Загартаваныя арміяй


Яўгеній Шкіндар, Уладзіслаў Юркаўлянец, Кірыл Коваль, Аляксей Абрамовіч, Ілья Асадчы, Сяргей Цароў, Яўгеній Новікаў.

Заканчваецца вясенні прызыў на тэрміновую ваенную службу ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь. Пакуль адны юнакі не без хвалявання толькі рыхтуюцца да няпростых армейскіх будняў, іншыя гэтым часам з імі развітваюцца. З якім настроем гэта робяць? Ці складанай была служба і як паўплывала на светапогляд маладых абаронцаў Айчыны? Па адказы на гэтыя і іншыя пытанні карэспандэнт “Пастаўскага краю” Іна СНЯЖКОВА адправілася ў 1-ы радыётэхнічны цэнтр.

Напрыканцы мая тут звальнялі ў запас семярых салдат — жыхароў нашага горада і раёна, а таксама з Глыбоччыны, Міншчыны і горада Магілёў. Падчас сустрэчы яны не ўтойвалі добрага настрою: хутка іх чакае сустрэча з роднымі і сябрамі. Кожны прызнаваўся: час службы праляцеў імгненна. Здаецца, толькі ўчора збіраліся перад адпраўкай у ваенкаматах, праходзілі курс маладога байца, прывыкалі да абсалютна новага і, часам здавалася, “непад’ёмнага” армейскага рэжыму…

—            Перад пачаткам службы ў душы было крыху трывожна: пужала невядомасць, — прызнаваўся лынтупчанін Уладзіслаў Юркаўлянец. — Перажываў дарэмна. Армія не расчаравала, а толькі загартавала, дадала ўпэўненасці. Адчуваю, што за паўтара года службы змяніўся: стаў больш сабраным, арганізаваным, адказным. У гэтым заслуга старэйшых ваеннаслужачых, якія далі самыя патрэбныя — жыццёвыя — урокі. Асаблівыя словы ўдзячнасці хачу сказаць начальніку 1-га ра­дыё­тэхнічнага цэнтра падпалкоўніку Юрыю Анатольевічу Рудневу. Ён граматны і справядлівы камандзір, прафесіянал, заўсёды падтрымае і словам, і справай.

Армія навучыла юнакоў і практычным дзеянням. Яны асвоілі розныя воінскія спецыяльнасці: працавалі аператарамі радыёлакацыйных станцый, электрыкамі-дызелістамі, радыёмеханікамі. За добрасумленнае выкананне службовых абавязкаў, прыкладную воінскую дысцыпліну, ініцыятыўнасць усім прысвоены чарговыя воінскія званні, аб’яўлены падзякі.

Дні звальнення ў запас для армейцаў не менш хвалюючыя, чым пачатак службы. Яны дружна гаварылі пра тое, што не хочуць развітвацца з сябрамі, што сталі адной вялікай сям’ёй. У тым, што будуць падтрымліваць сувязі і ў далейшым, не сумняваюцца.

Многія з учарашніх салдат ужо маюць сярэднеспецыяльную або вышэйшую адукацыю і сёння смела будуюць планы. Нехта выказаў жаданне служыць у міліцыі (армія дадала новых перспектыў у плане працаўладкавання), некаторыя хочуць атрымаць дадатковую адукацыю. Іншых чакаюць на ранейшых працоўных месцах.

—            Я ў 2013 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, факультэт тэхналогіі і тэхнікі лясной прамысловасці, — расказваў глыбачанін Сяргей Цароў. — Па размеркаванні адпрацаваў год у нашым лясгасе, а пасля быў прызваны на тэрміновую службу ў армію. Не шкадую, што трапіў менавіта ў гэты радыётэхнічны цэнтр. У Паставах адчуваў сябе як дома. Тут жывуць і працуюць добразычлівыя людзі. Падчас службы мы ўдзельнічалі ў многіх гарадскіх мерапрыемствах. Ад вашага райцэнтра засталіся толькі самыя прыемныя ўражанні.

Сяргей пасля арміі вярнуўся дадому. А вось яфрэйтар Кірыл Коваль вырашыў застацца служыць у цэнтры па кантракце. Родам ён з Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці, але змяніць месца прапіскі зусім не супраць. Кажа, што такое рашэнне прыняў незадоўга да звальнення. Падчас службы працаваў механікам-вадзіцелем, адначасова асвоіў спецыяльнасць аператара ра­дыё­лакацыйных станцый.  Ды і за паўтара года прывык і да цэнтра, і да яго калектыву. Навошта яшчэ штосьці шукаць, калі тут усё падабаецца?

Такой жа думкі прытрымліваецца і яго саслужывец з Пастаў сяржант Ілья Асадчы. Ён ці не з першых дзён імкнуўся да таго, каб застацца ў цэнтры і пасля праходжання службы. Зарэкамендаваў сябе хутка, быў назначаны на пасаду камандзіра аддзялення радыёлакацыйнага вузла. Упэўнены, што і надалей армія будзе прыносіць задавальненне.

Намеснік начальніка цэнтра па ідэалагічнай рабоце маёр Дзмітрый Валянцінавіч Дзевятоўскі адзначыў, што амаль у кожным прызыве ёсць ахвотнікі служыць па кантракце. Але аднаго жадання мала.

—            Служба ў нашым цэнтры мае шэраг асаблівасцей, таму адбор юнакоў строгі, — гаварыў ён. —  Падраздзяленне нясе кругласутачнае баявое дзяжурства па ахове Дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь у паветранай прасторы. Гэтыя юнакі са сваімі задачамі справіліся на выдатна. Жадаю кожнаму з іх знайсці сябе ў жыцці, стварыць моцныя сем’і, але ніколі не забываць час армейскай службы, па магчымасці нагадваць пра сябе, дзяліцца поспехамі і дасягненнямі — мы бу­дзем радавацца ім, як сваім.

На змену звольненым у запас ваеннаслужачым у хуткім часе ў радыётэхнічны цэнтр прыйдзе новае папаўненне.

—            Што пажадалі б ім? — спыталася ў дэмбеляў.

—            Не падаць духам! Час праляціць вельмі хутка, і ён стане карысным для кожнага…

Іна СНЯЖКОВА. Фота аўтара.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.