Наватар, пакутнік, патрыёт

Культура

Зоркі сапраўдных паэтаў не згасаюць. Іх творы нясуць святло, таямнічасць, выклікаюць мноства думак і праз многія дзесяцігоддзі пасля смерці аўтара. Яскравы прыклад — творчасць слыннага сына пастаўскай зямлі, адной з самых адметных постацей у беларускай літаратуры XX стагоддзя Уладзіміра Дубоўкі. 15 ліпеня будзе адзначацца 115-годдзе з дня яго нара­джэння, але яго прасякнутыя патрыятызмам і філасофіяй творы і сёння маюць свайго чытача.

Уладзімір Дубоўка, чалавек вялікага таленту і няпростага лёсу, нарадзіўся ў невялікай вёсцы Агароднікі, што за 11 км ад райцэнтра. Менавіта тут, сярод непаўторных краявідаў сваёй малой радзімы, будучы паэт-наватар рабіў першыя крокі ў жыцці і творчасці.

Лёс наканаваў яму шмат адметных падзей — ад радасных да трагічных. Спачатку Дубоўка — арганізатар літаратурных аб’яднанняў “Маладняк” і “Узвышша”, паэт-лідар свайго пакалення, які пастаянна знаходзіўся ў цэнтры ўвагі чытачоў і крытыкаў, затым — вязень сталінскага канцлагера, пакутнік, які спазнаў пекла рэпрэсій, зняволення і ссылак. Але, нягле­дзячы на шматлікія выпрабаванні, ён застаўся патрыётам. Вярнуўшыся пасля дваццаці сямі гадоў зняслаўлення і выгнання, Ула­дзімір Дубоўка зноў уключыўся ў літаратурнае жыццё 1960-1970 гадоў, напісаў нямала новых твораў і стаў лаўрэатам адной з самых прэстыжных у БССР Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы. Творы нашага земляка вабяць хараством і дасканаласцю мастацкай формы, нечаканымі вобразнымі асацыяцыямі, смелымі эксперыментамі, глыбіннымі сувязямі з літаратурнымі традыцыямі.

Дубоўкам ганарыцца ўся Баларусь, і асабліва яго родная Пастаўшчына. Яго імя носяць дзіцячая бібліятэка ў райцэнтры, адна з гарадскіх вуліц, ладзяцца тэматычныя мерапрыемствы. Вось і нядаўна, напрыканцы мая, завяршыўся конкурс, прысвечаны 115-годдзю вялікага паэта, сярод школьнікаў, якія прадэманстравалі добрае веданне яго творчасці. У бліжэйшы час у супрацоўнікаў дзіцячай бібліятэкі ёсць планы зняць фільм пра жыццё і творчасць Уладзіміра Дубоўкі.

Вершы Дубоўкі будуць гучаць і на сённяшнім літаратурным свяце “Мая зямля, мая Радзіма завецца светла — Беларусь”, якое пачнецца ў 11 гадзін у канцэртнай зале па вуліцы Чырвонаармейскай. Яно таксама падорыць знаёмства з вершамі і іншых пісьменнікаў і паэтаў Пастаўшчыны, а таксама  з Докшыц. А малая радзіма натхняла і натхняе многіх аўтараў. Багатую творчую спадчыну пакінулі пасля сябе Алесь Касцень, Ніна Захарэвіч, Слава Ліпень, Леанід Трубач, Аркадзь Нафрановіч, якіх, на жаль, сёння з намі ўжо няма. Працягваюць шчыраваць на паэтычнай ніве Ігар Пракаповіч, Наталія Карнілава, Воля Лісіцкая, Лідзія Стрылец, Марына Кавалёнак і іншыя майстры вершаванага слова.

Іна СНЯЖКОВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.