Да маленькай вёскі — вялікая ўвага


А ты без нас сумуеш, родны дом?

Каму ўслед глядзяць акенцы-вочы,

Каго вітаеш ты сваім святлом,

У цемру ўглядаючыся ноччу?

Без нас ты слухаеш і спевы жаўрукоў,

І цішыню ў чыстым сінім небе.

Ды толькі дзе ён, пах ад васількоў,

І той духмяны, смачны водар хлеба?

Гэтыя радкі пастаўскай паэткі Таццяны Куцуха 4 ліпеня прагучалі на свяце вёскі Жылінскія і ўстрывожылі душы многіх прысутных яе ўраджэнцаў, прымусілі вярнуцца ў дзяцінства. У той час, калі тут віравала жыццё, калі ад душы шчыравалі і адпачывалі людзі, былі жывымі бацькі і вечарамі гарэла святло ў вокнах шматлікіх дамоў.

Сёння карэнных жыхароў Жылінскіх можна пералічыць на пальцах адной рукі. Як жа яны былі рады бачыць землякоў, якія раз’ехаліся па розных гарадах Беларусі і замежжа і на адзін вечар зноў вярнуліся на сваю малую радзіму.

Арганізатары мерапрыемства загадзя паклапаціліся, каб яно атрымалася масавым і па-сяброўску ўтульным. А пачалося ўсё з… хуткаснай касьбы. Прызёраў нядаўняга чэмпіянату ў Жы­лінскіх — як мужчын, так і жанчын — чакала стометровая дыстанцыя, якую патрабавалася прайсці за найменшую колькасць хвілін. Такім чынам яны праверылі свае сілы перад першынствамі ў г. Бяроза і пасёлку Арці (Урал), куды накіруюцца ў хуткім часе. Лепшыя вынікі паказалі пастаўчанін Валерый Каліцкі і Таццяна Сабчук (г. Полацк).

З сенажаці госці накіраваліся ў вёску. Тут для іх быў нала­джаны гандаль, устаноўлены сталы з лаўкамі, падрыхтавана вялікая забаўляльная праграма.

— Асаблівыя словы падзякі за магчымасць сустрэцца ў гэтым маляўнічым і самабытным месцы хочацца выказаць ураджэнцу Жылінскіх, індывідуальнаму прадпрымальніку Пятру Паўлавічу Каралю, — гаварыў, вітаючы гасцей, намеснік старшыні райвыканкама Юрый Мікалаевіч Кісялёў. — Зусім нядаўна ён праводзіў тут чарговы чэмпіянат па касьбе, які сабраў амаль тры дзясяткі ўдзельнікаў. Лічу, што ў вёскі ёсць усе шансы стаць свое­асаблівай сталіцай народных традыцый — варта толькі развіваць ініцыятыву і па-ранейшаму ўкладаць у справу ўсю душу. Чаму б тут не стварыць музей касы? Не падумаць, чым яшчэ можна прывабіць турыстаў? І тады Жылінскія будаваліся б, прыгажэлі і яшчэ часцей сустракалі  гасцей.

На свяце вёскі іх была не адна сотня. Толькі сям’я Мурзіч прыйшла ў складзе… амаль трыццаці чалавек. Большасць з іх прыезджыя, у Жылінскіх жыве толькі Андрэй. Разам з жонкай Вольгай, якая ўзнагароджана ордэнам Маці, гадуюць пецярых дзяцей. Маюць жыллё і ў райцэнтры, але па-ранейшаму большасць часу праводзяць у Жылінскіх. “Я вясковы, і гэта на ўсё жыццё,” — прызнаваўся гаспадар, які ўжо амаль дваццаць гадоў працуе лесніком.

Па магчымасці туды наведваюцца родныя сёстры і брат Андрэя.

— Такой вялікай кампаніяй мы сустракаемся рэдка, толькі на асаблівыя святы, — уступіла ў размову сястра Галіна Бурлаева з Пастаў. — Днямі якраз была такая нагода — мой юбілей. З задавальненнем прыйшлі і на свята вёскі. Як прыемна бачыць тут столькі дзяцей! У наша дзяцінства ў Жылінскіх іх таксама было вельмі многа. Разам раслі, хадзілі ў школу, потым на дыскатэкі. А пасля разляцеліся хто куды, атрымалі прафесіі. Я стала ваеннаслужачай (цяпер ужо на пенсіі), брат займае пасаду начальніка інспекцыйнай службы электрасетак у Жлобіне. Ведаю, што выхадцы з вёскі жывуць у Калінінградзе, іншых гарадах. Але ўпэўнена, што кожны, дзе б ні жыў, вяртаецца з самымі светлымі думкамі ў нашы Жылінскія.

