Заўсёды меў аўтарытэт


Боль трагедый і пакут былой вайны і аб яе ахвя­рах назаўсёды застанецца ў памяці лю­дзей. І хоць большасць тых, хто набліжаў Перамогу, адышлі ў свет іншы, засталіся іх нашчадкі,  якія ў сямейных альбомах беражліва захоўваюць фотаздымкі дарагіх людзей, а ў сэрцы — іх расказы пра цяжкія ваенныя дарогі.

Гаўрыіл Сямёнавіч Лелякоў — ураджэнец Варонежа. Але так склаўся лёс, што большая частка яго жыцця прайшла ў Варапаеве, дзе  працаваў дырэктарам мясцовага саўгаса. Нядаўна я сустрэлася з яго малодшым сынам Уладзімірам Гаўрыілавічам. Перабіралі здымкі, якія мой суразмоўца суправаджаў цікавым аповедам. Прапаную ўвазе чытачоў яго ўспаміны пра бацьку.

— Вайна застала яго ў ваенным артылерыйскім вучылішчы ў Маскве, — расказваў Уладзімір Гаўрыілавіч. — Атрымаўшы асноўныя навыкі, маладыя курсанты былі адпраўлены на абарону Масквы. Ішла зіма 1942 года, слупок тэрмометра апускаўся ніжэй за 40 градусаў. Франтавыя сто грамаў, якія атрымлівалі перад боем, былі цягучымі, як мёд. І ў такіх суровых кліматычных умовах чырвонаармейцы адстойвалі Маскву. Гэта  бітва лічыцца адной з самых жорсткіх. Савецкія войскі панеслі неймаверныя страты, але не пусцілі ворага да сталіцы краіны.

Праз пэўны час артылерыста Лелякова перакінулі ў Беларусь. Тут трапіў у акружэнне. Месяц правёў у палоне пад Мінскам. Ведаў, што ў гэтай мясцовасці дзейнічаюць партызаны. Разам з баявым таварышам сталі думаць, як вырвацца з рук фашыстаў. Аднаго разу капалі бульбу. Два вартавыя разамлелі пад цёплым сонцам і прыдрамалі. Бацьку разам з сябрам удалося ўцячы. Калі немцы заўважылі, што не хапае двух палонных, кінуліся шукаць іх. Уцекачы пасыпалі сляды махоркай, і сабакі не змаглі іх выявіць. У адной з вёсак людзі прынялі, накармілі і звялі з партызанамі атрада «Грозны». Пазней бацьку выбралі намеснікам камандзіра. Ён быў удастоены гонару прымаць удзел у парадзе, які праходзіў у Мінску з нагоды вызвалення Беларусі.

З гэтага часу пачалося мірнае жыццё, бо бацьку пакі­нулі аднаўляць разбураную народную гаспадарку. Спачатку назначылі дырэктарам Маладзечанскай машынна-трактарнай станцыі. Год вучыўся на курсах у Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках. Затым быў накіраваны дырэктарам Докшыцкай МТС, а пазней — у Варапаева.

У партызанскім атрадзе бацька пазнаёміўся з мамай Яўгеніяй Антонаўнай. Яны выхавалі двух сыноў і дачку. З’яўляліся прыкладам адданасці абранай справе, карысталіся аўтарытэтам не толькі ў дзяцей, унукаў, але і ў жыхароў гарпасёлка, калег, сяброў. Яны вучылі нас паважаць настаўнікаў, старэйшых, не даваць у крыўду таварышаў, быць разважлівымі, справядлівымі. Нам пра вайну расказваць не вельмі любілі. Але, калі да бацькі прыязджаў яго франтавы таварыш з Масквы, тады яны давалі волю пачуццям. І я стараўся слухаць іх успаміны. Шкадую, што не запісваў, бо многае сцерлася з памяці.

Бацька быў некалькі разоў цяжка паранены. Многія асколкі назаўсёды засталіся ў яго целе. Але ён ніколі ні на што не наракаў. Яго баявыя дзеянні і мірная праца адзначаны многімі ўзнагародамі, у тым ліку ордэнамі Чырвонай Зоркі,  Айчыннай вайны I і II ступені, Працоўнага Чырвонага Сцяга, медалямі “Партызану Айчыннай вайны”, “За баявыя заслугі”, “За перамогу над Германіяй” і іншымі. Часта сустракаўся са школьнікамі, вучыў іх мужнасці, цаніць мір і прадпрымаць усё для таго, каб не паўтарыўся той жах, які давялося перажыць яго пакаленню. Бацькоў няма ў жывых, але па сённяшні дзень яны аўтарытэт для нас, а памяць пра іх — гэта святое.

Запісала Анна АНІШКЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.