Ніхто не хацеў саступаць

Спорт

“ПМЦ-Паставы” – ФК “Глыбокае” – 0:0

 

Упрыгажэннем музычнага фестывалю стала і гэта цікавая гульня суседзяў, якая трымала ў напружанні гледачоў да самага фінальнага свістка. Калі гасцям удалося згуляць у сваім аптымальным складзе, то ў пастаўчан на перадгульнявой размінцы пашкодзіў мышцу нагі абаронца Руслан Жылевіч і не змог выйсці на поле. Яго экстранна замянілі. У сярэдзіне першага тайма падчас барацьбы за верхавы мяч атрымаў удар у твар яго таварыш па амплуа Аляксандр Жарскі і пасля аказання медыцынскай дапамогі дагуляў толькі да перапынку.

У першай палове сустрэчы гаспадарам прыйшлося нялёгка, бо вельмі небяспечна атакавалі глыбачане (пагрозу неслі іх вуглавыя ўдары). Праўда, і ў скла­дзе пастаўчан на 23-й хвіліне мог адкрыць лік Максім Голубеў з блізкай адлегласці, аднак няўдала апрацаваў перадачу. У канцоўцы першага тайма пайшоў дождж, і пасля адпачынку гаспадары сталі бліжэй да перамогі. Пастаўчане некалькі разоў узорна пераходзілі з мячом ад абароны і аказваліся на ўдарных пазіцыях. Асабліва прыгожым атрымаўся  моцны заключны ўдар з ходу з 35 метраў у Руслана Зелянкевіча, але мяч адбіла перакладзіна варот.

Перад гэтым глыбачане ўпусцілі яўную магчымасць вызначыцца, калі без перашкод на вароты саперніка выбег нападаючы Віталь Стоцік. Малады варатар ПМЦ Мікіта Прыходзька парыраваў небяспечны ўдар і выратаваў сваю каманду. У канцоўцы хапала працы яго глыбоцкаму калегу. Гледачы хоць і не ўбачылі забітых галоў, але атрымалі задавальненне ад гульні абедзвюх каманд. Гэты няпросты матч годна згулялі пастаўчане Прыходзька, Танана, Дубін. Амбразевіч (Міснік), Жарскі (Я. Грантоўскі), Голубеў (Лысёнак), Карага (к), Зелянкевіч, Павініч, Цітовіч, Якаўлеў.

Аднаасобным лідарам першынства з 9 набранымі ачкамі стаў “Полацкгаз”, які з лікам 2:1 перамог каманду Міёр. ФК “Лепель” з лікам 4:1 разграміў “Дзвіну-Барс” (Верхнядзвінск). Докшыцкі “Ветразь” забіў 6 мячоў у вароты шаркаўшчынскай каманды.

Гульня пастаўчан з ФК “Лепель” адбудзецца сёння ў 17.30 на стадыёне ПМЦ.

Уладзімір ШЫК.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.