Для здароўя і адпачынку — усе ўмовы

Культура

Як зрабіць летнія канікулы школьнікаў і цікавымі, і карыснымі, добра ведаюць супрацоўнікі абласнога дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра “Ветразь”. З 1 чэрвеня па 31 жніўня тут за ўласныя і бюджэтныя сродкі адпачне каля 700 чалавек, прычым не толькі з Віцебскай вобласці, але і з іншых рэгіёнаў Беларусі і нават з Расіі.

Дзіцячыя галасы на тэрыторыі цэнтра чутны яшчэ здалёк. Гэта хлопчыкі і дзяўчынкі аднаго з атрадаў вялікай дружнай кампаніяй вяртаюцца са сталовай. Смяюцца, жартуюць і зараджаюць сваім добрым настроем. “А ён іншым амаль і не бывае,” — запэўніла начальнік лагера Ганна Аркадзьеўна Сініца, якая суправаджала рабят.

Яна расказала, што за змену ў “Ветразі” адначасова адпачывае каля 150 дзяцей і падлеткаў ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў. Большасць знаходзіцца тут за сродкі ўпраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама. Дзеці прыязджаюць на Пастаўшчыну не толькі з бліжэйшых раёнаў (Глыбоцкага, Шаркаўшчынскага, Докшыцкага, Браслаўскага), але і з аддаленых. Школьнікі — а часта і іх бацькі — аднаўляюць сілы за ўласныя сродкі. Пуцёўка на 18 дзён каштуе тры мільёны трыста тысяч рублёў (працэдуры аплачваюцца дадаткова). Ахвотныя набыць іх знахо­дзяцца ў самых розных рэгіёнах Беларусі, а таксама ў Расіі. Напрыклад, летась тут умацавалі сваё здароўе некалькі груп спарт­сменаў з Масквы.

Гэты факт — ці не лепшае пацвярджэнне высокай якасці паслуг у аздараўленчым цэнтры. З года ў год яны становяцца ўсё больш разнастайнымі. За дзесяць гадоў існавання “Ветразь” істотна “прыбавіў” у плане медыцынскага абсталявання і камфорту пражывання. Нязменным застаецца адно — вялікае жаданне калектыву зрабіць адпачынак дзяцей максімальна насычаным, разнастайным і ў першую чаргу — карысным.

— У выхаваўчым працэсе кані­кул быць не павінна, — пераканана Ганна Аркадзьеўна Сініца. — І я, і іншыя выхавальнікі прыкладваем шмат намаганняў, каб дзеці бесперапынна рознабакова развіваліся, каб хоць на пару тыдняў забыліся пра тэлефоны-камп’ютары і віртуальны свет інтэрнэту, а адчулі радасць жывых зносін. Мерапрыемствы, якія мы ладзім, накіраваны на маральнае, экалагічнае, патрыятычнае, сямейнае выхаванне. Разам з культарганізатарамі цэнтра праводзім самыя разнастайныя масавыя забаўляльныя і спартыўныя праграмы, віктарыны, тэматычныя дыскатэкі, акцыі па добраўпарадкаванні тэрыторыі. Працуюць творчыя майстэрні. Пастаянна арганізуем сустрэчы з супрацоўнікамі раённых аддзелаў унутраных спраў і па надзвычайных сітуацыях, прагляд дакументальных фільмаў. Шмат эмоцый дораць экскурсіі ў Мосар, Гервяты, Паставы і іншыя мясціны, цырк, планетарый. Дадаць правільнае пяці- і шасціразовае харчаванне… Таму і не дзіўна, што многія хочуць сюды вярнуцца і ў наступным годзе.

Сёлета адпачынак у цэнтры стаў яшчэ больш камфортным — напярэдадні летніх канікул на касметычны рамонт жылога корпуса затрачана каля 100 мільёнаў рублёў, выдаткаваных упраўленнем аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама. За кошт уласных сродкаў набыта новая мэбля — 40 ложкаў, тумбачкі, сталы. Падрамантавалі сядзенні ў актавай зале. Для сталовай закуплена пасудамыечная машына.

У “Ветразь” дзеці прыязджаюць і каб умацаваць здароўе. Найбольшай папулярнасцю сярод медыцынскіх працэдур (а іх спіс тут вельмі доўгі) карыстаюцца жамчужныя ванны, гідрамасаж, традыцыйны масаж. Заўсёды шмат ахвотных апрабаваць СПА-капсулу. Яна стварае штучны мікра­клімат, па сваіх якасцях блізкі да падземных саляных спелеалячэбніц, і з’яўляецца выдатным сродкам прафілактыкі захворванняў органаў дыхання.

— Для адпачынку і аздараўлення дзяцей у нашым цэнтры створаны ўсе ўмовы, — гаварыў галоўны ўрач АДРАЦ “Ветразь” Уладзімір Мікалаевіч Нікіфараў. — У гэтым вялікая заслуга ўсяго калектыву. Творчымі, ініцыятыўнымі зарэкамендавалі сябе выхавальнікі Г. А. Сініца, Т. У. Дзеравянка, М. У. Перагонцава, Я. М. Скрыплёнак і іншыя, сапраўдныя прафесіяналы і нашы медыкі, повары… Вялікую ўвагу заўсёды надаём добраўпарадкаванню тэрыторыі, нават ладзім спаборніцтвы паміж аддзяленнямі на самую чыстую і творча ўпрыгожаную пляцоўку. Як вынік — нам не сорамна прымаць гасцей. Летам іх асабліва шмат. У жніўні чакаем групу расіян, а таксама некалькі дзясяткаў падлеткаў-валейбалістаў і танцораў з Мінска. Але падкрэслю, што месцы для адпачынку ў цэнтры яшчэ ёсць. Мы гатовы прыняць дзяцей і дарослых у любы дзень, не па графіку заездаў лагерных змен, і зрабіць усё для вашага здаровага і карыснага баўлення часу.

Іна СНЯЖКОВА. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.