І не даць разрасціся баршчэўніку

Общество

Падчас падрыхтоўкі да пасяджэння прэзідыума раённага Савета дэпутатаў, на якое выносіліся пытанні: «Аб мерах, якія прымаюцца органамі і суб’ектамі гаспадарання па выкананні зямельнага заканадаўства, эфектыўным і рацыянальным выкарыстанні зямельных рэсурсаў на тэрыторыі раёна» і «Аб выкананні мерапрыемстваў па добраўпарадкаванні сельскіх населеных пунктаў і рэалізацыі Указа Прэзідэнта № 100 «Аб мерах па ўдасканаленні ўліку і скарачэнні колькасці пустуючых і трухлявых дамоў у сельскай мясцовасці», праведзены аб’езд часткі тэрыторый Юнькаўскага, Камайскага і Лынтупскага сельсаветаў.

Удзел у ім прынялі прадстаўнікі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, землеўпарадкавальнай службы і  аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама, раённай інс­пекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, старшыні сель­скіх выканаўчых камітэтаў на чале са старшынёй раённага Савета дэпутатаў В. П. Арэхавым. Асаблівая ўвага звярталася на ўтрыманне населеных пунктаў, вытворчых памяшканняў сельгаспрадпрыемстваў, могілак, міні-палігонаў, дарог і прыдарожных палос.

Вынікі аб’езду былі падведзены на нарадзе, якая адбылася ў Лынтупскім сельвыканкаме. Па ўсіх выяўленых недахопах вынесены прадпісанні, устаноўлены тэрміны іх ліквідацыі. У прыватнасці, не на ўсіх малочнатаварных фермах праведзены ачыстка сянажных траншэй і рамонт агароджы тэрыторыі. Дзе-нідзе валяюцца рэшткі саломы, поліэтыленавай плёнкі, металалому. Патрабуюцца падсыпка і абвалаванне тэрыторыі адной з воданапорных веж. Тэрыторыі некаторых мехмайстэрняў неабходна ачыс­ціць ад металалому, а таксама ўстанавіць агароджы ў месцах складзіравання металалому і шын. На асобных міні-палігонах трэба правесці абвалаванне і буртаванне бытавых адходаў. Не на ўсіх участках дарог і пад лініямі электраперадачы праведзена ўборка высечанай хмызняковай расліннасці. Асабліва непрыемнае ўражанне засталося ад выгляду перыметра  могілак у вёсцы Вярэнькі. Аматары алкагольных напіткаў ператварылі святое месца ў сметнік. Уздоўж агароджы валяюцца пластыкавыя ёмкасці, бутэлькі і каробкі з-пад віна, а зямля выслана коркамі і недакуркамі. Такімі паводзінамі нядобрасумленныя грамадзяне не толькі зневажаюць памяць спачылых, але і наносяць непапраўную шкоду навакольнаму асяроддзю. І гэта пры тым, што побач стаіць практычна пусты кантэйнер.

— Нягледзячы на выяўленыя парушэнні, не магу не адзначыць, што і мясцовай уладай, і суб’ектамі гаспадарання, і прадпрыемствамі-шэфамі праводзіцца вялікая работа, — падсумаваў Віктар Пятровіч Арэхаў. — Населеныя пункты выглядаюць дагледжанымі, не кідаюцца ў вочы агароджы, якія пакасіліся або згнілі, няма бур’яну, многае зроблена па ўпарадкаванні звалак. Хочацца звярнуць увагу на неабходнасць неадкладных дзеянняў па барацьбе з баршчэўнікам Сасноўскага. Гэту небяспечную расліну трэба скасіць. Дзе такой магчымасці няма — пераараць зямлю. Усё трэба зрабіць цяпер, пакуль баршчэўнік не ўвайшоў у фазу цвіцення.

Таксама на нарадзе абмеркавалі пытанні, якія датычацца рэалізацыі Указа Прэзідэнта № 100. У прыватнасці размова ішла пра асваенне 240 мільёнаў беларускіх рублёў, якія выдзелены нашаму раёну з абласнога бюджэту на знос старых і пустуючых дамоў. Працэс ліквідацыі такіх будынкаў абыходзіцца дзяржаве не танна — на рэкультывацыю аднаго дома траціцца каля 5-7 мільёнаў.

Вераніка ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.