Застаецца на кантролі

Местная власть

18 красавіка 2014 года на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта разглядалася пытанне, як у раёне выконваюцца патрабаванні Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 сакавіка 2004 года №1 “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны” ў частцы паляпшэння ўмоў і аховы працы і папярэджання вытворчага траўматызму. Прайшоў год. Як выконваецца прынятае на тым пася­джэнні рашэнне? Што ажыццёўлена і што яшчэ трэба зрабіць? Усё гэта абмеркавана на красавіцкім пасяджэнні бягучага года.

Вёў яго старшыня райвыканкама В. С. Гутараў. У рабоце прынялі ўдзел начальнік Глыбоцкай міжраённай інспекцыі Віцебскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інс­пекцыі працы М. В. Глінскі і галоўны дзяржаўны інспектар гэтай жа інспекцыі У. Г. Пляшак. З інфармацыяй па абмяркоўваемым пытанні выступіла галоўны спецыяліст па ахове працы ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ж. В. Цуканава.

Адзначана, што ў раёне нямала зроблена па паляпшэнні ўмоў і аховы працы, папярэджанні выпадкаў вытворчага траўматызму. Асаблівая ўвага надаецца стварэнню ўмоў, якія забяспечваюць захаванне жыцця і здароўя работнікаў, зніжэнне прафесійнай рызыкі. У 2014 годзе ў поўным аб’ёме выкананы параметры Мерапрыемстваў па паляпшэнні ўмоў і аховы працы, зацверджаныя рашэннем райвыканкама 25 сту­дзеня 2011 года №106 на 2011—2015 гады. Палепшаны ўмовы працы на 167 рабочых месцах са шкоднымі і небяспечнымі ўмовамі. Укаранёна практыка правядзення месячнікаў па забеспячэнні бяспечных умоў працы. На пастаянным кантролі знаходзіцца ўкараненне сістэмы кіравання аховай працы ў адпаведнасці з дзяржаўным стандартам Рэспублікі Беларусь СТБ-1801. Працуюць мабільныя групы па выяўленні і аператыўным ухіленні парушэнняў заканадаўства аб працы і ахове працы. У 2014 годзе не дапушчана смяротнага траўматызму, цяжкага — 2 выпадкі, у бягучым годзе — ніводнага.

За мінулы год за парушэнні працоўнай і вытворчай дысцыпліны прыцягнуты да адказнасці 725 работнікаў, спынены працоўныя адносіны — з 256-цю, скасаваны 2 кантракты са службовымі асобамі за парушэнні аховы працы і тэхнікі бяспекі, у выніку якіх атрымалі знявечанне работнікі, падначаленыя ім. Органамі дзяржаўнага нагляду і кантролю праведзены 203 праверкі захавання заканадаўства аб ахове працы, электрабяспецы і вытворчай санітарыі, у першым квартале бягучага года — 80. Прыменены эканамічныя санкцыі да 41 наймальніка і 66-ці службовых асоб. У першым квартале 2015 — да 18 і 32 адпаведна. Найбольшая колькасць парушэнняў выяўлена ў ААТ “Парыж-агра”, “Ярэва-агра”, “Камайскі-агра”, СП “Дунілавічы-агра”. У сельгасарганізацыях не ўсе, хто працуе ў шкодных і небяспечных умовах, прайшлі ва ўстаноўленыя тэрміны медыцынскія агляды, работнікі не ў поўнай меры забяспечваюцца спецадзеннем, абуткам і іншымі сродкамі індывідуальнай аховы. Дапускаюцца выпадкі выканання работ без правя­дзення інструктажу і праверкі ведаў, эксплуатацыя няспраўнага абсталявання, трактароў без абгароджвання карданных валоў і без правя­дзення тэхаглядаў.

У прынятым па абмеркаваным пытанні рашэнні ўказана на недастатковую работу ўпраўленню сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама. За шматлікія парушэнні заканадаўства аб ахове працы ў частцы незабеспячэння бяспечных умоў працы работнікам вырашана прыцягнуць да дысцыплінарнай адказнасці дырэктара СП “Дунілавічы-агра” і рэкамендаваць наглядальным саветам ААТ “Парыж-агра”, “Ярэва-агра”, “Камайскі-агра” прыцягнуць да дысцыплінарнай адказнасці кіраўнікоў гэтых гаспадарак.

У сувязі з тым, што асобныя пункты рашэння №405, прынятага райвыканкамам год назад, не выкананы, яно застаецца на кантролі.

Фаіна КАСАТКІНА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.