Ёсць усё, акрамя здароўя


Зноў прыйшла вясна. Для Васілісы Міхайлаўны Бароўка з вёскі Перавознікі Юнькаўскага сельсавета — 89-я па ліку. І радасна жанчыне, што прыгравае сонейка, абудзілася пад яго промнямі і квітнее прырода, і маркотна, бо страчана зда­роўе, не засталося сіл, каб працаваць на зямлі, што чакае клапатлівых рук.

А як шчыравала раней! І ў калгасе, і на асабістым падвор’і. Зараз засталіся толькі ўспаміны пра былое, якія таксама і радасныя, і сумныя. Самыя цяжкія — перыяду ваеннага ліхалецця. Калі пачалася Вялікая Айчынная, Васілісе споў­нілася ўсяго 15. Яна была ў сям’і самай малодшай з пецярых дзяцей, і менавіта ёй выпала нядоля зведаць рабскую працу ў нямецкай няволі.

— Цяжка, ой як цяжка прыходзілася на чужыне, — успамінала былая вязень. — Але нам яшчэ трохі пашанцавала, бо жылі не ў бараках, а ў кватэры, працавалі на заводзе, куды хадзілі за некалькі кіламетраў. А потым — 12 гадзін за такарным станком. Пастаянна хацелася есці. Зранку атрымлівалі па 300 грамаў хлеба, які адразу ж з’ядалі, і чай. У абед і вечарам — толькі суп. Хіба гэта наедак?

Іх вызвалілі амерыканскія войскі. Радасці не было межаў — вайна, а з ёй і няволя скончыліся! Але, як ні крыўдна, многія вязні менавіта ў тыя дні памерлі: некаторыя стравы, на якія яны, згаладалыя, накінуліся, аказаліся атручанымі. Якая жорсткая помста бязвінным людзям! Пасля таго выпадку вызваліцелі звезлі ўсіх учарашніх вязняў у адно месца і сталі кантраляваць прыгатаванне і раздачу ежы. Дыверсія не паўтарылася.

Дадому Васіліса дабралася, калі на дварэ ўжо стаяла восень. На шчасце, яе родная вёска ўцалела. Пачалося мірнае жыццё. Беднае, цяжкае і тым не менш вясёлае маладосцю, поўнае на­дзей на светлую будучыню. Праз некалькі гадоў выйшла замуж за вясковага хлопца. Нарадзілі і выхавалі траіх дзяцей. Самі працавалі ў калгасе.

— А цяпер вось сядзім склаўшы рукі, а дзяржава нам плаціць грошы, — гаварыла Васіліса Міхайлаўна. — Пенсіі хапае. Яшчэ і дзецям дапамагаем.

І агарод ля дома Бароўкаў не пустуе — на ім упраўляюцца сын і дачка з мужам, якія жывуць у Паставах і часта наведваюцца да бацькоў. Адным словам, для жыцця Васілісе Міхайлаўне і яе мужу Леаніду Аляксандравічу ёсць усё. Толькі б яно прадаўжалася… Каб яшчэ не адну вясну сустрэлі.

Фаіна КАСАТКІНА. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.