Двое з вострава кахання


Алік Цімафеевіч, Марыя Уладзіміраўна, унучка Мілана, зяць Вэндэл.

Што пра нас пісаць?! Мы ж пенсіянеры!” — пачалі аднеквацца абое на маю прапанову напісаць у газету артыкул. “Што за ўзрост! — запярэчыла я. — Вам жа толькі 130. На дваіх”. Мы ўсе шчыра рассмяяліся. Алік Цімафеевіч і Марыя Уладзіміраўна Мажэйкі пачалі расказваць.

Ён нарадзіўся ў Васілінах у 1947-ым. Час галодны і халодны. Хатка слабенькая, жылі бедна. Закончыў 7 класаў мясцовай школы, яшчэ год вучыўся ў вячэрняй, затым — у Пастаўскім СПТВ, дзе атрымаў прафесію трактарыста-машыніста шырокага профілю. Працаваў механізатарам у калгасе “Уперад”, прайшоў трохмесячныя курсы вадзіцеляў, і ў 1966 годзе прызвалі ў армію.

— Служыў у пагранвойсках, дык для мяне цяпер 28 мая — дата асаблівая, — расказваў Алік Цімафеевіч. — Часць знаходзілася ў Брэсце, але яна адносілася да Кіеўскай ваеннай акругі. Разоў 5—6 удзельнічаў у ваенным парадзе. А гэта па два месяцы падрыхтоўкі да кожнага. Вось адкуль у мяне веданне опернага і драматычнага тэатраў, філармоніі, футбольных каманд і стадыёна, цырка. На парадзе ішлі каробкамі па 200 чалавек, і наша, звычайна, займала першае месца. Гляджу цяпер па тэлевізары на Крашчацік — слёзы наварочваюцца: трэба ж, так жыццё павярнулася.

Звольніўшыся ў запас, вярнуўся дамоў, хоць на гэты час моладзь пакідала вёску. Крыху папрацаваў у Навадруцкім БМУ меліярацыі. Затым паклікаў на працу колішні старшыня калгаса А. П. Кавальскі, прапанаваў пасаду меха­ніка. З часам малады спецыяліст зразумеў, што ведаў не хапае, і паступіў у Гарадоцкі сельгастэхнікум, вучыўся ў групе рэзерву кадраў. Пасля заканчэння тры гады адпрацаваў намеснікам старшыні калгаса.

— Вось гэты час і стаў лёсавызначальным, — працягвае Алік Цімафеевіч. — У школу прыехалі маладыя настаўніцы. Аднойчы сябра прапанаваў пайсці праінспектаваць, як яны з вучнямі ўбіраюць бульбу. Свой позірк адразу спыніў на Марыне. А канторскія і школьныя “свацці” хацелі пазнаёміць мяне з іншай, ды і Марыне прыгледзелі іншага хлопца, маўляў, кватаруюць па суседстве, дык прасцей будзе перабірацца пасля жаніцьбы. Але ж я быў настойлівы! Не прапускаў ніводнага вечара, хадзіў да дзяўчыны. Маці маўчала, а бацька часта паўтараў, што нічога не атрымаецца. Канторскія пасля таго, як у вёску прыехаў малады вадзіцель, пужалі: “Цімафеевіч, твая лазня гарыць”. А я ў адказ ім смела: “Выбар за дзяўчынай. І думаю, што не згарыць”.

Дэтэктыўную аповесць можна напісаць пра тое, як Алік Цімафеевіч ехаў у сваты да Марыі Уладзіміраўны. Жыла яна ў Барэйках разам з бацькамі, цёткай, дзядулем і бабуляй. І ўся гэта “каманда” чакала гасцей  ўвечары, а яны заявіліся толькі пад раніцу, калі ўсе спалі. Сказана ўмоўна, бо наўрад ці спалася дзяўчыне. Цяпер успамінае — і абое толькі ўсміхаюцца. А тады…

— Дарогу ведаў, бо аднойчы ўжо быў у Марыі ў гасцях, — гаворыць. — Але ж не ўяўляў, што такая бездараж. З галоўным бухгалтарам Іванам Іванавічам Шчасным паехалі на грузавіку, праз Паставы. І толькі да Вайцяхоў. Там паставілі машыну каля майстэрні, а самі падаліся пешшу — з выпрабаваннямі, па гразі, па полі, на ноч гледзячы. Пад раніцу змораныя, перапэцканыя дабраліся. Пастукалі — адчынілі. Вось з тае пары і вядзём адлік свайго шчасця.

