Адкрылі сваю “Акадэмію”

Культура Образование

Пераможца гульні — атрад «Дынаміт» — побач са сваім «катэджам».

Нягледзячы на тое, што на дварэ ўжо ліпень і ў школьнікаў у разгары канікулы, а ў педагогаў — сезон водпускаў, раённы цэнтр дзяцей і моладзі па-ранейшаму працягвае сваю работу.

— Праўда, зараз мы працуем не з пастаянным, а з пераменным складам дзяцей, — заўважыла дырэктар установы Леакадзія Міхайлаўна Пушкар. — Гэта значыць, што дзіця можа напісаць заяву ў аб’яднанне па інтарэсах на адзін або два месяцы. Акрамя таго, на летні перыяд з улікам інтарэсаў школьнікаў у нас крыху скарэкціраваны навучальныя праграмы, больш гадзін адведзена тым відам дзейнасці, якія ім асабліва цікавыя. Але хоць колькасць саміх аб’яднанняў і зменшылася, паколькі мы згрупіравалі іх блокамі, ахоплены ўсе напрамкі.

У чэрвені ў РЦДМ займаліся каля 400 хлопчыкаў і дзяўчынак. Прычым сюды прыходзяць школьнікі не толькі з Пастаў, але і з іншых гарадоў — Маладзечна, Мінска, Полацка, якія прыяз­джаюць да бабуль на канікулы. Таксама з 1 па 24 чэрвеня на базе цэнтра, як і ў мінулыя гады, працаваў дзённы лагер для творча адораных дзяцей “Акадэмія зорак”. Яго рэгулярна наведвалі 25 пастаўчан ва ўзросце ад 7 да 14 гадоў. Яны не толькі аздараўляліся, але і замацоўвалі і пашыралі тыя веды, якія атрымалі ў аб’яднаннях па інтарэсах на працягу навучальнага года. З гэтай мэтай праводзілася шмат майстар-класаў, творчых сустрэч па розных напрамках дзейнасці.

— Кожны дзень у лагеры быў распісаны літаральна па хвілінах, — расказвала начальнік “Акадэміі зорак” Алена Яўгеньеўна Голуб. — Пасля абавязковай ранішняй зарадкі і сняданку — а харчаваліся дзеці ў СШ №2 — разам з выхавальнікамі Інай Аляксандраўнай Багушэвіч і Юліяй Міхайлаўнай Петуховай яны ішлі на сеанс у кінатэатр або на экскурсію. За час лагернай змены пабывалі ў раённых аддзелах унутраных спраў і па надзвычайных сітуацыях, на выратавальнай станцыі, хлебазаводзе, заводзе “Беліт”, у дзіцячай бібліятэцы. Затым разыхо­дзіліся па аб’яднаннях у залежнасці ад сваіх інтарэсаў, а пасля абеду зноў збіраліся разам на нейкае мерапрыемства або спартыўнае спаборніцтва.

А яшчэ “акадэмікі”, падзеленыя на тры атрады, “будавалі” свае катэджы сяброўства. Ідэя гэтай гульні, якая вельмі спадабалася школьнікам, належыць педагогу-арганізатару Крысціне Аляксандраўне Рубель. Сутнасць яе ў тым, што за кожны добры ўчынак, творчую работу, перамогу ў спартыўным спаборніцтве дзеці атрымлівалі зорачкі — свое­асаблівыя ўмоўныя грошы — і за іх “куплялі” ўсё для катэджа — пачынаючы ад фундамента і заканчваючы ўнутранай абстаноўкай. “Бачылі б Вы, як яны выхоплівалі з рук выхавальніка анучу, каб выцерці пыл, стараліся паднесці сумку, адчыніць дзверы”, — смяецца Алена Яўгеньеўна. А ў апошні дзень работы лагера, на свяце яго закрыцця, усе атрады “будаўнікоў” былі ўзнагароджаны граматамі ў адпаведнасці з занятымі месцамі. Многія дзеці атрымалі дыпломы і Падзякі за актыўны ўдзел у жыцці змены.

Ужо на днях у мікрараёнах 5 і 6 гарадкоў, вуліцы Юбілейнай, раёнах гімназіі і цэнтра дзяцей і моладзі пачнуць працаваць гульнёвыя пляцоўкі для школьнікаў, арганізаваныя работнікамі ўстановы. А ў жніўні ў Паставах плануецца работа рознаўзроставых атрадаў. Іх аснову складуць актывісты, якія навучаюцца ў цэнтры і ўмеюць з’яднаць і заняць дзяцей у дварах.

Алена ШАПАВАЛАВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.