Зрабілі асфальт каляровым


9 мая асфальт па вуліцы 17 Верасня (ад плошчы Леніна да Камсамольскай) ператварыўся ў сапраўдную карцінную галерэю. А зрабілі праезную частку яркай і маляўнічай навучэнцы школы мастацтваў імя А. Ромера.

Акцыя малюнка на асфальце праводзілася ў гонар 70-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Удзел у ёй прынялі ўсе педагогі і 46 навучэнцаў школы мастацтваў. Асноўная задача, якую ставілі перад сабой мастакі, — не вызначыць аўтара лепшай работы, а падзякаваць усім удзельнікам і ветэранам Вялікай Айчыннай, якія здабылі для нас права жыць у свабоднай краіне, не чуць зброевых стрэлаў, не бачыць палаючых у агні населеных пунктаў. Для правядзення акцыі цэнтралізавана закупілі каляровую крэйду.

Перад удзельнікамі не ўстанаўлівалася ні часавых рамак, ні іншых абмежаванняў, наадварот, палёт творчай думкі і яе адлюстраванне пры дапамозе выяўленчага мастацтва толькі віталіся. Напэўна, таму ні адзін малюнак не быў падобны на іншы. Асфальт упрыгожылі воіны-вызваліцелі, ваенная тэхніка, святочныя салюты, пяціканцовыя чырвоныя зоркі, сімвалы міру — галубы, патрыятычныя надпісы і многае іншае.

Самыя маленькія наведвальнікі школы мастацтваў — навучэнцы падрыхтоўчых груп — таксама прынялі ўдзел у акцыі: напярэдадні свята яны зрабілі маляўнічыя паштоўкі, якія падчас урачыстасцей уручылі ветэранам і вязням Вялікай Айчыннай вайны.

У гэты ж дзень на цэнтральнай плошчы горада, каля фантана, была арганізавана выстава работ навучэнцаў школы мастацтваў.

Складалася яна з трыццаці лепшых малюнкаў, зробленых дзецьмі напярэдадні свята. З аформленых у рамкі работ гля­дзелі поўныя слёз і смутку вочы дзяцей, мужныя твары салдат і партызан, нашчадкі ветэранаў. Са сцэнамі бітваў суседнічалі моманты падняцця сцяга над рэйхстагам, адпачынку паміж баямі, жыцця ў зямлянках, святкавання Перамогі, абеліскі, Вечны агонь… Не менш пранікнёнымі былі і назвы работ. Выстава выклікала жывую цікавасць у жыхароў горада, шматлікія гледачы падоўгу разглядалі кожны малюнак.

Тэкст і фота

Веранікі ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.