцы і ваеннага шпіталя, а таксама ўсім службам, якія дапамагаюць вырашаць шматлікія жыццёвыя пытанні. Ён павіншаваў ­удзельнікаў мітынгу са святам і пажадаў шчасця, моцнага здароўя.

Ад імя моладзі раёна да ветэранаў, гасцей звярнулася старшыня Маладзёжнай палаты Пастаўскага раёна, член ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Лізавета Галаўко. У прыватнасці, яна сказала:

— Тыя страшныя дні ўжо адышлі далёка ад нас, але яны былі, і гэта наша гісторыя, фундамент нашага сучаснага жыцця. Нават уявіць немагчыма, праз што давялося прайсці мільёнам людзей, на долю якіх выпала вайна. Мы з ­удзячнасцю будзем памятаць пра тых, хто аддаў сваё жыццё за Ра­дзіму, свабоду, светлую будучыню.

І вось яркая, знакавая падзея. Дзесяць хлопчыкаў і дзяўчынак, дзесяць лепшых вучняў, уступаюць у рады Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі. Урачыстае абяцанне зачытвае ветэран педагагічнай працы, ганаровы піянер раённай піянерскай арганізацыі, кіраўнік музея баявой і працоўнай славы СШ №2 Рэгіна Норбертаўна Ластоўская, і дзеці паўтараюць яго за ёй. А права павязаць піянерскія гальштукі прадастаўляецца ўдзельнікам народнага хору ветэранаў вайны і працы. У гэты ж час галоўным героям урачыстасці ўручаюцца кветкі.

З найлепшымі пажаданнямі і шчырымі, цёплымі віншавальнымі словамі да ветэранаў, усіх прысутных звярнуліся святары — настаяцель храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца г. Паставы протаіерэй Валерый Пашкевіч і ксёндз-дэкан, пробашч касцёла Беззаганнага Зачацця Дзевы Марыі  і Святога Антонія Падуанскага ў г. Паставы Анджэй Возьняк.

Хвілінай маўчання ўшаноўваецца памяць загінуўшых, да падножжа помніка кладуцца кветкі і вянкі. Раздаюцца залпы салюту. І блакітнае неба таксама ўшанавала свята — птушыным спевам, пяшчотным сонейкам і лёгкім ветрыкам, які старанна разносіў навокал урачыстую ўзнёсласць мерапрыемства. І, здавалася, застылі і не змаўкалі словы з песні: “И когда мы молчим, и когда мы поём,/ И молчим, и поём мы с погибшими вместе./ Это вечный наш долг перед вечным огнём./ Перед чистым огнём нашей совести».

Галіна ПІШЧ.  



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.