Беларусы пакарылі Урал

Личности Местная власть

“Усе ў шоку ад нашага выступлення, ды і мы, шчыра кажучы, яшчэ не да канца ўсвядомілі свой поспех”. Так пракаменціраваў вынікі V Адкрытага міжнароднага турніру касцоў у пасёлку Арці (Свярдлоўская вобласць, Расія) кіраўнік беларускай дэлегацыі Пётр Паўлавіч Кароль. Сёлета нашы землякі адправіліся туды ўпершыню і ва ўмовах наймацнейшай канкурэнцыі выйгралі два першыя месцы з трох магчымых, апярэдзіўшы каля 80 удзельнікаў з дзевяці рэ­гіёнаў Расіі, а таксама з Аўстрыі і Арменіі.

Гонар нашай краіны на прадстаўнічым турніры абаранялі пастаўчанін Валерый Каліцкі і палачанка Наталля Сабчук. Сёлета яны паказалі высокія вынікі на чэм­піянаце па касьбе ў Жылінскіх, а таксама сталі пераможцамі спаборніцтваў па хуткаснай касьбе, арганізаваных падчас свята вёскі (раённая газета асвятляла гэтыя па­дзеі). За дзве з паловай тысячы кіламетраў з касцамі на машыне адправіліся ініцыятар і арганізатар паездкі, захавальнік вясковых традыцый Пётр Паўлавіч Кароль і выкладчык Варапаеўскай школы мастацтваў Аксана Міхалевіч, якая адказвала за немалаважную на турніры мастацкую сама­дзейнасць.

Каб трапіць на месца назначэння, камандзе спатрэбілася двое з паловай сутак. Па прыездзе ў нашых удзельнікаў было крыху часу, каб пазнаёміцца з пасёлкам Арці. Ён невыпадкова стаў “сталіцай” правядзення міжнародных спаборніцтваў. Тут на працягу ўжо двухсот гадоў дзейнічае адзіны ва ўсёй Ра­сійскай Федэрацыі завод па вытворчасці кос, прадукцыя якога экспартуецца ў многія краіны свету. Для беларусаў была арганізавана экскурсія па гэтым унікальным аб’екце і музеі пры ім. Прыемна здзівілі камфортныя ўмовы пражывання — аднавіць сілы пасля цяжкай дарогі было неабходна.

Непасрэдна спаборніцтвы адбыліся ў суботу, 18 ліпеня. Адначасова на пляцоўцы ладзіліся кірмаш, майстар-класы па касьбе і падрыхтоўцы касы, тэатралізаваная праграма, у аснову якой былі пакладзены традыцыі і абрады сенакосу. Гэта спрыяла вялікай колькасці гледачоў — іх сабралася больш за тры тысячы. Падтрымаць касцоў таксама прыехаў шэраг чыноўнікаў Свярдлоўскай вобласці.

На дыстанцыю ўсе ўдзельнікі выйшлі ў нацыянальных касцюмах, і гэта дадало мерапрыемству яшчэ больш каларыту і відовішчнасці. Мужчын чакала “стометроўка” шырынёй 1,8 метра. Ацэньваліся не толькі час, але і якасць касьбы. Асобныя балы налічваліся за мастацкае афармленне. Народныя песні пад баян у выкананні Аксаны Міхалевіч высока ацанілі і гледачы, і суддзі. Яшчэ больш усіх уразіла выдатная фізічная падрыхтоўка нашага касца Валерыя Каліцкага, які нечакана для ўсіх заняў першае месца. У выніковым пратаколе яго час з улікам прызавых і штрафных секунд склаў 7,5 хвіліны. Бліжэйшы сапернік адстаў ад пастаўчаніна больш чым на паўхвіліны.

— Шчыра кажучы, пра перамогу нават не марыў, — падзя­ліўся пасля прыезду дадому Валерый Каліцкі. — Летась пераможцы паказалі недасягальны для мяне вынік у 4 хвіліны. Але, як аказалася, умовы тады былі непараўнальна лепшыя — траву касілі рэдкую і нізкую. Сёлета ж увесь чэрвень ліў дождж, і на асобных участках трава вырасла па пояс. Справіўся найперш дзякуючы папярэднім трэніроўкам. І не толькі ў касьбе. Шмат бегаў, выконваў фізічныя практыкаванні. Безумоўна, калі пачуў сваё імя на цырымоніі ўзнагароджвання, эмоцыі перапаўнялі. Найперш — гонар за каманду, за краіну. Турнір запомніўся і вельмі высокім узроўнем арганізацыі.

Асабліва цікава гледачам было назіраць за жанчынамі — адны нацыянальныя ўборы чаго вартыя! Прадстаўніцам слабага полу трэба было пракасіць паласу даўжынёй 50 і шырынёй паўтара метра. Вынік палачанкі Наталлі Сабчук склаў 3 хвіліны 34 секунды — і гэта таксама “золата”. Усяго на дыстанцыю выйшлі 24 прадстаўніцы.

У якасці падарункаў пераможцы атрымалі творчыя кампазіцыі і планшэты.

Да нашай каманды быў вельмі вялікі інтарэс, — пракаменціраваў выступленне П. П. Кароль. — Мы чакалі, што гаспадары будуць добразычлівымі, гасціннымі. Але каб настолькі! З трыбун пастаянна даносілася “Беларусь, давай!”, “Беларусь, наперад!”. Расіяне называлі нас братамі, шчыра падтрымлівалі і дапамагалі. Гэта даражэй за любыя падарункі. Шчаслі­вы, што, нягледзячы на ўсе цяжкасці, мы змаглі выехаць на турнір. У чым сакрэт поспеху? У нас была сапраўдная каманда, якая напярэдадні правяла вялікую, няпростую работу і заслужыла гэты вынік. Вельмі ўдзя­чны ўсяму калектыву холдынгу “Вікінг”, які дапамог у арга­нізацыі паездкі, асабліва Л. А. Дробыш, Н. Л. Пашута, Г. Г. Лузгіной, Я.  Валодзічаву, вадзі­целям А. Варанцову і Р. Іванову. Калі ёсць побач адданыя справе людзі, ёсць пад­трымка, тады і вынік не прымусіць сябе чакаць.

 Іна СНЯЖКОВА.

Фота прадаставіў Пётр КАРОЛЬ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.