Адбыўся ўрачысты сход, прысвечаны Дню кааперацыі (+фота)


Адной з найбольш буйных грамадска-гаспадарчых структур Пастаўшчны з’яўляецца раённае спажывецкае таварыства. На сённяшні дзень яно аб’ядноўвае 12,8 тысячы пайшчыкаў, 940 штатных работнікаў, у тым ліку 110 кіраўнікоў і спецыялістаў,  690 прадаўцоў, повараў, кандытараў, пекараў, вадзіцеляў, нарыхтоўшчыкаў і іншых работнікаў масавых прафесій. Лепшыя з лепшых былі ўшанаваны на ўрачыстым сходзе, прысвечаным  Дню кааперацыі.

Праўленне і ўвесь калектыў райспажыўтаварыства з прафесійным святам павіншаваў  старшыня праўлення Беларускага кааператыўнага саюза В. М. Іваноў, які накіраваў у іх адрас тэлеграму. Прысутныя апладысментамі сустрэлі паведамленне пра тое, што па выніках гаспадарча-фінансавай дзейнасці за 2014 год ганаровае званне “Чалавек года” ў намінацыі “Лепшы транспартнік” прысуджана начальніку транспартнага аддзела Пастаўскага райспажыўтаварыства Віктару Васільевічу Кірылаву, а галоўны бухгалтар філіяла “Каапгандаль №2” Жанна Мікалаеўна Раманоўская ўзнагароджана Ганаровай граматай Белкаапсаюза.

Працяглай атрымалася цырымонія ўзнагароджвання Ганаровымі граматамі і Падзякамі старшыні раённага выканаўчага камітэта і праўлення раённага спажывецкага таварыства. Іх уручылі намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Рыгоравіч Коваль і старшыня праўлення райспажыўтаварыства Рыгор Арсенцьевіч Леўкавец. 9 чалавек атрымалі дыпломы “Лепшы па прафесіі”. Былі адзначаны ветэраны працы.

Удзельнікі сходу горача віталі намесніка дырэктара філіяла “Каапгандаль №2” К. М. Красоўскую, якой быў уручаны нагрудны знак “30 гадоў дзейнасці ў спажывецкай кааперацыі Беларусі”. Увесь гэты час Крысціна Мечыславаўна  працуе ў грамадскім харчаванні, адказвае за арганізацыю работы ў адной з самых складаных галін сістэмы. Наколькі паспяхова —  сведчаць дасягненні кандытараў, повараў, афіцыянтаў, якія на працягу многіх гадоў прыносяць славу райспажыўтаварыству, выходзяць пераможцамі і прызёрамі абласных і рэспубліканскіх конкурсаў прафесійнага майстэрства, упэўнена заяўляюць пра сябе на міжнародным узроўні.

Нагадаўшы пра асноўныя дасягненні і ўзнагароды райспажыўтаварыства, Р. А. Леўкавец у ліку першых назваў прозвішчы майстроў-кандытараў  Святланы Леанідаўны Карандашовай, Алены Данатаўны Пузан, майстроў-повараў Галіны Анатольеўны Зямчонак, Наталлі Браніславаўны Шухлевай, афіцыянткі Таццяны Уладзі­мі­раўны Дулінец. Кіраўнік кааператараў Пастаўшчыны падкрэсліў, што аснову, касцяк  калектыву складаюць добрасумленныя работнікі, якія маюць вопыт, веды, імкнуцца паляпшаць гандлёвае абслугоў­ванне насельніцтва, выконваць даведзеныя заданні.

Наша раённае спажывецкае таварыства мае разгалінаваную сетку прадпрыемстваў гандлю, грамадскага харчавання, нарыхтовак і прамысловасці, уласнае будаўніцтва і транспартную арганізацыю, лепшы ў сістэме спажыўкааперацыі краіны нарыхтоўча-перапрацоўчы комплекс. Гэта вялікая гаспадарка дынамічна развіваецца і сёлета. У спажывецкім таварыстве знайшлі магчымасці для таго, каб перайсці на трохразовае на працягу тыдня абслугоўванне аддаленых населеных пунктаў аўтамагазінамі. Сёння іх налічваецца 10. Неўзабаве будзе куплены яшчэ адзін. Р. А. Леўкавец расказаў пра іншыя напрамкі работы, пажадаў работнікам спажывецкай кааперацыі, ветэранам і пайшчыкам усяго самага лепшага ў працы і жыцці.

Ушаноўванне кааператараў на сцэне раённага Дома культуры суправа­джалася выступленнямі ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці, якія працуюць у райспажыўтаварыстве. І тут таксама ёсць шмат талентаў.

Тэкст і фота Пятра КУРЫЛОВІЧА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.