З’явіліся тры алеі

Общество

23 красавіка ў аграгарадку Навасёлкі прайшла акцыя па пасадцы дрэў у гонар 70-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Мерапрыемства адбылося ў рамках праекта па добраўпарадкаванні населенага пункта, які распрацаваны з улікам пажаданняў жыхароў аграгарадка і паэтапна будзе рэалізоў­вацца на працягу блі­жэйшых гадоў.

Адзін з пунктаў канцэпцыі развіцця Навасёлак датычыць акультурвання сквера ў цэнтры вёскі. У прыватнасці, запаўнення яго прасторы такім чынам, каб месца адпачынку было функцыянальным і выглядала прывабна. З гэтай мэтай у 2013 годзе тут абсталявалі дзіцячую пляцоўку, а на мінулым тыдні  высадзілі саджанцы дрэў.

Акцыя перш за ўсё была накіравана на патрыятычнае выхаванне моладзі, таму асноўнымі яе ўдзельнікамі сталі вучні Навасёлкаўскай сярэдняй школы. Удзел у мерапрыемстве таксама прынялі дэпутаты сельскага Савета, настаўнікі, першы сакратар райкама Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Іна Каралёва, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ «Навасёлкі-Лучай» Славамір Генрыхавіч Шапель і старшыня сельскага выканаўчага камітэта Канстанцін Эдуардавіч Мядз­ведзеў. Звяртаючыся да прысутных, ён адзначыў:

— Мы маем магчымасць далучыцца да рэспубліканскай акцыі па пасадцы дрэў у гонар 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Пройдзе некалькі гадоў, і сённяшнія са­джанцы ператворацца ў велічныя прыгожыя дрэвы, і вы будзеце радавацца, што маеце дачыненне да іх пасадкі, — гаварыў Канстанцін Эдуардавіч. — Спадзяюся, што мы не толькі захаваем тое, што робіцца па добраўпарадкаванні і азеляненні аграгарадка, але і будзем прымнажаць у далейшым.

Сумеснымі намаганнямі дзяцей і дарослых у скверы аграгарадка Навасёлкі з’явіліся адразу тры алеі, якія размясціліся радыяльна па сыходзячых ад цэнтра дарожках. Уздоўж Алеі працоўнай і баявой славы будуць цягнуцца да сонца клёны, Алею памяці (яна прысвечана ветэранам Вялікай Айчыннай вайны) акаймляюць хвоі, а Алею моладзі ўпрыгожаць ліпы. Усяго 29 саджанцаў дрэў. Прыкладна такая ж колькасць соснаў, ліп і клёнаў у гэты дзень з’явілася і на ўездзе ў аграгарадок, а таксама каля адміністрацыйнага будынка ААТ «Навасёлкі-Лучай». Пасадачны матэрыял прадаставілі Старадворскае і Груздаўскае лясніцтвы, а транспарт для яго дастаўкі — дырэктар сельскагаспадарчага прадпрыемства Юрый Фран­цішкавіч Шымчык.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.