Адпачываюць, трэніруюцца, спаборнічаюць

Культура

14 ліпеня на базе ФАКа пачаў працаваць спартыўна-аздараўленчы лагер дзённага знаходжання «Алімпіец». Сёлета ён аб’яднаў 50 хлопчыкаў і дзяўчынак з нашага горада. Сумесна адпачываць, весела бавіць час, трэніравацца і прымаць удзел у розных спаборніцтвах яны будуць на працягу васямнаццаці летніх дзён.

Лагер дзейнічае пры дзяржаўным аб’яднанні «Фізічная, культура, спорт і турызм Пастаўскага раёна». Адпачынак у ім бясплатны — усе сродкі на летняе аздараўленне дзяцей вы­дзелены абласным упраўленнем спорту і турызму. Большасць школьнікаў, якія адпачываюць у лагеры, займаюцца ў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе, ёсць сярод адпачываючых і тыя, хто плануе стаць яе выхаванцамі з новага навучальнага года. Дзеці ў залежнасці ад фізічнай падрыхтоўкі і ўзросту падзелены на два атрады. Першы ўзмоцнена займаецца валейболам (у яго ўваходзяць найбольш спартыўна падрыхтаваныя падлеткі), у другім, акрамя валейбола, надаецца ўвага футболу, лёгкай атлетыцы, агульнафізічнай падрыхтоўцы. Зыходзячы са спецыфікі лагера, акцэнт зроблены на спартыўную падрыхтоўку і развіццё фізічных якасцей адпачываючых. Штодня ў юных спарт­сменаў па дзве трэніроўкі. Першая — тэхнічная (адпрацоўваюцца групавыя і індывідуальныя прыёмы гульні). Другая — гульнявая, на ёй замацоўваюцца і адшліфоўваюцца вывучаныя прыёмы. Звычайна яна праходзіць на свежым паветры.

— Лагер працуе з дзевяці рані­цы да чатырох гадзін дня. Аргані­завана трохразовае харчаванне. Як і ў мінулыя гады, дзеці снедаюць, абедаюць і палуднуюць у кафэ «Лагуна». У ролі выхавальнікаў — трэнеры нашай спарт­школы. На канец змены запланаваны турнір па пляжным валейболе. Акрамя гэтага, плануем запрасіць спартыўныя школы суседніх раёнаў для ўдзелу ў спаборніцтвах па валейболе, — расказаў начальнік лагера Павел Аляксандравіч Вавінскі.

«Алімпійцаў» чакаюць таксама экскурсіі на хлебазавод, малочны завод, у Дом рамёстваў, музей, іншыя арганізацыі і прадпрыемствы горада, паходы ў кінатэатр. Завершыцца першая змена ў «Алімпійцы» 31 ліпеня. Другі заезд — 10 жніўня.

Сёлета ўпершыню за апошнія гады ў пастаўскіх спартсменаў не будзе магчымасці адпачыць у спартыўна-аздараўленчым лагеры кругласутачнага знаходжання, які раней базіраваўся ў Варапаеве, а ў апошні час — у будынку гімназіі. Прычына празаічная: па выніках папярэдняга апытання высветлілася, што фінансавае становішча большасці бацькоў не дазваляе аплаціць 18-дзённы адпачынак дзіцяці ў спартыўным лагеры.

Тэкст і фота Веранікі ФІЛАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.