Марыя пасля школы паступіла ў Полацкае педагагічнае вучылішча. Размеркавалася ў Полаўскую пачатковую школу. Прыступіла да работы і як настаўніца, і як дырэктар. А тут, аказваецца, не толькі вучобай трэба займацца. На дварэ — верасень, а ячмень не ўбраны, і яблыкі трэба здаваць. Не разгубілася. Дзетак любіла, работу — таксама. Многія пытанні дапамагалі вырашаць бацькі. А потым была Васілінская васьмігодка. Вось тут і сустрэла каханне.

— Мама спачатку пярэчыла, хацела, каб я вучобу ва ўніверсітэце закончыла, — гаворыць. — Але ж і жаніх быў годны: я ацаніла яго з першага дня знаёмства і ніколі не пашкадавала пра гэта. Замуж выходзі­ла ў 23, Аліку было 28. Вяселле зрабілі вялікае, на 150 чалавек. Запрасілі радню, калег па рабоце. Шлюб рэгістравалі ў Барэйках, старшыня Курапольскага сельскага Савета Краніт Фёдаравіч Пушкар уручаў пасведчанне, віншаваў. Для нас гэта было ганарова. Потым паехалі ў Васіліны. Памятаю, як дзяўчынкі хораша высыпалі кветкамі дарожку — на шчасце і радасць, якую браму змайстравалі вяскоўцы! 22 чэрвеня споўнілася 40 гадоў з тае пары. А здаецца — адно імгненне. У нас нярэдка пытаюцца: няўжо ўвесь час дружненька, без скандалаў? Прызнаюся, нам не было калі сварыцца. Усялякае здаралася, але мы ўмелі жыць, бо любілі само жыццё і было з каго браць прыклад — з мужавых і маіх бацькоў.

Марыя Уладзіміраўна расказвала, што ўвесь час шмат працавалі. У Барэйках была гаспадарка, у Васілінах — таксама. У адны выхадныя ехалі да яго, у наступныя — да яе або наадварот. Цэлы тыдзень планавалі, як вырвацца з горада (працавалі абое, дзеці малыя) і якую работу паспець зрабіць. Адно аднаго падтрымлівалі. А галоўнае — кахалі. Каханне было ў кожным учынку.

У прафтэхкаледжы (установа ў свой час называлася і вучылішчам, і ліцэем) абое адпрацавалі па 30 гадоў. Бывала, што ў адной групе: яна — куратарам, ён — майстрам. На пенсію пайшлі разам, але пасля гэтага яшчэ па сем гадоў займаліся педагагічнай работай у іншых установах. Нарэшце сказалі сабе: хопіць.

— Думалі, што ўжо ўсё — чакае канапа, — расказвалі. — А цяпер бачым, што няма калі сядзець. І гэта пры тым, што ў Васілінах хаты няма, ездзім толькі прыбіраць могілкі. У Барэйках таксама толькі абкошваем. Але паездкі туды грэюць — вяртаюць у маладосць, нагадваюць, як мы да радні ездзілі, як сустракаліся з бацькамі, цёткамі, дзядзькамі. Шкада, што не вярнуць таго, што было. Няхай бы прагрэс крочыў, але вёскі заставаліся.

