Сем дзён па сем гадзін

Образование

Для старшакласнікаў летнія канікулы — выдатная магчымасць не толькі адпачыць, але і правесці час з карысцю. Традыцыйна зрабіць гэта можна ў школьных брыгадах па рамонце і добраўпарадкаванні школы і прышкольнай тэрыторыі, якія дзейнічаюць у раёне ў чэрвені. Рамонтныя брыгады створаны на базе ўсіх гарадскіх, а таксама Варапаеўскай і Гуцкай школ. Усяго 7 брыгад агульнай колькасцю 56 чалавек.

Атрадам, які дзейнічае ў сярэдняй школе №5, кіруе Алена Ананьеўна Храпун. Пад яе наглядам дзесяць будучых адзінаццацікласнікаў займаюцца падрыхтоўкай школы да новага навучальнага года.

— Кожны працоўны дзень пачынаецца з невялікай планёркі, на якой праводзіцца інструктаж па тэхніцы бяспекі і размяркоўваюцца абавязкі, — расказвае пра арганізацыю рамонтнага працэсу А. А. Храпун. — За сем дзён — столькі моладзь будзе працаваць у атрадзе — навучэнцам патрэбна выканаць даволі вялікі аб’­ём работ. Школьнікі займаюцца падрыхтоўкай да афарбоўкі і непасрэдна афарбоўкай сцен, падлог, вокнаў, радыятараў ацяплення і спартыўнага інвентару на спартпляцоўцы. Таксама клеяць шпалеры і абнаўляюць каляровыя малюнкі на сценах у ка­лідорах.

Працоўны дзень атрада пачынаецца ў 8.00 і доўжыцца да 16.00. Перапынак на абед — адна гадзіна. Нагрузка не маленькая, але хлопцы і дзяўчаты працуюць без стомы, прычым шчыруюць усе без выключэння. У ліку лепшых — брыгадзір атрада Сяргей Оррэ, якому па сілах нават самыя складаныя работы.

— Першы раз трапіў у рамонтную брыгаду ў мінулым годзе. Працаваць спадабалася, таму і сёлета вырашыў не марнаваць час дарма, а скарыстацца магчымасцю зарабіць. Палову свайго першага заробку аддаў бацькам, другую — пакінуў сабе. Гэтак жа планую паступіць і зараз, — расказваў Сяргей.

Не саступаюць брыгадзіру атрада ў працавітасці Кацярына Сімагасціцкая, Арцём Бандарэнка, Кацярына Падгайская, Сяргей Каляга, Алеся Жаўнова, Яраслаў Бесалбасаў, Карына Казенка, Мікіта Семяніхін і Аляксандр Парангоўскі. Фарба, інвентар і іншыя неабходныя для касметычнага рамонту школы матэрыялы вы­дзеленыя аддзелам адукацыі райвыканкама.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.