З дапамогай гаспадарчай брыгады

Общество

Сёлетняя вясна ўражвае кантрастамі надвор’я: то дзьме моцны, пранізлівы вецер і ідзе дождж са снегам, то раптам хмары расступаюцца, прапускаючы асляпляльна яркае сонца, і слупок тэрмометра паднімаецца да адзнакі плюс 20 градусаў і вышэй. У такія амаль летнія дзянькі многія вяскоўцы і гараджане выходзяць на прысядзібныя ўчасткі, каб прывесці ў парадак кветнікі, пасадзіць агародніну.

27 красавіка кіпела работа і ў двары дома №60 па вуліцы Чырвонаармейскай у Паставах. Тут шчыравалі работнікі гаспадарчай брыгады аддзялення тэрміновага сацыяльнага абслугоў­вання ТЦСАН Іван Генадзьевіч Спрагоўскі і Аляксандр Мікалаевіч Курыловіч. З дапамогай міні-трактара яны садзілі бульбу 84-гадоваму пенсіянеру Мікалаю Ціханавічу Навумаву. Ужо 8 гадоў мужчына жыве адзін. Адышлі ў іншы свет жонка і двое сыноў. Застаўся толькі ўнук, але ён далёка — аж у Гомелі, таму да дзядулі прыязджае рэдка. Да таго ж летась Мікалай Ціханавіч сур’ёзна захварэў, потым пад Новы год паваліўся ў двары і пашкодзіў пазваночнік. У выніку амаль перасталі слухацца ногі. Па гаспадарцы пенсіянеру дапамагае сядзелка: гатуе ежу, мые адзенне, прыбірае ў хаце. А вось з пасадкай агарода сёлета ўзнікла праблема. Суседзі параілі звярнуцца ў ТЦСАН, і літаральна праз некалькі дзён да М. Ц. Навумава прыбылі работнікі гаспадарчай брыгады.

— Наша брыгада была сфарміравана ў жніўні мінулага года, — расказваў падчас перакуру І. Г. Спрагоўскі. — Пасля набыцця тэхнікі адразу ж пачалі напрацоў­ваць кліенцкую базу і цяпер без работы не сядзім. Асабліва шмат яе ў сезон пасяўной і ўборачнай. Таксама дапамагаем адзінокім старым, інвалідам і ветэранам вайны нарыхтоўваць дровы на зіму: пілуем, сячом і складваем іх. Адным словам, робім усё па гаспадарцы. Нягледзячы на тое, што рабочы дзень у нас з васьмі гадзін раніцы да пяці вечара, часам, каб паспець выканаць усе заяўкі, прыходзіцца затрымлівацца на рабоце яшчэ на дзве-тры гадзіны. Вось і сёння трэба ўзараць восем участкаў пенсіянерам.

Расцэнкі ў гаспадарчай брыгадзе сацыяльныя. А гэта значыць, яны ніжэйшыя за тую плату, якую давялося б аддаць старым за аналагічную работу спецыяльна нанятым людзям. Напрыклад, за тое, што работнікі ТЦСАН узаралі 4 соткі агарода і на 2 сотках пасадзілі бульбу, М. Ц. Навумаў заплаціў усяго 90 тысяч рублёў. Ветэрану Вялікай Айчыннай вайны напярэдадні свята Перамогі гэта работа была б выканана бясплатна.

Алена ШАПАВАЛАВА. Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.