Найбольшая радасць Мажэйкаў — у дзецях. Сын Дзмітрый і нявестка Наталля працуюць у прафтэхкаледжы. Іх залаты чалавечак — Міланка — унучачка і ўцеха для дзядулі і бабулі. Дачка Алёна жыве ў ЗША, яе муж Вэндэл — костарыканец. Штогод прыязджаюць у Паставы.

Дачка Алёна.
Дзмітрый і Наталля Мажэйкі.

Часта аддаюцца ўспамінам пра ранейшую работу. Педагогам-ветэранам прыемна, што былыя выхаванцы іх памятаюць. Заходзяць на старонку ў “Аднакласніках”, пакідаюць паведамленні. Прыгадваюць яе ўрокі літаратуры, а таксама прадмет “Этыка і псіхалогія сямейнага жыцця”. Юнакі і дзяўчаты любілі па ім дыспуты на розныя тэмы. Цяпер дзякуюць настаўніцы за мудрыя парады, расказваюць ёй пра сваё жыццё.

— Вось бачыце, не толькі мая душа да яе хінецца, — заўважае Алік Цімафеевіч.

— А не было рэўнасці? — пытаюся ў адказ.

— Марышку раўнаваць? — глядзіць здзіўлена. — Давяраў і давяраю. Яе хвалілі, узнагароджвалі, і мне заўсёды было радасна за любага чалавека. Мы — адно цэлае.

Якое б мерапрыемства ў горадзе ні праводзілася, Мажэйкі абавязкова разам. А на літаратурныя сустрэчы і ўнучку з сабой бяруць, каб да беларускай мовы прывыкала. Шмат чытаюць — і са сваёй бібліятэкі, і ў раённую хо­дзяць. Нярэдка гартаюць сямейныя альбомы. Іншы раз Марыя Уладзіміраўна дастане свае архівы, і перагледзяць яе курсавую работу “Ткацкая лексіка, звязаная з вырошчваннем і апрацоўкай ільну, у гаворцы вёскі Барэйкі Пастаўскага раёна”. Асвоілі камп’ютар, і цяпер па скайпе падтрымліваюць сувязь з дачкой і зяцем, сябрамі, знаёмымі і сваякамі з Ізраіля, Літвы, Расіі, Эстоніі. Ёсць магчымасць заняцца справай і на свежым паветры — маюць маленькі агародзік.

Адным словам, сумнае жыццё на пенсіі — гэта не пра іх. Пастаянна ў руху, ніколі не сядзяць склаўшы рукі. Казалі: прыслухоўваемся да парад дачкі: у амерыканцаў жа жыццё на пенсіі толькі пачынаецца.

А мне падумалася: у маіх суразмоўцаў яно заўсёды было прыгожым і насычаным. Бачна па саміх, па іх учынках  і думках. Дарэчы, пра думкі. Калі Марыя Уладзіміраўна знаходзілася на сесіі або ў бальніцы ці санаторыі, якія пісьмы-прызнанні адпраўляў ёй муж! Ведаў, што любіць паэзію Максіма Танка, дык для эпіграфа да пісьма браў яго вершы.

У пакоях утульна, і гэта дагледжанасць адчуваецца яшчэ на лесвічнай пляцоўцы, дзе Мажэйкі гаспадараць разам з сусе­дзямі. Я сказала, што пляцоўка міні-пакой нагадвае. А Марыя Уладзіміраўна ўсклік­нула: “Мы сапраўды яшчэ ў адным пакоі не былі!” І павяла мяне на балкон.

Пяты паверх. Вуглавая кватэра. Высока. Неба, здаецца, побач, за вершалінамі бяроз, якія Мажэйкі разам з іншымі суседзямі садзілі тут 30 гадоў таму, добра­ўпарадкоўваючы тэрыторыю ля новага, пятага, дома па вуліцы Юбілейнай. Некалькі хвілін — і ўся гэта маленькая планета трохпакаёвай кватэры здаецца мне ўтульным востравам кахання для дваіх…

Галіна ПІШЧ.

Фота з сямейнага архіва Мажэйкаў.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте как обрабатываются ваши данные комментариев.