На сцэну выходзіць вядучая і адна з галоўных арганізатараў свята — работнік Варапаеўскай музычнай школы Алена Міхалевіч. Напярэдадні яна правяла вялікую падрыхтоўчую работу, у тым ліку і ў архівах, каб сабраць матэрыял пра гісторыю вёскі і яе жыхароў. А яна вядомая з 1870-ых гг., калі належала графу Мастоўскаму. У 1905 годзе тут пражывала 120 жыхароў. Ёсць меркаванне, што назва вёскі звязана з прозвішчам Жылінскі, якое ўтварылася ад паняццяў “жыла”, “жы­лісты”.

Тут заўсёды жылі працавітыя добразычлівыя, спагадлівыя людзі. Сваю з’яднанасць яны ярка праявілі ў час Вялікай Айчыннай вайны, калі змагаліся з ворагам. Немцы вёску спалілі, на шчасце, без жыхароў. З фронту не вярнуліся трое: Мануіл Пратазавіч Дубовік, Іосіф Ягоравіч Сініца (прапалі  без вестак у 1945 і 1944 гадах адпаведна), Тадэвуш Іосіфавіч Танана (загінуў ва Усходняй Прусіі ў 1945 го­дзе, пахаваны ў Калінінградскай вобласці).

Пасля вайны Жылінскія цалкам адбудаваліся. Зноў завіравала жыццё. Людзі працавалі ў асноўным у калгасе “Ударнік”, трымалі вялікія хатнія гаспадаркі. У вёсцы пэўны час дзейнічала пачатковая школа.

Калі Радзіма паклікала сваіх сыноў выканаць воінскі інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане, не застаўся ў баку і юнак з Жылінскіх Пётр Сцяпанавіч Шакола. Ён загінуў у красавіку 1980 года і пасмяротна ўзнагаро­джаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалём “Воіну-інтэрнацыяналісту ад удзячнага афганскага народа”. Пахаваны ў Віцебску.

Карэнных жыхароў Жылінскіх засталося ўсяго некалькі чала-век. Прычым Уладзі-слава Казіміраўна Яцына і Леакадзія Баляславаўна Кароль пераехалі жыць у Дунілавічы. У вёсцы адзі­ная са “сваіх” — Людміла Браніславаўна Несцяронак. Не так даўно сюды на пастаяннае месца жыхарства з Белек пераехала Ганна Міхайлаўна Крывец з дачкой Аленай.

Л. Б. Несцяронак нарадзілася ў 1939 годзе, усё жыццё адпрацавала ў калгасе, спачатку ў паляводстве, потым — лабарантам. Мае 3 дзяцей, 6 унукаў.

Што ёй найбольш успамінаецца з маладосці?

— Найперш — неймаверная колькасць работы, — расказвала Людміла Браніславаўна. — Шмат было цяжкасцей. На тую ж карову накасіць — за кожную пядзю сенажаці з суседзямі “змагаліся”. Гэта цяпер ахвотных займацца ў вёсцы сельскай гаспадаркай паспрабуй знайсці. Прызнаюся, вельмі сумую па тым часе. З якім імпэтам працавала! І цяпер хачу. Але здароўе не дазваляе — інфаркт падкасіў, ды яшчэ шчытападобная залоза выдалена. Але ўсё роўна казу трымаю і дома ўпраўляюся. Пакуль ногі ходзяць, сядзець на месцы не збіраюся.

Людміла Несцяронак была актыўнай удзельніцай свята. Старшыня Навасёлкаўскага сельскага Савета Канстанцін Эдуардавіч Мядзведзеў прыпаднёс ёй каравай, якім яна на правах гаспадыні падзялілася з усімі прысутнымі. Многіх жанчына ведае з малых гадоў. На свята прыехалі сем’і Радзюш, Яцына, Рагіня, Цыбульскіх і іншыя, лёс якіх цесна звязаны з Жылінскімі.

Усе ў той вечар атрымалі асалоду ад багатай на шчырыя песні музычнай праграмы. Кампазіцыі “Вёсачка мая”, “Я приеду к тебе, моя мама”, “Дзень добры, родныя мясціны” і іншыя выканалі работнікі Навасёлкаўскага цэнтра культуры і Лукашоўскага сельскага клуба (загадчыкі — Дзяніс Круглоў і Людміла Мелец). Актыўны ўдзел у падрыхтоўцы свята таксама прымалі Наталля і Сяргей Чудзінавы, Маргарыта Малей, Святлана Яркоўская, Марына Казаровец, Галіна Лешчык і іншыя.

Парадавалі сваімі выступленнямі ў той вечар і вядомы гурт з Пастаў “25 плюс-мінус”, а таксама госця з Полацка Юлія Ліннік. Завяршыла свята вёскі тэатралізаваная праграма, прымеркаваная да свята Купалля, і салют.

Іна СНЯЖКОВА.

Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.