І ў вучобе, і ў творчасці — лідар

Личности

Вераніка Мелехавец

Апошнія тыдні мая для выпускніцы гімназіі Веранікі Мелехавец сталі асабліва напружанымі, ільвіная доля яе часу была прысвечана падрыхтоўцы да школьных экзаменаў і цэнтралізаванага тэсціравання, ад вынікаў якога залежыць ні многа ні мала — будучыня. Тым не менш, прэтэндэнтка на залаты медаль паспявала не толькі з вучэбнымі справамі, але і з творчымі. 19 мая Вераніка ўдзельнічала ў раённым конкурсе “Танцавальны мікс”, дзе яе харэаграфічная пастаноўка адзначана дыпломам ІІ ступені, а 23 мая ў раённай бібліятэцы прэзентавала зборнік уласных вершаў “Нет ничего важнее мелочей”.

Вераніка ўмее бачыць сэнс у дробязях, што і прадэманстравала, чытаючы свае вершы. Складаць іх пачала чатыры гады назад. Да гэтага падштурхнуў выпадак: знаёмы папрасіў напісаць словы да ўжо існуючай музыкі. Справа так захапіла школьніцу, што яна і далей працягвала выказваць на паперы свае шматлікія эмоцыі, перажыванні. За непрацяглы час назбіралася больш за сотню твораў, лепшыя з якіх дзяўчына вырашыла сістэматызаваць і надрукаваць. Тыраж зборніка склаў 40 экзэмпляраў. У ім змясціліся тры дзясяткі вершаў, некалькі празаічных замалёвак. Большасць экзэмпляраў аўтар падарыла прысутным на вечарыне родным, сябрам, настаўнікам.

Творчыя людзі — ці то гэта пісьменнікі, мастакі, ці музыканты — маюць свой, адрозны, погляд на жыццё і з’явы, якія ў ім адбываюцца. Вераніка Мелехавец не выключэнне. Яна малады лірык з часта не па гадах дарослымі і мудрымі разважаннямі, якія выліваюцца ў нестандартныя па форме і змесце творы. Сваім літаратурным кумірам у добрым сэнсе гэтага слова лічыць сучасную рускую паэтэсу Веру Палазкову, таксама захапляецца лірыкай Сяргея Ясеніна і Ула­дзіміра Маякоўскага.

Падчас прэзентацыі таксама выступіла пастаўчанка Анастасія Анісімовіч, якая паклала вершы Веранікі на музыку і праспявала гледачам пад гітару. Гэты момант, як і ўсё мерапрыемства ў цэлым, стаў для маладой аўтаркі вельмі хвалюючым, яна не пераставала дзякаваць родным, блізкім, сябрам, свайму каханаму Аляксандру за пастаянную падтрымку і натхненне.

Не менш хваляваліся і бацькі, якія не маглі не прысутнічаць у зале.

— Безумоўна, эмоцыі перапаўняюць мяне, — прызнаваўся тата Веранікі Алег Аляксандравіч. — Прыемна, што дачка радуе талентам, поспехамі. Мне знаёмыя яе захапленні. Я таксама пісаў у арміі вершы, займалася гэтым і маці маёй жонкі. Але тое было раней. Цяпер новы час з новымі ідэаламі, інакшым света­ўспрыманнем.

З выхадам зборніка Вераніку Мелехавец павіншаваў і  вядомы пастаўскі краязнаўца і паэт Ігар Міхайлавіч Пракаповіч. Ён адзначыў працавітасць, талент дзяўчыны, яе ўсебаковае развіццё, пажадаў не спыняцца на дасягнутым, мець больш чытачоў, не забываць пры напісанні вершаў пра родную мову.

Шмат цёплых слоў гучала і ад настаўнікаў. Сярод іх была і кіраўнік ансамбля танца “Непоседы” раённага цэнтра дзяцей і моладзі Валянціна Савельеўна Бахановіч. Дзякуючы ёй танцы сталі неад’емнай часткай жыцця Веранікі. Праўда, не адразу. На першым часе ў нявопытнай вучаніцы мала што атрымлівалася, але настойлівасць выкладчыцы, якая ўсяляк падтрымлівала і дадавала веры ў сябе, зра­біла сваю справу. Ужо ў 8 класе дзяўчына выступіла ў якасці пастаноўшчыка танцавальнага нумара. Займаецца гэтым і цяпер, прыцягваючы да свайго захаплення гімназістаў рознага ўзросту: ад шасцікласнікаў да выпускнікоў. На нядаўнім “Танцавальным міксе” на сцэну разам са сваім лідарам выйшаў 21 вучань, яны паказалі 2 сучасныя танцы і за адзін з іх былі адзначаны дыпломам.

Яшчэ адно захапленне Веранікі — англійская мова. У гімназіі прадмет выкладае Ларыса Рыгораўна Андрушкевіч. У многім дзякуючы прафесіяналізму педагога дзяўчына пастаянна ўдзельнічае ў раённым конкурсе міжнародных камунікацый, неаднойчы прадстаўляла раён на абласным этапе гэтага спаборніцтва. Піша даследчыя работы. Праўда, звязаць з філалогіяй будучую прафесію не збіраецца: марыць стаць юрыстам.

Вераніка з нецярпеннем чакае час студэнцтва. Наогул, яна вельмі любіць перамены ў жыцці і часта іх сама сабе арганізуе. Летась, напрыклад, вырашыла паспрабаваць сябе ў маляванні і пачала наведваць адпаведны гурток у раённым цэнтры дзяцей і моладзі. Там таксама вучылася граць на гітары, спявала на аматарскім узроўні. Вельмі цесна сябруе са спортам. Не так даўно ўдзельнічала ў абласных спаборніцтвах па летнім мнагаборстве “Здароўе”, дзе ў складзе каманды Пастаўскага раёна заняла 2-ое месца сярод 26 каманд. Таксама любіць веласіпедныя прагулкі, вітае любыя вандроўкі, падарожжы. Ёй заўсёды за шчасце з’ездзіць на сваю малую радзіму — горад Ганцавічы, дзе нарадзілася і пражыла некалькі гадоў. Як вабіць, здзіўляе, натхняе Беларускае Палессе!

А які вольны час без кніг? Вераніка з усмешкай успамінала, што ў дзяцінстве замест казак чытала… энцыклапедыі. Брала — і чытала ўсё без разбору. Цяпер зачытваецца Харукі Маракамі, Агатай Крысці… Знаходзіць час і на кнігі па псіхалогіі.

У Веранікі шмат жыццёвых прынцыпаў, якіх прытрымліваецца штодня: аддае людзям эмоцый і добрых спраў больш, чым атрымлівае, максімальна карысна выкарыстоўвае кожную хвіліну новага дня, цэніць сяброўства і атрымлівае безліч асалоды ад зносін з блізкімі людзьмі.

Яшчэ адна яе “прывычка” — крытычна ставіцца да ўсяго, што робіць. Пасля заканчэння кожнай справы заўсёды кажа сабе: “Я магу лепш!” Можа, у гэтым і ёсць сакрэт поспеху?

Іна СНЯЖКОВА. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.