Шахматны калейдаскоп

Спорт

 

Чарговы міжнародны шахматны турнір, ужо шосты па ліку, прайшоў у Браславе 6 і 7 чэрвеня. У ім прынялі ўдзел 36 шахматыстаў з Полацка, Наваполацка, Віцебска, Магілёва, Пастаў, Рыгі, Глыбокага, Докшыц, Даўгаўпілса, Ушач. Нязменна ў такіх спаборніцтвах удзельнічае міжнародны гросмайстар Віталь Цецераў з Полацка і, вядома ж, перамагае. На гэты раз шахматны мэтр даволі лёгка выйграў усе партыі і толькі ў адной згуляў уні­чыю. А ўвогуле першыя пяць месцаў занялі прызнаныя майстры спорту з Полацка і Наваполацка.

Нашым шахматыстам з такімі сапернікамі спаборнічаць на роўных было няпроста. Але і здавацца без бою ніхто не збіраўся. Упершыню на такім турніры выступаў галоўны дзяржаўны інспектар Глыбоцкай міжраённай інспекцыі працы У. Пляшак. Уладзімір Генрыкавіч злавіў сапраўдны кураж і ў апошніх турах прымусіў капітуляваць больш вопытных шахматыстаў. У выніку падзяліў 9-14 месцы, што, несумненна, з’яўляецца вялікай удачай.

Не разгубілася ў кампаніі дарослых вучаніца 9 класа СШ №1 Яна Галатылец, якая набрала палову ад запланаваных ачкоў, а сярод жанчын увогуле была другой, прапусціўшы наперад толькі вопытную С. Дамброўскую з Даўгаўпілса.

У камандным заліку дружына з Пастаў (У. Пляшак, А. Сямёнаў, Я. Галатылец) заняла чацвёртае месца.

* * *

Камерцыйны турнір па хуткіх шахматах “Паставы-2015” праводзілі ўпершыню. Нагадаю, што ў хуткіх шахматах дзейнічае фактар “імгненнай смерці”, дзе за немажлівы ход адразу залічваецца паражэнне. У такіх гульнях на выжыванне кожнаму ўдзельніку на партыю адводзіцца па пяць хвілін. У цэлым жа за няпоўныя тры гадзіны трэба было згуляць 11 партый.

Даволі нечакана перамог Дзмітрый Дубовік (Вышэйшы каледж сувязі), які роўна згуляў на працягу ўсяго турніру. Чаго не скажаш пра інжынера райгазу Аляксандра Таразевіча, які стартаваў з даволі крыўдных паражэнняў. Але сабраўся і пасля экватара спаборніцтваў нікому не прайграў. У выніку паказаў другі вынік. У якасці ўзнагароды абодва хлопцы атрымалі рыбацкія вуды. Сенсацыйна трэцяе месца заняла наша юная “зорачка” Яна Галатылец (СШ №1) і была адзначана шыкоўным насценным га­дзіннікам.

* * *

Вызначылі свайго пераможцу і ветэраны, чый узрост 60 і больш гадоў. Яўным фаварытам лічыўся 67-гадовы Віктар Шастакоў (ФК “Атлант”), які ўпэўнена і з вялікім запасам перамог. Толькі адну партыю згуляў унічыю з Вайцехам Сямашкам з Ляхаўшчыны. На другім месцы былы інжынер лясгаса Уладзімір Пушкін, які сёлета адзначыў сваё 78-годдзе. Тройку прызёраў замкнуў Авенір Чырванец і тым самым зрабіў сабе падарунак да 65-годдзя.

* * *

Па стане на 10 чэрвеня абноўлены шахматны каэфіцыент (класічны варыянт) мацнейшых шахматыстаў раёна. У першую дзясятку ўвайшлі: А. Сямёнаў — 1901, А. Паўлаў — 1839, У. Пляшак — 1779, С. Дзяшук — 1761, І. Мурзо — 1720, В. Шастакоў — 1683, А. Таразевіч —1647, Ю. Катовіч — 1621, А. Чырванец — 1616, В. Гінько — 1615.

Ю. КАТОВІЧ,

няштатны карэспандэнт.   



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.