Зноў кліча стадыён

Спорт

 

Пасля даволі працяглага перапынку, да радасці аматараў спорту, у Паставах напрыканцы мая зноў пачынаецца футбольны сезон і стартуе чэмпіянат Віцебскай вобласці ў абноўленым фармаце. Выканкам абласной федэрацыі футбола прыняў днямі рашэнне аб рэарганізацыі першынства: замест ранейшага дзялення на 1-ю і 2-ю лігі ўтвораны дзве зоны — заходняя “А” і ўсходняя “Б”. Дарэчы, сёлета спаўняецца 10 гадоў, як пасля рэканструкцыі адкрыўся абноўлены гарадскі стадыён і пачалося станаўленне пастаўскага футбола. Наша тагачасная каманда “Атлант” стала гуляць у абласным першынстве і адразу заняла ганаровае 5-е месца. Потым 3 гады запар футбалісты з Пастаў з пераменным поспехам гулялі і ў чэмпіянаце Беларусі, дзе былі сярод лідараў, а юнакі ПМЦ ва ўзросце 17 гадоў выйгралі сярэбраныя медалі нацыянальнага першынства.

У далейшым дарослыя пастаўскія каманды тройчы былі пераможцамі такіх абласных турніраў у 2-й лізе, гулялі ў пераходным турніры. У сезоне 2010 года тагачаснай камандзе “Паставы-ПМЦ” не ўдалося замацавацца ў эліце і яна фінішавала на апошнім 10-м месцы. І вось для абноўленай каманды горада, якую па-ранейшаму трэніруе вядомы спецыяліст В. М. Грантоўскі, пачынаюцца новыя выпрабаванні. У гэтым сезоне сапернікамі нашых футбалістаў стануць 8 каманд, сярод якіх сярэбраны медаліст 1-й лігі каманда “Азярцы” (Глыбокае), моцныя клубы “Полацкгаз”, “Ветразь” (Докшыцы), “Дзвіна-Барс” (Верхнядзвінск), «Лепелька» (Лепель) а таксама каманды з Шаркаўшчыны, Міёр, Шуміліна. На папярэднім этапе каманды згуляюць паміж сабой двойчы, пасля чаго вызначыцца чацвёрка мацнейшых, якая прадоўжыць барацьбу ў наступным раўндзе, падобным на розыгрыш хакейнага першынства свету.

Аднак гэта будзе наперадзе, а ўвогуле саперніцтва сёлета чакаецца вельмі напружанае і цікавае. У параўнанні з мінулым сезонам касцяк нашай маладой каманды ў асноўным захаваўся. Да ўдзелу ў чэмпіянаце вобласці за каманду “ПМЦ-Паставы” сёлета заявілі 27 ігракоў, у тым ліку трох 16-гадовых выхаванцаў былой футбольнай акадэміі: Сяргея Місніка, Мікіту Прыходзьку і Ілью Чавусава. Большую частку калектыву таксама складаюць маладыя хлопцы, якія прайшлі курсы падрыхтоўкі футбольнай школы ПМЦ. А павядуць іх у бой найвопытнейшыя лідары Ула­дзімір Карага, Яўген Грантоўскі, Руслан Зелянкевіч, Аляксандр Жарскі і іншыя. Для паспяховага выступлення пастаўчанам спатрэбіцца актыўная падтрымка іх прыхільнікаў, а ў першым матчы каманда “ПМЦ-Паставы” згуляе ў суботу, 30 мая, на выездзе ў Шаркаўшчыне. Нашы футбалісты актыўна рыхтаваліся да новага сезона і пастараюцца парадаваць аматараў спорту ўдалымі выступленнямі на стадыёнах вобласці.

Уладзімір ШЫК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.